Память жителей Миор еврейской национальности, расстрелянных 2 июня 1942 года, почтили во время митинга
gazeta 3-06-2024, 15:22 731 На Міёршчыне / Год исторической памяти
Миллионы людей в годы Великой Отечественной войны нашли вечный покой на белорусской земле. Одни погибли на поле боя, другие стали жертвами геноцида. Память жителей Миор еврейской национальности, расстрелянных 2 июня 1942 года, почтили во время митинга.
Мільёны людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны знайшлі вечны спачын на беларускай зямлі. Адны загінулі на полі бою, другія сталі ахвярамі генацыду. Памяць жыхароў Міёр яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных 2 чэрвеня 1942 года, ушанавалі падчас мітынгу.
Генацыд мірнага насельніцтва – адно з самых страшных зладзействаў фашысцкага акупацыйнага рэжыму, падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў. Нагадаў, што за гады акупацыі гітлераўцы правялі на Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый, якія забралі жыцці каля трох мільёнаў чалавек. У 1942 годзе 2 чэрвеня ў Міёрах, а 14 – у Дзісне адбыліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.
– Расстрэлы адрозніваліся асаблівымі жорсткасцю і цынізмам. Стоячы ў калонах распранутымі, з дзецьмі на руках людзі чакалі ракавога выстралу, – заўважыў Сяргей Алегавіч. – Па ўстаноўленых дадзеных, фашысцкімі карнікамі ў Міёрах знішчана 768 нявінных жыхароў. У Дзісне расстраляна 3 800. Імёны амаль 3 тысяч застаюцца невядомымі. Мы павінны памятаць пра ўсіх – вядомых і безыменных. Наш святы абавязак – захаваць краіну і зберагчы мір на роднай зямлі.
З 2021 года ідзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Як адзначыў пракурор раёна Андрэй Вецюгоў, нават на вопытных пракурораў і следчых аказваюць моцнае ўражанне рэшткі цел матуль, якія прыціскалі да грудзей немаўлят.
– Гэта трагедыя павінна заставацца ў памяці як урок для кожнага, каб падобныя падзеі ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі, – адзначыў Андрэй Барысавіч.
Пра неабходнасць праз пакаленні перадаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і яе ахвяр гаварыла старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Гур’ева.
– Штогод мы збіраемся ў месцы, палітым крывёй нявінных людзей, каб перадаць нашчадкам памяць пра трагедыю, якой няма ні даравання, ні забыцця, – заўважыла Галіна Барысаўна. – Тут нават гаварыць складана. Здаецца, самі дрэвы плачуць і схіляюць свае верхавіны ў памяць пра дзяцей, старых, жанчын, загінулых ад рук нацыстаў. Мы павінны памятаць пра гэта. І перадаваць памяць маладому пакаленню. Толькі мір і дабрыня, любоў захаваюць планету і нас з вамі. Наша будучыня ў нашых руках.
Хвіліна маўчання... Да брацкай магілы кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў горада ўсклалі кветкі і вянкі.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.