В этом году Петру Петровичу Кондрашову, первому Герою Социалистического Труда на Миорщине, исполнилось бы 100 лет

Первым на Миорщине Героем Социалистического Труда стал Петр Петрович Кондрашов. В этом году ему исполнилось бы 100 лет. Это чрезвычайно важный повод напомнить об основных моментах жизни замечательного человека, прекрасного хозяйственника.

Першым на Міёршчыне Героем Сацыялістычнай Працы стаў Пётр Пятровіч Кандрашоў. Сёлета яму споўнілася б 100 гадоў. Гэта надзвычай важная падстава нагадаць пра асноўныя моманты жыцця выдатнага чалавека, цудоўнага гаспадарніка.

Пётр Кандрашоў нарадзіўся 22 лютага 1924 года ў вёсцы Дзямідавічы (цяпер – цэнтр сельсавета) Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай (пяць сыноў і дзве дачкі) сялянскай сям’і. Быў малодшым сярод братоў. Рана спазнаў нялёгкую цану хлебаробскай працы, засвоіў асновы сельскай гаспадарлівасці. Пасля сямігодкі паступіў у Смілавіцкі сельгастэхнікум, але паспеў скончыць толькі два курсы – вайна. Лёс братоў Івана і Васіля, якія ў гэты час служылі ў арміі, застаўся невядомым. Старэйшыя Ігнат і Павел былі мабілізаваны, вярнуўся толькі Ігнат.

Пётр летам 1941-га вярнуўся да бацькоў і ўвесь час акупацыі дапамагаў ім весці гаспадарку. Касцюковіцкі раён быў вызвалены першым у рэспубліцы ў канцы верасня 1943 года. Ужо 2 кастрычніка 19-гадовы юнак прызваны на службу ў Чырвоную Армію, а праз месяц удзельнічаў у баях. 28 лістапада паранены. Пасля шпіталя вярнуўся ў дзеючую армію і вызваляў Беларусь, Украіну і Польшчу. 28 жніўня 1944-га зноў паранены, але лёгка, малодшы сяржант Кандрашоў застаўся ў страі. У студзені 1945-га ён служыў ратным пісарам у 1030-м палку 260-й стралковай Ковельскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 2-й ступені дывізіі ў складзе 47-й арміі. Потым удзельнічаў у Вісла-Одэрскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай наступальных аперацыях. Вызначыўся ў сакавіку ў баях пад Шчэцінам. Калі дастаўляў ежу на пярэдні край байцам роты, нечакана сутыкнуўся з групай праціўніка. Не разгубіўся, агнём з аўтамата знішчыў пяцярых салдат ворага, астатніх прымусіў уцякаць. За тое, што папярэдзіў раптоўнае напа- дзенне немцаў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Неўзабаве Пётр Кандрашоў прызначаны камандзірам аддзялення. У красавіку ў баях за Брандэнбург ён са сваімі байцамі пасля артылерыйскай падрыхтоўкі дасягнуў намечанага рубяжа, пры тым знішчыў чатырох гітлераўцаў і двух узяў у палон. Рухаючыся наперад, знішчыў «фаустніка», які падбіраўся да савецкай «самаходкі». Калі руху наперад перашкодзіў агонь двух кулямётаў, сяржант Кандрашоў па сваёй ініцыятыве прабраўся ў тыл агнявых кропак і закідаў іх гранатамі, з аўтамата знішчыў шасцярых гітлераўцаў і яшчэ чацвярых узяў у палон. Такім чынам рота змагла рухацца далей. А сяржант быў адзначаны ордэнам Славы 3-й ступені.

Перамогу Пётр Кандрашоў сустрэў на Эльбе. Праслужыў яшчэ да 15 мая 1947 года, а потым вярнуўся ў Смілавіцкі сельгастэхнікум. Аграномам-насенняводам пачаў працаваць па размеркаванні ў калгасе «Праўда» на Верхнядзвіншчыне, дзе займаўся травамі, затым быў аграномам насенняводчай гаспадаркі «Новы шлях» у Шайцераве.

Для нас у біяграфіі Пятра Пятровіча важны 1952 год, калі ён пераехаў на Міёршчыну і стаў галоўным аграномам 2-й Міёрскай МТС у Клётавым Двары. Выконваў і абавязкі кіраўніка, а з 1954-га прызначаны дырэктарам. У наступным годзе прыняты ў партыю.

