Героиня льняного поля на Миорщине - Леокадия Зимник

Нашимместамкогда-то принес известность «Дисненский лен», об этом утверждают историки.Нестерсяизпамятигораздо позднееколхозноевремя, когда долгунец делалпрославленнымитружениковМиорщины. Наглядныйпример-судьбазвеньевогоколхозаимениЧапаева Леокадии Зимник.


Нашым мясцінам калісь прынёс вядомасць «Дзісненскі лён», пра гэта сцвярджаюць гісторыкі. Не сцёрся з памяці значна пазнейшы калгасны час, калі даўгунец рабіў славутымі працаўнікоў Міёршчыны. Наглядны прыклад – лёс звеннявой калгаса імя Чапаева Леакадзіі Зімнік.

Леакадзія ці проста Лёдзя нарадзілася ў 1936 годзе ў вёсцы Чарняўцы ў шматдзетнай сялянскай сям’і Шамінкаў, якую пазней параскідала вайна, рэпатрыяцыя. Дзяўчынка пайшла ў школу крыху пазней звычайнага, пераросткам, хаця гэта тады было звычайнай з’явай. Скончыла сямігодку якраз да трывалага замацавання ў тутэйшых мясцінах калектывізацыі. Бацька Баляслаў нават пабыў намеснікам старшыні першапачатковай навялікай сельгасарцелі, якая потым стала вядомым калгасам «Гігант». Вось у той гаспадарцы і пачаўся ў 1950 годзе працоўны шлях вельмі маладога палявода, якая ўжо ўмела нават хадзіць за плугам.

Дзяўчына была баявітай і актыўнай. Праз дзесяцігоддзі журналісты напішуць, што яна вырашыла назаўсёды звязаць свой лёс з калгасам, а таму адмовілася вучыцца далей, шукаць лепшага ў вялікім свеце. І не ацэньва- юць рэальныя магчымасці фактычна падлетка з беднай вёскі. Між тым наглядны прыклад у выбары жыццёвага шляху быў побач: сястра Алена працавала ў паляводстве, брат Генрых пачынаў у жывёлагадоўлі, потым стаў адным з першых у калгасе шафёрам.

Мужам для сябе Леакадзія выбрала Васіля Зімніка, стараннага механізатара з недалёкай вёскі Рабечына. Здаецца, зусім яна суседняя, нейкіх паўтара кіламетра, толькі за рачулкай Мерыцай, за якой пачынаўся калгас імя Чапаева. У Рабечыне ў маладой сям’і Зімнікаў нарадзіліся два сыны-жэўжыкі. Была заўважана і належным чынам ацэнена старанная працаўніца Леакадзія Баляславаўна. Яна «ўся як на далоні, адкрытая, шчырая. Раззлуецца, дык не за чужой спінай. Не хавае сумненні. Заплача, калі стане не па сабе. Ніколі не хавае і ўсмешку. А смяецца Леакадзія вельмі добра. Сардэчна і прыгожа. У такі момант на яе прыемна глядзець, прыемна яе і слухаць. Размову сваю яна перасыпае гумарам і ў кішэню за словам не лезе». Гэта з уражанняў Яўгена Стамінка, уласнага карэспандэнта абласной газеты «Віцебскі рабочы».
У новай для сябе гаспадарцы Леа- кадзія стала не проста паляводам, а членам ільнаводчага звяна. Такая акалічнасць аказалася вельмі важнай. І вось чаму.

Калгас імя Чапаева пад кіраўніцтвам Акіма Чувікава, абаронцы Брэсцкай крэпасці, стаў эканамічна моцнай гаспадаркай. Нешматлікія ветэраны і сёння ўзгадваюць, што старшыня штораніцы на шпаркім коніку верхам, легкавіка ў кіраўніка яшчэ не было, задоўга да пачатку рабочага дня аб’язджаў усе палі і фермы, каб потым запатрабаваць выпраўлення выяўленых недахопаў. Але і пры такім яго старанні ў спаборніцтве з суседняй «Маладой гвардыяй» (а там кіраўнік ужо быў Героем сацпрацы) калгас імя Чапаева прайграваў па многіх пазіцыях, акрамя паказчыкаў па льнаводстве. Напэўна таму на развіццё гэтай галіны Акім Аляксеевіч звяртаў асаблівую ўвагу, тым больш, што яна прыносіла істотны грашовы даход.

