"Быстро годы прошли. Словно один день", - замечает Аркадий Николаевич Шараг из деревни Орханово
gazeta Сегодня, 16:44 0 На Міёршчыне / Юбілей
«Дзякаваць Богу, даківаўся да 90. Хутка гады мінулі. Нібы адзін дзень. Толькі ўспаміны засталіся», – заўважае на сваім значным жыццёвым рубяжы Аркадзь Мікалаевіч Шараг з вёскі Арханава Мікалаёўскага сельсавета. Тут, на малой радзіме праляцелі яго апаленае вайной дзяцінства, загартаванае што- дзённымі сельскімі клопатамі юнацтва, напоўненыя справамі працоўныя гады. Тут праходзіць восень жыцця, атуленая клопатам і сагрэтая ўвагай дзяцей, унукаў і праўнукаў.
«Я – багаты»
Дом Аркадзя Шарага наводдаль ад дарогі. Крочу па сцежцы і адчуваю прыемнае дэжавю. Такія ж парадак і чысціня на падворку. На стук у дзверы адгукаецца гаспадар. Такі ж бадзёры і падцягнуты, адкрыты і гаваркі. Пяць гадоў таму гутарылі з Аркадзем Мікалаевічам напярэдадні яго 85-годдзя.
Як адчувае сябе ў без пяці хвілін 90?
– Здароўе больш-менш, – гаворыць суразмоўнік. – З вокам толькі праблема. Раз на год лячэнне ў бальніцы праходжу. Таму тэлевізар шмат не гляджу, толькі «Поле цудаў» ды «Мужчынскае/Жаночае». Кіно не люблю. Ды і ўвогуле больш прывык працаваць, чым адпачываць. З дзяцінства ва ўсім люблю парадак.
Нарадзіўся Аркадзь Мікалаевіч 4 снежня, у праваслаўнае свята Уводзін у храм Прасвятой Багародзіцы. Згодна з дакументамі, яго дзень нараджэння 16 снежня, так бацька запісаў. Віншаванні ад родных, блізкіх, былых калег прымае ў пачатку месяца.
– Я – багаты. У мяне пяцёра ўнукаў. Ва ўсіх вышэйшая адукацыя і ўсе, нават дзяўчаты, за рулём. Праўнукаў шэсць. Старэйшая ў сёмым класе вучыцца, малодшы ў наступным годзе ў школу пойдзе, – распавядае дзядуля і прадзядуля.
Загартоўка вайной і працай
Дзяцінства Аркадзя Мікалаевіча было зусім не такім, як у яго ўнукаў і праўнукаў.
– Жылі бедна. Восем дзяцей у бацькоў. Вайной хлеба не мелі. Вясной бульбу перамерзлую па полі збіралі, маці з крухмалу піражкі пякла. Са смакам елі і ніхто не хварэў, – прыгадвае суразмоўнік. – Немцаў баяліся. Яны ж з табой размаўляць не будуць: застрэ- ляць – і ўсё. Нашых людзей мост праз раку будаваць ганялі. Неяк адзін з Арханава не з’явіўся. Немец за ім прыйшоў, а ён кажа: «Зараз, паночак, толькі капусты пасёрбаю». Той так нагайкай улупіў, што з адным ботам на работу паляцеў. Мост – мала што заставалася – не дабудавалі: нашы самалёты наляцелі і разбамбілі.
Забранае вайной дзяцінства, пасляваенная нястача, нялёгкая сельская праца загартавалі характар Аркадзя Мікалаевіча, выхавалі адказнасць і працавітасць. Нават у паважаным узросце не можа без клопатаў. За лета шэсць разоў абкошвае трымерам падворак у 70 сотак. Не разумее, як можна не сачыць за парадкам там, дзе жывеш. Садзіць і даглядае невялікі агародчык. Калісьці з жонкай Галінай Іосіфаўнай, з якой разам пражылі 57 гадоў, трымалі вялікую гаспадарку. Яшчэ пяць гадоў таму на падворку быў конь. Цяпер гаспадар набыў мотаблок. З гадаванцаў толькі кацяня Мурка, якое некалькі тыдняў таму прывёз ад сына.
Восьмы год Аркадзь Мікалаевіч адзін, але не адчувае сябе адзінокім. Побач у Мікалаёве са сваімі сем’ямі жывуць малодшая дачка Валянціна і сярэдні сын Мікалай. Старэйшая Раіса ў Ідолта, таксама пастаянна на сувязі.
Найлепшы падарунак – здароўе і ўвага
– Трэба дзяцей да пенсіі дагадаваць, – акрэслівае свае планы Аркадзь Мікалаевіч. – Рая ўжо трэці год адпачывае, яна матэматыку ў школе выкладала. Колю два з паловай гады засталося, токарам у гаспадарцы працуе. А Валі малой яшчэ чатыры, яна медык, гля-
дзіць пацыентаў у бальніцы ў Дзісне. Часцей за ўсіх да мяне наведваецца. У хаце прыбірае, прадукты прыносіць. Прыгатаваць сам магу. І боршч звару, і расольнік.
Доўгажыхар здзіўляецца свайму ўзросту. Лічыць, у многім гэтаму паспрыяла адсутнасць шкодных звычак. Алкаголем не захапляўся, цыгарэту ўвогуле ні разу не паспрабаваў.
З вышыні гадоў імклівым і хуткаплынным падаецца жыццё. Адзін за другім плывуць успаміны. Прыгадваюцца ўрокі ў Мікалаёўскай сямігодцы, служба радыстам у батальёне сувязі ў Германіі і азбука Морзэ, клопаты сувязіста, якія ахоплівалі чатыры калгасы з цэнтрамі ў Мікалаёве, Сіцькове, Шарагах і Папшулях.
– Праводзіў у дамы і ў арганізацыі радыё і тэлефоны. 40 гадоў па слупах лазіў, – гаворыць пра свой працоўны шлях.
На пытанне пра падарунак да 90-гадовага юбілею Аркадзь Мікалаевіч задумваецца. Пагаджаецца, што самае галоўнае – здароўе і ўвага. Як заўважаў, здароўе – больш-менш. Што да ўвагі родных і блізкіх, яе шмат і ў святы, і ў будні.
Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.



