27 снежня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь разгледзеў кадравыя пытанні. Прэм'ер-міністрам прызначаны Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў, яго першым намеснікам — Васіль Станіслававіч Мацюшэўскі, намеснікамі — Уладзімір Ільіч Сямашка і Наталля Іванаўна Качанава, старшынёй праўлення Нацбанка — Павел Уладзіміравіч Калаур. Але найбольшы рэзананс на Віцебшчыне зрабіла прызначэнне кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча Косінца, а старшынёй Віцебскага аблвыканкама — Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва.
М.М. Шарстнёў нарадзіўся ў 1960 г. у вёсцы Барздоўка Аршанскага раёна. Закончыў зоаінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытута па спецыяльнасці "Заатэхнія". З 1984 да 2002 года прайшоў шлях ад намесніка старшыні па кормавытворчасці калгаса "Ленінскі шлях" Аршанскага раёна да першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мінскага райвыканкама. Затым узначальваў рэспубліканскае аб'яднанне "Белптушкапрам", ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка". А з верасня 2014-га з'яўляўся памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці. Жанаты, бацька дваіх дзяцей — сына і дачкі.
28 снежня адбылася 8-я нечарговая сесія абласнога Савета дэпутатаў, якая станоўча разгледзела пытанне "Аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарстнёва". — Я прашу ўтрымаць заваяваныя пазіцыі і іх памножыць, — заклікаў удзельнікаў сесіі Аляксандр Косінец. — У бліжэйшы месяц планую як мага хутчэй пазнаёміцца з рэгіёнамі, у якіх не быў, наведаць тыя калектывы, у якіх не давялося пабываць за тры апошнія месяцы, адчуць мясцовае жыццё і на падставе гэтага сфарміраваць план дзеянняў, — адзначыў Мікалай Шарстнёў. Ён паабяцаў працаваць так, каб эфектыўным быў кожны дзень, усе калектывы атрымалі максімум карысці. — Я хачу быць паслядоўным, каб памножыць тое лепшае, што ўжо зроблена, прыкладу максімум намаганняў, ведаў, вопыту, каб сапраўды даць наяўным станоўчым тэндэнцыям яшчэ больш дынамічнае развіццё, атрымаць максімальны станоўчы вынік. На сесіі адзначана, што галоўным у поспехах будзе яго вялікасць Чалавек.
Па матэрыялах БелТА і СМІ падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.