Галоўная > Навіны > І ў школе, і дома. Як ідзе навучальны працэс пасля канікул на Міёршчыне

І ў школе, і дома. Як ідзе навучальны працэс пасля канікул на Міёршчыне


21-04-2020, 08:36. размясціў: gazeta

 Пасля працяглых канікул 20 красавіка школьнікі селі за парты. Па інфармацыі начальніка аддзела па адукацыі Аляксандра ЖУКА, з 1 898 вучняў прыступілі да вучобы 1 057 (55 %). 767 дзяцей знаходзяцца дома, яшчэ 74 – хварэюць.

Накіроўваць дзіця ў школу пасля канікул ці не? Гэтае пытанне апошнія два тыдні актыўна абмяркоўвалі бацькі. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», прымалі рашэнне. У абодвух варыянтаў дастаткова прыхільнікаў.


– Мы не можам параіць, як паступіць. Прадоўжыць вучобу ці пакінуць дзіця дома – гэта асабістае рашэнне кожнай асобна ўзятай сям’і, – падкрэсліў начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Жук. – Аднак заўважу, што Міністэрства адукацыі выдала загады і рэкамендацыі па прафілактыцы захворванняў. Па-першае, абмежаваны наведванні вучэбных устаноў, нават бацькамі. Адменены ўсе масавыя мерапрыемствы. Вучні кожнага класа займаюцца толькі ў сваім кабінеце. Увялі масачны рэжым для работнікаў харчаблока, тэхнічных і выхавацеляў. Ля ўвахода ў школы размясцілі антысептычныя сродкі, якімі неабходна апрацоўваць рукі.

Антыбактэрыяльным мылам і антысептыкамі забяспечаны прыбіральні. Класныя кіраўнікі сочаць за станам вучняў. Калі ў кагосьці выяўляюць прыкметы рэспіраторнага захворвання, накіроўваюць дадому і настойліва рэкамендуюць бацькам паказаць дзіця ўрачу. Па-ранейшаму малых у школу падвозіць аўтобус. Пасля кожнай паездкі яго дэзынфіцыруюць.


Многіх бацькоў непакоіць, што рабіць з вучэбнай праграмай для дзяцей, якія засталіся дома. Наша агульная мэта – давесці заданні да кожнага вучня. Даведацца іх можна праз электронны дзённік. Настаўнікі пракантралююць выкананне хатніх заданняў у Вайберы і па электроннай пошце. Будзем працаваць, наколькі хопіць інфармацыйных магчымасцей. Гэта дадатковая нагрузка на педагога: спачатку растлумачыць матэрыял вучням, якія прысутнічаюць у школе, пасля – тым, хто на хатнім навучанні. Пакуль будзем вучыцца так.

Фота для ілюстрацыі.
Гутарыла Алена ВАРОНІНА.


Вярнуцца назад