Асновай поспеху ў ільнаводстве Акім Чувікаў лічыў моцную звеннявую сістэму. Такіх звенняў у калгасе імя Чапаева было шэсць. Іх узначальвалі вопытныя палявод, старанныя працаўніцы, вельмі адказныя жанчыны. Напрыклад, звеннявой Марыі Драгун у 1967 годзе на раённым узроўні было прысвоена званне «Наватар сельскагаспадарчай вытворчасці». Сам старшыня са звеннявой Ганнай Рудзёнак дэманстравалі ў Маскве вырашчаны ў гаспадарцы кужаль, са сталіцы яны вярнуліся з медалямі ВДНГ. Потым звеннявая была адзначана яшчэ Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Калі ў 1965 годзе пасаду звеннявой пакінула аўтарытэтны льнавод і ветэран вытворчасці Апалёнія Матэленак з вёскі Мальцы, яе замяніла Леакадзія Зімнік. Цяпер улічваліся не толькі яе працавітасць і адказнасць, але і ўменне абыходзіцца з людзьмі, арганізатарскія здольнасці: яна ж член жаночага савета і клапоціцца пра ўмацаванне сем’яў, член праўлення – і дбае пра вытворчасць.

Першы ўраджай Леакадзію Баляславаўну не парадаваў, нібы і нядрэнна ў параўнанні з іншымі льнаводамі – яе звяно атрымала па 4,4 цэнтнера з кожнага гектара семя і валакна, аднак не здолела належным чынам спарадкаваць трасту. Звеннявая паставіла перад сабой задачы па ўмацаванні працоўнай дысцыпліны, арганізаванасці і адказнасці работніц, дакладным захаванні агратэхнікі. Сваімі галоўнымі памочніцамі яна называла Лідзію Радванскую, Яўгенію Кісляк, Ганну Казлоўскую, Ганну Малец, Анастасію Грэцкую. Пры іх падтрымцы за зіму нарыхтавалі 9 тон попелу, які павышае не толькі ўраджайнасць даўгунцу, але і якасць валакна. Нават уявіць немагчыма, якімі намаганнямі забяспечаны такі вынік. Невыпадкова Леакадзія Баляславаўна называла лён клапатлівай культурай, пры вырошчванні якой усё важна.

У калгасе імя Чапаева некалькі гадоў запар сеялі па 167 гектараў даўгунцу – усе па шматгадовых травах. Угнойвалі аргана-мінеральнымі сумесямі, якія дапаўнялі цэнтнерамі попелу. Каню- шынішчы абавязкова ўзорвалі восенню. Вясной, як толькі было магчыма, у поле выходзілі цяжкія дыскавыя бароны, потым – лёгкія. Апрацоўку глебы завяршалі звычайныя бароны з каткамі. Сеялі ў тры тэрміны, каб і ўбіраць не ўсё адразу, вузкарадавым спосабам і як мага раней, калі зямля прагравалася да +8. Потым праводзілі хімпраполку і падкормкі. На сваіх палетках Леакадзія Баляславаўна пільна сачыла, якія ўчасткі патрабуюць дадатковай апрацоўкі.

Церабленне пачыналі ў фазе ранняй жоўтай спеласці, найперш – палегліцы. Тукі ўносілі з улікам кіслотнасці глебы, былі асцярожныя з азотнымі ўгнаеннямі на ўрадлівых палях.

Старшыня клапаціўся, каб сяўба праводзілася толькі першакласным насеннем, вельмі чыстым, з высокай усходжасцю, не менш за 95 %. Вясной насеннаму матэрыялу нават забяспечвалі сонечны абагрэў.

Трасту са сцелішчаў пачыналі ўзнімаць у жніўні выбарачна, па меры вылежкі, потым перад здачай дадаткова сартавалі па колеры, даўжыні сцябла і яго таўшчыні, іншых паказчыках. Улічвалі, што самы вялікі выхад доўгага валакна забяспечваюць менавіта жнівеньскія росы.

Пералічаны далёка не ўсе асаблівасці агратэхнікі вырошчвання даўгунцу, якіх дакладна імкнуліся захоўваць ільнаводы калгаса імя Чапаева. І гэта прыносіла добры плён, з году ў год павялічваўся ўраджай і семя, і валакна. У 1968-м ужо адзначана іх станоўчая работа на раённым узроўні. Тады ў сярэднім па раёне кожны гектар ільну забяспечыў па 5,1 цэнтнера валакна і 4,6 ц семя. А Леакадзія Зімнік са сваім звяном на 18 гектарах угоддзяў забяспечыла па 7 ц/га семя і 6,8 ц/га валакна. Трасту рэалізоўвала сярэднім нумарам 1.10. Як вынік, кожны гектар забяспечыў 1 064 рублі даходу. Вынік пераўзышоў чаканні. Вось да гэтага перыяду як журналіст хачу прыпісаць Акіму Аляксеевічу думку, што для яго настаў час вырошчваць з Лідзіі Баляславаўны Зімнік уласнага Героя. Важкім крокам да высокай мэты стала вылучэнне звеннявой на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў. З Масквы яна вярнулася акрыленая знаёмствам з вядомай усёй Віцебшчыне ільнаводкай з Талачынскага раёна, Героем Сацыялістычнай Працы Ганнай Іванюта: яе звяно атрымлівае па 8-9 цэнтнераў валакна з гектара, ці ж мы горшыя?!

