На Миорщине Ольгу Мороз знают как бывшего председателя Дисненского горисполкома
gazeta 11-02-2025, 11:50 524 На Міёршчыне / Грамадства
На Міёршчыне Вольгу Мароз ведаюць як колішняга старшыню Дзісненскага гарвыканкама і гаспадыню «Сядзібы Бабы Мароз». Службовы пост пакінула ў 2011-м, аграэкасядзібу ў Дзісне «зачыніла» паводка 2013-га. У 2017-м Вольга Аляксандраўна пакінула дарагі сэрцу самы маленькі горад Беларусі, пераехалі на малую радзіму мужа ў Пад’ельцы. Бліжэй пазнаёміцца з Міёрамі і адчуць сябе тут сваёй у многім дапамаглі цікавыя цёплыя сустрэчы ў аддзяленні для пажылых людзей ТЦСАН.
– Запрасілі сюды ў 2019-м. Спачатку на правах валанцёра, бо мне яшчэ не было 60-ці. Тут сустрэла свой юбілей і стала паўнапраўнай наведвальніцай аддзялення. І ўсё мне вельмі падабаецца, – з цеплынёй гаворыць суразмоўніца.
Знаёмства з аддзяленнем для пажылых людзей для Вольгі Аляксандраўны пачалося з дэфіле яго наведвальніц у шыкоўных шалях, якія звязалі на занятках гуртка. Убачыла творчы нумар на адным з мерапрыемстваў і загарэлася ідэяй навучыцца ствараць такія прыгожыя рэчы.
– Прыйшла на гурток па вязанні. Асновам мяне яшчэ ў дзяцінстве бабуля навучыла, а тут удасканальваю навыкі, – расказвае майстрыца. – Цацкі вязаць навучылася. Іх дару родным, сябрам, знаёмым. Гэта прыемна, хочацца радаваць людзей. У аддзяленні мы не толькі вяжам, пляцём з трубачак і так далей. Тут атрымліваем адказы на пытанні, якія нас хвалююць. Ёсць праблема – з дапамогай спецыялістаў шукаем рашэнне. А колькі цікавых мерапрыемстваў праходзіць!
Яркія ўражанні пакінула рэтра-вечарынка «Назад у СССР», веды па гісторыі роднага краю папоўніла вандроўка па «Сярэбраным пярсцёнку Міёршчыны», цёплыя ўспаміны пакідаюць сустрэчы з сяброўкамі з клубаў «Залаты ўзрост» у Дзісне і «Суседачкі» ў Чэрасах, весела адзначаюць свята агурка на падворку ў Вольгі Аляксандраўны… На дыялогавых пляцоўках сустракаюцца з творчымі людзьмі і спецыялістамі розных арганізацый, якім задаюць пытанні і атрымліваюць кампетэнтныя адказы, дзейнічае школа прававой граматнасці, заняткі ў якой праводзіць юрысконкульт ТЦСАН. Актыўнічаюць у конкурсах, удзельнічаюць у злётах валанцёраў.
– Паехалі ў Віцебск на конкурс творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны». Наш арт-гурт «Нясумны ўзрост» выступаў з танцам. Напярэдадні ў некаторых, у тым ліку ў мяне, узніклі праблемы са здароўем. Але як толькі зайграла музыка – на ўсе балячкі забыліся і давай танцаваць! Атрымалі дыплом І ступені ў намінацыі «Харэаграфічнае мастацтва», – прыгадвае адну з яркіх і цікавых падзей Вольга Аляксандраўна. – Канешне, можна ўвесь час на пенсіі праводзіць дома, клопатаў хапае. Аднак без аддзялення сябе ўжо не ўяўляю. Тут асаблівая аўра, пануюць дабрыня і клопат. Тут цябе чакаюць і сустракаюць з абдымкамі. Мы дзелімся рэцэптамі любімых страў, насеннем і саджанцамі раслін, гісторыямі са свайго жыцця. Калі хтосьці захварэе, абавязкова наведваем з пачастункамі. Тут мы ўсе дзяўчаты-равесніцы, усе на ты. Тут адчуваем сябе маладымі і энергічнымі. Здорава, што ёсць такое месца, куды можна прыйсці і акунуцца ў атмасферу цеплыні, творчасці і прыняцця.
РАДКІ БІЯГРАФІІ
Вольга Мароз родам з Глыбокага. Выхоўвалася ў сям’і інжынера па ахове лесу і бухгалтара. Ад таты пераняла любоў да прыроды, у маці навучылася фінансавай граматнасці.
Скончыўшы школу, паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер БДАТУ), дзе вучылася на спецыяльнасці «Арганізацыя і тэхналогія рамонту сельскагаспадарчых машын». У інстытуце сустрэла будучага мужа Часлава Францавіча, з якім на трэцім курсе стварылі сям’ю.
Першае месца працы – інжынер-метролаг ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Міёрскага райвыканкама. Працавала выхавацелем у дзіцячым садку ў Шарагах. Затым была намеснікам старшыні Дзісненскага гарвыканкама, які пасля ўзначаліла.
Разам з мужам выхавалі сына і дачку, радуюцца чатыром унукам.
Ганна Ліскова, загадчык аддзялення:
– З Вольгай Аляксандраўнай пазнаёміліся, калі яна ўзначальвала Дзісненскі гарвыканкам. На Міёршчыне планавалі семінар абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, і мяне вельмі ўзрадавала, што адміністрацыя Дзісны адразу пагадзілася правесці яго ў гэтым горадзе. Сустрэць вялікую дэлегацыю, сабраць працоўныя калектывы, вырашыць арганізацыйныя моманты – работа вялікая. Усё атрымалася найлепшым чынам.
Вольга Аляксандраўна – сапраўдны баец. Нават з хворай нагой танцуе на сцэне. Гэта чалавек слова. Вельмі цэнім яе дапамогу ў арганізацыі канцэртаў.
СЛОВА СЯБРАМ
Галіна Конанава:
– Ведаю Вольгу яшчэ з 80-х гадоў, пазнаёміліся праз нашых мужоў. Аднойчы Новы год з іх сям’ёй у Шарагах сустракалі. Вельмі рада, што цяпер бачымся ў аддзяленні. Ра-зам танцуем. Вольга лепш за ўсіх запамінае танцавальныя рухі. Актыўная, крэатыўная, энергічная. Нядаўна падзялілася прыгожым і вельмі кранальным відэаролікам, дзе яны з дачкой спяваюць песню Юрыя Візбара «Ты у меня одна». Вось і Вольга ў нас такая адна.
РЭЦЭПТ
Просты торт без выпечкі
– Гэты рэцэпт расказала наша мілая добрая сяброўка Ірачка Гушча, якой не стала ў мінулым годзе. Наведвалі яе падчас хваробы. Аднойчы пачаставала такім дэсертам. Хочацца падзяліцца ім з чытачамі раённай газеты, – заўважае Вольга Аляксандраўна.
Інгрэдыенты:
v 300 г пячэння «Рыбкі»,
v 400 г смятаны,
v 150 г цукру,
v 1 – 2 бананы,
v пачак масла,
v 100 г любых арэхаў,
v карыца, ванілін на густ.
Гатуем
Масла крыху разагрэць і змяшаць з цукрам.
Высыпаць у асобны посуд пячэнне і змя-
шаць са смятанай. Дабавіць сюды масла з цукрам, расцертыя бананы, перамяшаць. Па жаданні можна дадаць карыцу ці ванілін.
Раз’ёмную форму засцяліць пяргаментнай паперай для выпечкі, на дно пакрышыць
здробненыя арэхі.
Пакінуць торт у халадзільніку на некалькі гадзін, а лепш на ноч. Затым перавярнуць форму, выкласці дэсерт на талерку.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.