У 1958 годзе МТС ліквідавалі, і Пётр Пятровіч прызначаецца начальнікам раённай інспекцыі па сельскай гаспадарцы. Толькі год ён адпрацаваў на гэтай пасадзе, як райкам партыі накіраваў былога франтавіка ўзнімаць адстаючы калгас «Маладая гвардыя».

Калгас «Маладая гвардыя» ўтварыўся ў красавіку 1954 года ў выніку аб’яднання невялікіх сельгасарцелей імя Калініна і «Чырвоны сцяг». Узбуйненая гаспадарка мела 2 478 гектараў сельгасугоддзяў і 67 кароў мясцовай пароды, ад якіх надойвалі па 850 кілаграмаў малака. Ды і гэтаму невялікаму статку пастаянна не хапала кармоў. Меры па выпраўленні сітуацыі прымаліся. Зімой з 1956 на 1957 год у Латвіі закуплена 41 цялушка буралатвійскай пароды. А вясной пасеялі значныя плошчы салодкага лубіну для падкормкі жывёлы. У 1958-м з’явіліся пасевы вікі. У 1959-м, ужо пры новым кіраўніку, яе сталі сіласаваць разам з першым «волатаўскім» ураджаем кукурузы. Вось тады калгас забяспечыў надой на карову ў 1 834 кілаграмы. Нібы і зрухі былі, ды гаспадарка мела 700 тысяч рублёў даўгоў.

Вось такую спадчыну атрымаў у якасці старшыні «Маладой гвардыі» Пётр Кандрашоў. Потым успамінаў, што ў гаспадарцы не было нават будынка, каб сабраць усіх хлебаробаў, галасавалі за яго ў жвіравым кар’еры.

Пачынаў новы кіраўнік з належнай арганізацыі працы калгаснікаў. У раслінаводстве дбаў пра павышэнне ўраджайнасці ўсіх культур, асабліва кармавых: кантраляваў выкарыстанне ўгнаенняў і якасць апрацоўкі глебы. У жывёлагадоўлі клапаціўся пра павелічэнне пагалоўя высокапрадукцыйнага статку, нават сам удзельнічаў у закупе ў блізкім замежжы буралатвійскіх цялушак. Ужо праз год надой на карову павялічыўся да 2 176 кг і «Маладая гвардыя» на працяглы перыяд стала лідарам па гэтым паказчыку ў раёне. Праз два гады ліквідавана крэдытная запазычанасць перад дзяржавай.

На пленуме райкама партыі ў 1963 годзе адзначана, што укамплектаванне племянным статкам ферм калгаса з’яўляецца прыкладам для ўсіх гаспадарак раёна мясамалочнай накіраванасці. На МТФ утрымлівалася 360 кароў, тры чвэрці з іх з’яўляліся высокапрадукцыйнымі. «Маладая гвардыя» трывала ўтрымлівала першае месца па вытворчасці малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў і па надоях на фуражную карову. А даярка Вацлава Шарковіч з надоем больш чым у 4 тысячы кг другі год трымала першынства ў вобласці, з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

«Маладая гвардыя» спецыялізавалася і на вырошчванні свініны. Эфектыўнасць галіны забяспечвала механізацыя ўсіх працэсаў. 800 свіней тут даглядалі толькі чатыры чалавекі, калі раней – 10 (7 свінарак і 3 падвозчыкі кармоў).

Значны даход давала льнаводства, больш за 700 рублёў з гектара, таксама самы высокі паказчык у раёне. А вынікі ў звяна таварыша Танайна былі значна лепшымі: кожны з 25 га забяспечваў паступленне ў калгасную касу 962 рублёў, бо рэалізавалі доўгае валакно 13-м нумарам.

У Пятра Пятровіча Кандрашова былі вялікія планы, і ён дабіваўся іх рэалізацыі. У 1964-м з кожнага гектара пасеваў калгас меў да 37 цэнтнераў зерневых, 200 ц бульбы, 9 ц ільновалакна. З улікам жывёлагадоўлі рэнтабельнасць гаспадаркі вырасла да 40 %. Прыбытак склаў амаль паўтара мільёна рублёў.

У 1965 годзе «Маладая гвардыя» выканала 3,5 гадавога плана продажу дзяржаве льносемя і два планы – валакна. Як не сказаць, што калгас яшчэ доўга прадаваў даўгунец менавіта валакном, а не трастой, як іншыя. На прыватныя папрокі раённых спецыялістаў, што гэта малаэфектыўна эканамічна, у Пятра Пятровіча хапала аргументаваных пярэчанняў. Аднак галоўны довад ён не выказваў публічна: апрацоўка трасты на месцы дазваляла атрымліваць добры заробак зімой не толькі непасрэдна льнаводам. Гэта быў сродак захоўвання стабільнасці калектыву, калі праз Дзвіну прывабны ўмовамі працы Верхнядзвінск.

За поспехі ў развіцці вытворчасці, найперш жывёлагадоўлі, павелічэнне рэалізацыі сельгас-
прадукцыі Указам Прэзідэнта Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года Пятру Кандрашову прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, першаму на Міёршчыне.

Ордэн Леніна і залаты медаль «Серп і Молат» натхнялі на новыя здзяйсненні. Пётр Пятровіч вывучаў вопыт вытворчасці кармоў у гаспадарках Літвы і Латвіі, дасягнення высокіх ураджаяў ільну на Смаленшчыне, перспектыўнай арганізацыі выкарыстання і абслугоўвання тэхнікі – на Пскоўшчыне. Самае каштоўнае ўкараняў у сябе, прапагандаваў у раёне. Гэта садзейнічала новым поспехам у наступнай пяцігодцы. Асабліва плённым аказаўся для «Маладой гвардыі» юбілейны ленінскі 1970 год. Павялічылася вытворчасць малака і мяса, сабрана па 27,1 цэнтнера зерневых на круг, па 158 ц бульбы, 5,6 ц ільнасемя, 480 ц караняплодаў. Ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі на рахунак калгаса паступіла больш за мільён рублёў, чысты прыбытак склаў 380 тысяч.

За поспехі ў выкананні планаў пяцігодкі і павышэнне эфектыўнасці сельгасвытворчасці ў лютым 1971 года калгас «Маладая гвардыя» ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», а непасрэдна Пётр Кандрашоў – ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Асабліва памятным для яго стаў удзел у рабоце XXIV з’езда КПСС.

У 1971-75 гадах у калгасе разгарнулася вялікае культурна-бытавое будаўніцтва. На тэрыторыі гаспадаркі дзейнічалі дзве школы, бібліятэка, два клубы, стацыянарная кінаўстаноўка, аддзяленне сувязі, ФАП, два магазіны, швачнае атэлье, комплесны прыёмны пункт КБА.

Калгас «Маладая гвардыя» пад кіраўніцтвам Пятра Пятровіча працаваў стабільна. Але з часам ветэрана вайны стала падводзіць здароўе. У канцы 1983 года ён перадаў у іншыя рукі старшынёўскі партфель, у маі 1990-га вымушаны быў адмовіцца ад пасады намесніка старшыні па кормавытворчасці, у кастрычніку 1995-га як інвалід пайшоў на заслужаны адпачынак.

Жыццёвы шлях Героя Сацыялістычнай Працы скончыўся 11 снежня 1998 года.

Гэты матэрыял – толькі кароткі пераказ біяграфіі вялікага чалавека з выкарыстаннем звестак з інтэрнэт-рэсурсаў пуб- лікацый раённай газеты «Сцяг працы» і асабістых успамінаў. А колькі можна сказаць пра дзейнасць Пятра Пятровіча як члена Віцебскага абкама партыі і дэпутата абласнога Савета, члена райкама і бюро Міёрскага РК КПБ, дэпутата раённага і сельскага (Лявонпальскага, а затым Даўгінаўскага) Савета.

Прабачце, названы не ўсе ўзнагароды Пятра Пятровіча: ён яшчэ меў ордэны Айчыннай вайны 2-й ступені (11.03.1989) і «Знак Пашаны» (18.01.1958), медалі «За адвагу» (11.01.1945), «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і юбілейныя – усяго 12.

Асобнага аповяду заслугоўвае Пётр Пятровіч як на- дзейны і клапатлівы муж, бацька, дзядуля. Яго заслуга, што сын таксама стаў аграномам, сваё жыццё прысвяціў развіццю сельгасвытворчасці на Міёршчыне.

Яшчэ раз: сёлета Герою Сацыялістычнай працы Пятру Кандрашову, першаму Герою на Міёршчыне, споўнілася б сто гадоў. Схілім галовы перад яго памяццю.

Падрыхтаваў Леанід Матэленак.
Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий