Галоўная > Навіны > З карысцю

З карысцю


31-03-2012, 15:53. размясціў: gazeta

У нашых населеных пунктах усё яшчэ нямала пустуючага жылля, будынкаў былых вытворчых і сацыяльна-бытавых аб’ектаў. Не выпадкова на пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 23 сакавіка, якое праходзіла з удзелам старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова, было вынесена пытанне “Аб стане работы па ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці і эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці раёна”.

У аддзела культуры пустуюць будынкі бібліятэк у Дзісне і Папшулях. Вельмі шмат невыкарыстоўваемых маленькіх магазінаў мае раённае спажывецкае таварыства—у Маляўках, Акунёве, Манякове, Сарочыне, Мікалаёве, Басянках... Засталіся незапатрабаванымі памяшканні школ у Волкаўшчыне, Фурсянах, Каменполлі, Наўгародах. Нямала невыкарыстоўваемых аб’ектаў маюць УП “Міёрскі”, ААТ “Узмёнскі край”, “Гвардзейскі”, “Мікалаёўскі”, “Дрыгучы” і іншыя. Пра лёс кожнага і ішла папярэдняя гаворка. Некаторыя з іх прыстасоўваюць для вытворчых патрэб, іншыя—для жылля, многія магчыма прадаць прадпрымальнікам ці насельніцтву. Але ёсць і такія, якія спісаць немагчыма, на вытворчыя патрэбы яны не падыходзяць, а разабраць на будаўнічыя матэрыялы вельмі дорага. І тым не менш, усім уласнікам пастаўлена задача ў самыя кароткія тэрміны правесці інвентарызацыю будынкаў, вызначыць лёс кожнай пабудовы, разабрацца з наяўнасцю дакументацыі на зямлю і непасрэдна на аб’екты, прызначыць адказных работнікаў за ўсю справу.

У прадпрымальнікаў і вытворцаў з’яўляецца магчымасць на льготных умовах набыць патрэбныя ім будынкі. Насельніцтва мае магчымасць купіць памяшканні для жылля, на дачы і для іншых патрэб. Не выключана, што асобныя старыя драўляныя памяшканні будуць разабраны на будаўнічыя матэрыялы ці на паліва. Асаблівыя адносіны да колішніх жывёлагадоўчых памяшканняў, бо яны могуць быць рэканструяваны.

Пастаўлена задача закончыць усю гэту работу да канца лістапада. Кантраляваць яе ход будуць галоўныя спецыялісты раённага Савета Г. І. Нікалаёнак і райвыканкама—Ж. І. Пухальская.

Л. МАТЭЛЕНАК.

 

 

 

 

 


Вярнуцца назад