День горсовета прошел в Дисне

Примеры различных отношений к месту, где живут и работают, наблюдали во время дня горсовета в Дисне. Причем как среди населения, так и в трудовых коллективах. Общее впечатление, которое произвел самый маленький городок Беларуси-тишина и покой, размеренность и уют.

 Прыклады розных адносін да месца, дзе жывуць і працуюць, назіралі падчас Дня гарсавета ў Дзісне. Прычым як сярод насельніцтва, так і ў працоўных калектывах. Агульнае ўражанне, якое зрабіў самы маленькі гарадок Беларусі – цішыня і спакой, размеранасць і ўтульнасць.

У рэйд па вуліцах горада скіроўваемся разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксанай Ашурка і ўрачом-гігіеністам РЦГЭ Ірынай Кім. Свой маршрут пачынаем ад Дзісненскага гарсавета. Гэта візітоўка горада, і выглядае адпаведна – тэрыторыя ўтрымліваецца ў чысціні, радуюць погляд зялёныя насаджэнні і кветнікі. Прычым не толькі з фасаду, але і на задворках. Адзіная рэкамендацыя санітарнай службы – забетаніраваць пляцоўку для смеццевых кантэйнераў.

Адсюль скіроўваемся ў шлях па вуліцы Тэльмана. Дзякуючы даўнім будынкам тут лунае дух часу. Разам з тым ім знайшлі прымяненне. Напрыклад, у адным з іх на першым паверсе жывуць людзі. Паўсюль парадак. Непадалёк прыбіраюць вуліцу супрацоўнікі жыллёва-камунальнай службы.

Прывабна і ярка па Юбілейнай. Нямала добраўпарадкаваных дворыкаў. Прыцягвае ўвагу адзін, уваход куды ахоўваюць гіпсавыя ільвы. Ломяцца ад свежага ўраджаю ігрушы. Як астравок прыгажосці выглядае яшчэ адзін прыватны падворак. Акрамя пышных кветнікаў гаспадары вынеслі на вуліцу хатнія расліны. А побач стаіць нежылы дом. На такі дысананс пагадзіцца ніяк нельга.

 Велічна выглядае Уваскрэсенская царква. Тэрыторыя абкошана, пафарбаваны лавачкі. А ўздоўж агароджы цягнуцца стракатыя кветнікі.

Па ўсім горадзе звяртаем увагу на мноства аксамітак і хостаў. Вось толькі не паўсюль яны адчуваюць сябе камфортна. У летнюю спёку раслінам не хапае вільгаці.

У цені дрэў у гарадскім парку адпачываюць дзеці. Тут пануе парадак.

Першае, што кідаецца ў вочы пры наведванні гандлёвых кропак, як дзяржаўных, так і прыватных, – клопат пра пакупнікоў. І гэта адлюстравана не толькі ў насычэнні паліц, але і ў добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Побач з «Юліяй», напрыклад, мінімалістычны, але прывабны дызайн. Буяюць кветкі ў вазоне. Ля «Нікі» акуратна падстрыжаны далікатныя туі. Ёсць столікі пад павеццю, дзе можна адпачыць у цяньку. Ля «Бярозкі» дэкор мяняецца ў залежнасці ад сезона. Цяпер на тэрыторыі размясціўся жоўты веласіпед, на якім гаспадыня быццам збіраецца везці на рынак кветкі. Зімой на гэтым месцы стаяла каларытнае аўто.

– Нічога асаблівага, але гэта прываблівае пакупнікоў, – заўважае гаспадыня гандлёвай кропкі Таццяна Навіцкая.

На тэрыторыі аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей гарманічна спалучаюцца кустарнікі, кветкі і кампазіцыі з камянёў. Тут хочацца прагуляцца. Сімпатычна і ля будынка гасцініцы. Тут таксама разбегліся пазітыўныя аранжавыя аксаміткі, падрастаюць і набіраюцца сіл туі. Адзіная просьба да адміністрацыі – аднавіць шыльду, якая выцвіла на сонцы.

– У нас будзе рамонт, цяпер чатыры нумары зачынены. Усё памяняем, – запэўнівае пакаёўка (рус. горничная) Ніна Гусак. Дарэчы, яна толькі дае водпуск асноўнаму работніку, але бачна, што да сваіх абавязкаў ставіцца вельмі адказна.

Райскі куточак сустракае на тэрыторыі швачнага цэху «Віцябчанка». Тут шмат цікавых раслін і кветак. Але яны, на жаль, хаваюцца ў траве. Ёсць прыгожая зона адпачынку ля гарадской лазні. І тут ужо пара пакасіць.

 Урач-гігіеніст Ірына Кім аналізуе вынікі рэйду: работа па добраўпарадкаванні ў Дзісне праводзіцца, але не ў поўнай меры. Яе заўвага – парушэнні па ўтрыманні месцаў для часовага знаходжання адходаў. У прыватнасці, не ў тэрмін вывозяць смецце жыллёва-камунальная гаспадарка, «Віцябчанка» і ААТ «Беларусбанк».

Уражаннямі падзялілася Аксана Ашурка:

– У ліку добрых прыкладаў гаспадарання аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і гасцініца. Парадавалі магазіны. Тут мае месца чалавечы фактар. Тыя, хто з любоўю і з душой ставіцца да справы, імкнуцца і ў нерабочы час ствараць і падтрымліваць утульнасць і прыгажосць. Гэта не іх прамы абавязак, а заклік душы. Хтосьці проста выконвае службовыя абавязкі, а іншы імі не абмяжоўваецца. Зразумела адно – знешняе аблічча Дзісны ствараюць яе жыхары.

0 комментариев

Добавить комментарий