У рэзерв сабе чапаеўскія льнаводы залічвалі традыцыйнае выкарыстанне попелу ў дадатак да мінеральных тукаў, укараненне перадавой аргтэхнікі вырошчвання і ўборкі «паўночнага шоўку» і асабліва – сартавання трасты. Якраз да гэтага часу прыйшоўся пераход з ранейшага сорту лёну «І-9» на новы «К-6». А як аблегчыла працу механізаванае церабленне даўгунцу! Першы камбайн вывеў на палеткі гаспадар МТЗ-50 Мікалай Лакотка, затым праз год калгас набыў яшчэ два для Івана Панізніка і Дзмітрыя Парадніка.

Агульныя намаганні прынеслі свой плён. У 1970-м звяно Леакадзіі Зімнік ужо вырошчвала даўгунец на 34 гектарах, з кожнага атрымала па 10 цэнтнераў валакна і па 7,1 ц семя, а ў калгасную касу ўнесла 46 750 рублёў. Рэнтабельнасць ільнаводства ў сельгасарцелі імя Чапаева вагалася тады ў межах 76-82 %.

Асабіста Леакадзія Баляславаўна была ўключана ў толькі што ўтвораны раённы Савет калгасаў, ёй прысвоена званне «Наватар сельскагаспадарчай вытворчасці». Аднак зорны час настаў у красавіку 1971-га з прысваеннем звання Героя Сацыялістычнай Працы. У маі яе прозвішча занесена на раённую Галерэю перадавікоў вытворчасці (цяпер – Дошка гонару). Усё нібы крыху авансам, але цалкам заслужана. Восенню звеннявая рапартавала аб ураджаі семя ў 131 цэнтнер з гектара, а валакна у 10,0 ц/га. Хаця крыху меншыя паказчыкі па валакну абнародаваны пры занясенні Леакадзіі Зімнік на раённую Галерэю перадавікоў у наступным 1972 годзе. Пры тым адзначаны сярэдні нумар рэалізаванай трасты 1.35 (нават сёння можна зайздросціць!) і даход з гектара пасеваў у 1980 рублёў.

Для калгаса 1971 год таксама быў паспяховым у льнаводстве. Ён заняў першае месца ў раёне: кожны з 167 гектараў даў па 9,3 цэнтнера валакна і па 9,4 ц семя, планы продажу льнопрадукцыі выкананы адпаведна на 172,1 % і на 383,8 %. Выручка з кожнага гектара склала 1 765 рублёў, рэнтабельнасць галіны перабольшыла 90 %!

Каб ацаніць гэтыя вынікі, спашлюся на паказчыкі калгаса «Язна», які лідзіраваў у другой групе гаспадарак з ураджаем валакна 6,7 ц/га, семя – 5,5 і выручкай 1 154 рублі з гектара. Дасягненні лідараў трэцяй і чацвёртай груп – калгасаў «Праўда» і імя Пушкіна – яшчэ ніжэйшыя.

Леакадзія Баляславаўна марыла аб ураджаі ў 15 цэнтнераў валакна і семя з гектара. Намаганні ў гэтым напрамку стымулявалі медалі ВДНГ. Радавалася, што сыны растуць працавітымі, паслухмянымі, уважлівымі. Ды надта рана забралі мужа Васіля Мікалаевіча радавыя могілкі ў Вараньках, сама атрымала траўму, меліяратары патрабавалі ад удавы пераносіць хату з акультурваемых зямель, а яшчэ памянялася кіраўніцтва гаспадаркі.

Тут дарэчы аказалася абяцанне падтрымкі пляменніцы з Віцебска.

Працоўны шлях Леакадзіі Баляславаўны закончыўся на Віцебскім дывановым камбінаце. На пенсіі жыла сціпла. Яшчэ пераадолела не адну жыццёвую трагедыю. Не выпячвала былыя заслугі і вялікія ўзнагароды. З павагай ставілася да суседзяў і да яе з цеплынёй хінулася ўся вуліца.

Нашай славутай зямлячкі не стала 23 снежня 2012-га, ёй ішоў 77-ы год. Як перачытваў нарыс Яўгена Стамінка «Школа Леакадзіі Зімнік» у зборніку «Знаменосцы трудовой славы» (1984 г.), у душу запалі словы Акіма Аляксеевіча Чувікава: «З такімі, як Леакадзія і яе муж, можна горы звярнуць».

P.S. 
Прабачце, прапусціў істотны момант: Леакадзія Зімнік яшчэ ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з архіва рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий