На сессии районного Совета депутатов проанализировали как организации Миорщины выполняют требования законодательства о пенсионном обеспечении

 Дзяржаўнае пенсіённае забеспячэнне – прыярытэтны накірунак дзейнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, бо ім ахоплена трэцяя частка жыхароў раёна. Да таго ж сацыяльнае самаадчуванне пажылых людзей напрамую залежыць ад асноўнай крыніцы даходу – пенсіі. Як арганізацыі Міёршчыны выконваюць патрабаванні заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні, прааналізавалі на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

У ліку асноўных задач упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама начальнік Вячаслаў Бялько назваў фінансавую ўстойлівасць пенсіённай сістэмы і рост пенсіённых выплат з улікам павышэння жыццёвых стандартаў. Падкрэсліў, што за дзевяць месяцаў сёлета працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх у сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і ростам сярэдняга заробку работнікаў па рэспубліцы пералічваліся чатыры разы.

На 1 верасня на ўліку на Міёршчыне стаяла амаль 6 тысяч атрымальнікаў пенсій, сярод якіх сям’я загінулага ваеннаслужачага, чатыры вязні фашызму і 121 доўгажыхар. Сярэдні памер выплат у жніўні склаў 824,94 рубля. За дзевяць месяцаў выдаткі на пенсіі і дапамогі склалі 40,1 мільёна рублёў.

Як заўважыў Вячаслаў Анатольевіч, упраўленне кантралюе правільнасць прызначэння пенсій і своечасовасць іх выплаты, аказвае метадычную дапамогу працадаўцам, дае кансультацыі насельніцтву па пенсіённых пытаннях. Кадравым службам арганізацый і прадпрыемстваў інфармацыю пра змяненні і новаўвядзенні ў сістэме даводзяць падчас семінараў, дзе акцэнтуюць увагу на неабходнасці своечасова запытваць дакументы з архіваў, навучальных устаноў, аддзелаў загса, ваенкаматаў. Вынік дадзенай работы – за восем месяцаў 97 % ад агульнай колькасці дакументаў для прызначэння пенсій прадастаўлены ў поўным аб’ёме.

Карыстаюцца жыхары Міёршчыны магчымасцю добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі, калі дзяржава суфінансуе пенсіённыя назапашванні грамадзяніна.

Згодна з арт. 76 Закона «Аб пенсіённым забеспячэнні», працадаўцы нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за шкоду, нанесеную несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для прызначэння і пераразліку пенсій, а таксама калі яны ўтрымліваюць несапраўдныя звесткі. Сёлета такіх парушэнняў не было. Разам з тым рэгістраваліся выпадкі адмовы ў прызначэнні працоўных пенсій па прычыне адсутнасці неабходнага страхавога стажу. Ён, дарэчы, павінен складаць не менш за 20 гадоў.

Заўважыў Вячаслаў Бялько, што ў большасці арганізацый наладжана дакладная работа па своечасовым і якасным пенсіённым забеспячэнні грамадзян, надаецца належная ўвага вядзенню і захаванню дакументаў аб працоўным стажы і заробку. Прыклад паказваюць адказныя спецыялісты ВУПКУ «Міёрскі», ААТ «Туркова», філіялаў «Павяцце» і Міёрскай вытворчасці Полацкага хлебазавода, аддзела па адукацыі райвыканкама, раённай бальніцы.

Па словах Вячаслава Анатольевіча, асаблівае месца займае пытанне падрыхтоўкі, афармлення і прадастаўлення дакументаў на пенсію работнікаў, занятых у шкодных і цяжкіх умовах працы. Пацвердзіць іх неабходна вынікамі атэстацыі рабочых месцаў. Ён падкрэсліў: пры правядзенні наступнай камісіі кіраўнікам арганізацый трэба звярнуць увагу на тое, што праводзіць атэстацыю неабходна раз у пяць гадоў, пры гэтым яна лічыцца завершанай, і яе вынікі прымяняюцца з даты выдання загада наймальніка аб іх зацвярджэнні. Выдаць дакумент варта ў наступны за апошнім днём дзеяння вынікаў папярэдняй кампаніі. Калі ён выпадае на выхадны – то ў рабочы дзень, які папярэднічае дню зацвярджэння наступнай атэстацыі. Гэта надзвычай важна, бо перыяды, на працягу якіх па віне наймальніка не праводзілася атэстацыя, не залічваюцца ў стаж работы, які дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы. Працадаўца кампенсуе ў бюджэт фонду выдаткі на выплату пенсій, прызначаных з улікам гэтага часу.

Вячаслаў Бялько акцэнтаваў увагу, што не ўсе кіраўнікі своечасова інфармуюць упраўленне пра прыём на работу і звальненне атрымальнікаў пенсій і дапамог. Разам з тым гэта цягне незаконнае расходаванне грашовых сродкаў.

Яшчэ адзін з накірункаў работы ў галіне пенсіённага забеспячэння – пашырэнне міжнародных сувязей з іншымі дзяржавамі. Дзейнічае шэраг адпаведных дагавораў і пагадненняў з Расіяй, Латвіяй, Літвой, Малдовай, Эстоніяй, Казахстанам, Азербайджанам, Чэхіяй і Польшчай.

Якасная падрыхтоўка дакументаў і іх прадастаўленне – прыярытэтная задача працадаўцаў па забеспячэнні гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян на пенсіённае забеспячэнне. Ад таго, наколькі поўна і якасна яны падрыхтаваны, у значнай ступені залежаць тэрміны прыняцця рашэння для прызначэння пенсіі і яе памер, падкрэсліў начальнік упраўлення. 

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий