Каля сотні праектаў было прадстаўлена на выставе «Беларусь інтэлектуальная» ў Віцебску
gazeta 6-03-2023, 16:17 241 На Віцебшчыне
Каля сотні праектаў было прадстаўлена на выставе «Беларусь інтэлектуальная», што праходзіла з 3 па 5 сакавіка ў Віцебску. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы цяпер падобныя мерапрыемствы ладзяць у рэгіёнах. У першы дзень выстава сабрала поўны футбольны манеж Цэнтральнага спарткомплекса.
На цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што выстава аказвае моцнае ўражанне на кожнага наведвальніка, бо ярка дэманструе, што беларусы – высокаадукаваная нацыя з вялікім навуковым патэнцыялам. І гэта нагода для гонару за сваю краіну і вобласць.
На выставе прадставілі асноўныя дасягненні паўночнага рэгіёна, якія ўжо ўкаранілі ў жыццё. Напрыклад, апошнія распрацоўкі прэзентаваў «Віцебскаблгаз». У іх ліку – сістэма кантролю сродкаў індывідуальнай аховы, якая спрацоўвае пры выяўленні павышанага ўтрымання метану, аўтаматычна перакрываючы падачу газу на стаяку ці ўсім доме, а таксама дае сігнал у дыспетчарскую службу. У эксперыментальным парадку такімі сістэмамі абсталяваны два шматкватэрныя дамы ў аграгарадку Мазалава, дзе размешчаны сельгасфіліял прадпрыемства. Па словах генеральнага дырэктара УП «Віцебскаблгаз» Аляксандра Бранцэвіча, зараз ідзе вопытная эксплуатацыя. Пасля распрацоўшчыкі будуць выступаць з прапановай уключыць такую сістэму кантролю ў тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты пры праектаванні жылых дамоў.
Віцебская вобласць прадставіла каля сотні распрацовак са сферы мікраэлектронікі, прыборабудаўніцтва, фармацэўтыкі, харчовай, нафтагазавай і іншых галін. Пад пільнай увагай быў стэнд кандытарскай фабрыкі «Віцьба» з сухімі сняданкамі. Сучаснікі ўсё больш звяртаюць увагу на здаровы лад жыцця. Неад’емнай яго часткай з’яўляецца правільнае харчаванне. Таму прадукты гэтай нішы асабліва запатрабаваны. У рамках 30-й міжнароднай выставы «Прадэкспа-2023», якая праходзіла ў лютым у Маскве, «Віцьба» ўдзельнічала ў конкурсе харчовай і перапрацоўчай галіны «Найлепшы прадукт – 2023». І некаторыя прадукты ўдастоены залатога медаля.
Кампанія «БелВітуніфарма» актыўна развівае лінейку запатрабаваных на рынку ветэрынарных прэпаратаў. Уключае і тыя, што цалкам замяшчаюць імпартныя аналагі па вакцынацыі буйной рагатай жывёлы. Летась выпусцілі
шэсць новых прэпаратаў супраць вірусных і бактэрыяльных інфекцый БРЖ, якія пераўзыходзяць па сваіх якасцях замежную фармпрадукцыю. Таму гэтыя прэпараты запатрабаваны не толькі на айчынным рынку, але і ў краінах бліжэйшага і далёкага замежжа. Сёлета прадпрыемства актыўна працуе над распрацоўкамі новых вакцын супраць хвароб птушак, свіней, а таксама над імпартазамяшчальнымі праектамі. Разам з тым працягваецца будаўніцтва новага сучаснага завода па выпуску медыцынскіх прэпаратаў.
Свае апошнія навінкі прадэманстравалі таксама прадпрыемствы «ВІК – здароўе жывёл», «Спектр упакоўкі», «Віцязь», Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, медуніверсітэт, філіял «Віцебскаблгідрамет» і інш. Найлепшыя ідэі асобным блокам прадставіла моладзь Прыдзвіння.
Падрабязней у новым выпуску раённай газеты.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Віцебскія весці.