В Миорах состоялся областной автомарафон «85 лет под небом Витебщины»
gazeta 13-02-2023, 11:46 889 На Віцебшчыне / Витебская область - 85 лет
Абласны аўтамарафон «85 гадоў пад небам Віцебшчыны» ў Міёрах сустракалі сонечным днём 9 лютага. Складнікі прысвечанай юбілею вобласці акцыі – выстава сувеніраў і прадукцыі мясцовых вытворцаў, дыялогавыя пляцоўкі, святочны канцэрт, ушанаванне памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, чэлендж са знакавай лічбай 85.
За апошнія пяць гадоў на Віцебшчыне ўвялі ў эксплуатацыю каля паўтара мільёна метраў квадратных жылля. Пабудавалі і працягваюць узводзіць аб’екты сацыяльнай сферы. Больш за 12,5 мільярда рублёў інвестыцый прыцягнута ў эканоміку. У вобласці выпрацоўваецца трэцяя частка ўсёй электраэнергіі рэспублікі. Прамысловыя прадпрыемствы мадэрнізуюць вытворчасць, каб павялічыць асартымент, якасць і колькасць выпускаемай прадукцыі. Знешнегандлёвыя адносіны Віцебшчына падтрымлівае больш чым са ста краінамі. Гэта толькі асобныя факты, што прывёў падчас дыялогавай пляцоўкі ў Міёрскім цэнтры культуры і народнай творчасці член саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэран ідэалагічнай работы Пётр Гнуценка. Адзначыў уклад міёрскага краю ў развіццё рэгіёна і падкрэсліў, што за ўсімі дасягненнямі стаяць людзі з іх працавітымі рукамі і любоўю да роднай зямлі.
У ліку такіх – ветэран працы з вёскі Папшулі Павел Якаўлевіч Ісаковіч (фота на 1-й стар). Бацька дзесяцярых дзяцей, дзядуля і прадзядуля 19 унукаў і 12 праўнукаў, дбайны гаспадар. Яго 40 працоўных гадоў на камбайне і трактары адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх ордэны Леніна і Працоўнага Чырвонага сцяга. Працавіты сяльчанін стаў паважаным госцем на ўрачыстасці.
Пазітыўным настроем з удзельнікамі яркай падзеі па- дзяліліся ўзорны тэатр авангарднай моды «Гаворачыя мадэлі» і ансамбль народнай музыкі і песні «Мёрыца», а таксама госці з абласнога цэнтра – народны вакальны ансамбль «Пчоланька».
У фінале мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям Міёр. Затым гараджане выстраіліся на плошчы ў лічбу 85 і дружна павіншавалі родную вобласць з юбілеем.
Разам з прыемнымі ўражаннямі і падарункамі ўдзельнікі аўтамарафона павезлі з сабой карту Міёрскага раёна і адметныя звесткі пра наш край, што стануць часткай кнігі пра Віцебскую вобласць. n
ЭКСКУРС
Міёрскі раён, утвораны 15 студзеня 1940 года, увайшоў у склад Віцебскай вобласці ў 1960-м. Да гэтага быў адміністрацыйнай адзінкай спачатку Вілейскай вобласці, з 1944-га – Полацкай, з 1954-га – Маладзечанскай.
У тэму
Аўтамарафон «85 гадоў пад небам Віцебшчыны» доўжыўся з 6 па 10 лютага. За гэты час брэндзіраваны мікрааўтобус з удзельнікамі акцыі наведаўся ў кожны з 21 раёна. Вынікам юбілейнай акцыі ста- нуць відэадзённік і карта Віцебскай вобласці, што прэзентуюць 17 лютага падчас цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны».
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.