Фестиваль "Зорка Бэтлеема" приняли Миоры

 У кожнай кампазіцыі, што гучала на фестывалі каляднай песні «Зорка Бэтлеема», выканаўцы праслаўлялі свята Божага Нараджэння. Шчыра, радасна, пранікнёна. Пасля двухгадовага перапынку свята творчасці зноў сабрала сваіх удзельнікаў і прыхільнікаў у Міёрах.


Той, хто спявае, двойчы моліцца. Словы Святога Аўгустына прыгадаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, вітаючы гледачоў і ўдзельнікаў фестывалю. Адзначыў, што кожны з іх – ужо пераможца. Хто моліцца, не можа быць у пройгрышы.


На свята завіталі канкурсанты з васьмі парафій: Глыбокае, Полацк, Наваполацк, Віцебск, Мінск, Лучай, Варапаева, Міёры. Творчыя нумары журы ацэньвала ў чатырох намінацыях – «Інструментальная творчасць», «Сола», «Дуэт», «Гурт». Пераможцаў вызначалі ў дзвюх узроставых катэгорыях – да 12 гадоў і 13+.


Выступоўцы трымаліся на сцэне лёгка і ўпэўнена. Радавалі шчырасцю, непасрэднасцю, майстэрствам выканання. Кожны нумар – асаблівы і адметны. Да прыкладу, Злата Ярашэвіч з парафіі Святога Юды Тадэвуша (в. Лучай, Пастаўскі раён) запомнілася гледачам таленавітым выкананнем кампазіцый на беларускай, англійскай і польскай мовах. Вакалістка атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «Сола».


 «Рабі дабро, шукай у сваім сэрцы неба», – натхняў песенным радком гурт «Antonio» з парафіі Святога Антонія Падуанскага з Віцебска. Кампазіцыю ў стылі рэп суправаджала тэатралізаванае дзейства з біблейскімі матывамі. Віцебскія канкурсанты сталі лідарамі ў намінацыі «Гурт». Дынамікай і яркасцю вызначаліся творчыя нумары мінчан. Дзіцячы і моладзевы гурты дружна спявалі калядныя песні, у тым ліку на палескім дыялекце. Іх выступленне адзначана дыпломамі ІІ і ІІІ ступені.


Годна паказалі сябе на конкурсе міярчане. У намінацыі «Інструментальная творчасць» першае месца журы прысудзіла гітарысту Аляксандру Шамёнку. Саліст Кірыл Дзехцяронак стаў другім у намінацыі «Сола». У дзіцячых вакальных калектываў «Зорачкі» і «Званочкі» дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Гурт».


Сапраўды, пераможцамі сталі ўсе ўдзельнікі, падзяліўшы 1, 2 і 3 месцы ў намінацыях і сваіх узроставых групах. На памяць пра свята засталіся падарункі і яркія ўражанні. Развітваліся песняй пра Бэтлеемскую зорку, з добрым настроем і спадзяваннямі на новую сустрэчу. 

 

У ТЭМУ

 Упершыню фестываль «Зорка Бэтлеема» адбыўся ў Міёрах 5 студзеня 2002 года. Ідэю ладзіць творчае свята прапанавала арганістка касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Анжэла Кіпрушава. Падтрымаў і дапамог вырашыць арганізацыйныя пытанні ксёндз Кшыштаф Міянкіна. З таго часу «Зорка Бэтлеема» кожны год збірала ўдзельнікаў з розных парафій. У 2021-ым і 2022-ім фестываль не праходзіў па прычыне неспрыяльнай эпідсітуацыі.


Кацярына РЫНКЕВІЧ,

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий