Галоўная > Навіны > Наваселле ў музея

Наваселле ў музея


18-05-2012, 15:32. размясціў: gazeta

За 15 год існавання музей горада Дзісна ўжо некалькі разоў мяняў месца жыхарства. Чарговы пераезд адбыўся мінулым летам з будынка былой васьмігодкі ў пакоі побач з Домам рамёстваў і філіялам Цэнтра дзяцей і моладзі. На новым месцы музей размяшчаецца ў пяці памяшканнях на другім паверсе. З 9 мая яго дзверы расчынены для наведвальнікаў. У ліку першых гасцей экскурсійныя групы з Гродна і Жодзіна. Ды і мясцовым жыхарам цікава будзе завітаць на наваселле.

 

Змяніўся інтэр’ер музея, з’явіліся новыя экспазіцыі. “Асноўныя нашы экспанаты — гэта фотаздымкі, прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры, — расказвае стваральніца музея Ала Пятроўна Майсяёнак. — Таксама прадстаўлены матэрыялы народных умельцаў, жывапісныя работы сучасных мясцовых аўтараў”.

 

Аднаўленне музея, як і яго стварэнне і існаванне, — справа энтузіястаў. Напрыклад, падчас пераезду была праблема з транспартам, і экспанаты Ала Пятроўна перавозіла сама на калясцы. З афармленнем экспазіцый дапамагалі супрацоўнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама работнік культуры У. У. Майсяёнак і настаўнік працы Туркоўскай СШ В. Г. Баўтот. Значную падтрымку аказалі мясцовая ўлада і прыватныя прадпрыемствы. Так, вырабам кніжных паліц займаўся “Барай-камень”, піламатэрыялы прадаставіў Э. К. Цярэшка, а дырэктар ААТ “Міёрскі льнозавод” М. М. Клімянкоў — ільняную тканіну. Адчувальная фінансавая дапамога ўраджэнца Дзісны калекцыянера М. Г. Панкрата, які жыве ў Полацку.

 

Таксама ўдзячна Ала Пятроўна метадысту філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі В. А. Смаршчок, з якой некалі разам збіралі экспанаты ў горадзе і суседніх вёсках. “Я не ведаю, як бы ішлі справы з аднаўленнем музея, калі б не Вольга Аляксандраўна, — гаворыць жанчына. — Многае яна для гэтага зрабіла. Тым больш што ўвесь час тут”. Сама Ала Пятроўна працуе дэфектолагам ў Дзісенскай школе і не можа бываць у музеі так часта, як хацелася б. Але ідэй і планаў у жанчыны многа, і яна будзе імкнуцца ўвасобіць іх у жыццё, нягледзячы на абставіны.

Дарэчы, папоўніць калекцыю музея можа кожны, у каго ў скрынях ці на гарышчы сярод непатрэбных рэчаў аказаліся закінутымі цікавыя прадметы даўніны.   

 

Кацярына СУРАВЕЦ.


Вярнуцца назад