Гурманов приглашает Миорский "Пачастунак"

 Напярэдадні свята 8 Сакавіка ў райцэнтры адчыніўся магазін «Пачастунак» ад Міёрскага мясакамбіната. Пятая гандлёвая кропка прадпрыемства пад брэндавай назвай стала прыемным падарункам не толькі для жанчын. Размясціўся «Пачастунак» у будынку колішняга магазіна «Гурман» (пасля «Сафійка») па вуліцы Камуністычнай.

Да адкрыцця яшчэ паўгадзіны, а ля «Пачастунка» ўжо сабралася каля двух дзясяткаў пакупнікоў.

– Магазін чакалі. Пакуль мы рыхтаваліся да адкрыцця, штодня заходзілі гараджане і цікавіліся, калі можна будзе прыходзіць па пакупкі, – расказвае спецыяліст аддзела рэалізацыі і маркетынгу Аксана Калеснік. – Кожны пакупнік знойдзе тут штосьці для сябе. У шырокім асартыменце прадстаўлена прадукцыя нашага прадпрыемства, маецца лінейка хлебабулачных вырабаў, малочнай прадукцыі. Вырашаючы, чым запоўніць паліцы, схіляліся да айчынных вытворцаў. Нашы пастаўшчыкі прапанавалі выгадныя зніжкі. Гэта наш пяты «Пачастунак». Яшчэ два такія магазіны размешчаны ў райцэнтры на вуліцах Паўночная і Коласа, а таксама ў Чэрасах і Туркове. Усе працуюць з прыбыткам.

 Дырэктар мясакамбіната Іван Сушко падчас адкрыцця новай гандлёвай кропкі адзначыў, што пакупнікоў сюды будуць прывабліваць як шырокі асартымент тавараў, так і выгадныя цэны. Мясцовую прадукцыю тут можна набыць з невысокай нацэнкай.

Як заўважыла вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі і маркетынгу Ніна Латышава, кожны, каму да смаку каўбаскі, шашлыкі і іншыя вырабы Міёрскага мясакамбіната, па праву можа лічыць сябе гурманам. Для ўсіх пакупнікоў ладзілі дэгустацыю.

– Прадстаўлены і паўсядзённы асартымент, і навінкі. З апошніх пасты для бутэрбродаў, сыравэнджаныя каўбасы «Иберика», «Черкизовская», варанавэнджаная «Панская» – аналаг «Краковской». У магазіне можна набыць шашлык трох відаў: «Клюквенный», «Прованс» і «Барбекю». Апошні прыгатавалі для дэгустацыі, – расказвае вядучы спецыяліст.

Першую гадзіну пасля адкрыцця ў новым «Пачастунку» ажыўлена і шматлюдна. Паспрабаваўшы смакату на дэгустацыі, наведвальнікі накіроўваюцца вывучаць асартымент на вітрынах, займаюць месца ў чарзе на касу. Першага, чыя пакупка складзе 50 рублёў, чакае прыз – фірменны гадзіннік да 60-годдзя Міёрскага мясакамбіната. Яго ўручылі міярчанцы Веры Усціновіч.

 – У мяне сёння паспяховы дзень. Прыйшла па пакупкі, а яшчэ і прыз атрымала, – радуецца пакупніца. – Купіла ў тым ліку язык ялавічны, прыгатую да свята. З усёй прадукцыі нашага мясакамбіната найбольш падабаецца менавіта ахало- джаная. Калісьці я была пастаяннай пакупніцай у «Гурмане», цяпер буду прыходзіць у «Пачастунак». Жыву побач, зручна.

Напэўна, новы «Пачастунак» асабліва парадаваў жыхароў вуліцы Камуністычнай. Да іх вярнуўся магазін крокавай даступнасці з шырокім асартыментам і зручным рабочым часам – з 8.00 да 20.00 па буднях, і з 8.00 да 14.00 у суботу і нядзелю.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий