Интересные отношения и новые навыки радуют Валентину Костюкевич из Дисны
gazeta 3-02-2024, 10:32 3 198 На Міёршчыне / Вясковае жыццёВ клуб» Золотой возраст " при отделении для пожилых людей в Дисне Валентину Васильевну Костюкевич привела потребность в отношениях. Восьмой год с удовольствием приходит на встречи с хорошими подругами, интересными практиками, новыми впечатлениями.
У клуб «Залаты ўзрост» пры аддзяленні для пажылых людзей у Дзісне Валянціну Васільеўну Касцюкевіч прывяла патрэба ў стасунках. Восьмы год з задавальненнем прыходзіць на сустрэчы з добрымі сяброўкамі, цікавымі практыкамі, новымі ўражаннямі.
Адна з традыцый клуба «Залаты ўзрост» – Дзень імянінніка. Падчас святочных пасяджэнняў за багата і смачна накрытым сталом гучаць віншаванні, цёплыя пажаданні, добрыя словы ў адрас тых, хто сустракае асабісты новы год. Ласункі гатуюць самі ўдзельніцы, кожная імкнецца здзівіць і парадаваць новай ці класічнай стравай. На студзеньскую сустрэчу Валянціна Касцюкевіч прынесла гарбузовыя блінцы з цыбуляй-парэем і тварожны дэсерт.
– Кулінарыя – адно з маіх захапленняў. Запісваю ў агульныя сшыткі рэцэпты страў, а пасля правяраю іх на практыцы. Люблю частаваць сябровак смачнымі навінкамі, – расказвае яна. – Мінулым летам у клубе адзначалі мой юбілей. Да святочнага стала гатавала фаршыраваную рыбу.
РАДКІ БІЯГРАФІІ
Валянціна Васільеўна Касцюкевіч родам з Дзісны.
У гандлёвым вучыліш-чы атрымала прафесію прадаўца. Затым у тэхнікуме вывучылася на та-варазнаўцу.
Першае працоўнае месца – магазін у вёсцы Забалоцце Перабродскага сельсавета. Там адпрацавала пяць гадоў, а затым перавялася ў Дзісну.
У працоўнай кніжцы ветэрана працы адзіны запіс, а стаж налічвае 37 гадоў.
У свае семдзясят гадоў Валянціна Васільеўна падцягнутая, бадзёрая, актыўная. Займаецца скандынаўскай хадой, спрабавала ёгу, аднак аддала перавагу комплексу практыкаванняў для здаровай спіны. Любіць вандраваць, вучыцца новаму, цэніць стасункі з людзьмі. Усё гэта знаходзіць у клубе «Залаты ўзрост».
– Прыйшла сюды ў першую чаргу таму, што не хапала стасункаў. У мінулым я прадавец, размовы з людзьмі былі пастаянным складнікам паўсядзённасці. На пенсіі гэтага не хапала, – гаворыць суразмоўніца. – У клубе цёплыя сустрэчы і цікавыя заняткі. Наш кіраўнік Алена Ільічова ладзіць экскурсіі і паездкі. Былі ў Мосары, завіталі ў Глыбокае на «Вішнёвы фестываль», падарожнічалі па маршруце Іказнь – Слабодка – возера Божае вока – Браслаў, наведалі краязнаўчы музей у вёсцы Валынцы Верхнядзвінскага раёна. Многія месцы для сябе адкрыла.
СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТУ
Алена Ільічова, кіраўнік клуба «Залаты ўзрост»:
– Валянціна Васільеўна адкрыта новаму. Ёй усё цікава, і гэта цудоўна. Падтрымлівае ідэі, якія прапаноўваем, і працягвае іх самастойна. Так, паездка на «Вішнёвы фестываль» у Глыбокае натхніла яе пабываць на свяце «Перабродская зорка». Там наведала майстар-клас па валянні з воўны. Актыўная ўдзельніца дыялогаў з доктарам Таццянай Бандарэвіч, якая расказвае аб пры-мяненні лекавых раслін. Цікаўная і добразычлівая, яна імкнецца быць сярод людзей і не спыня-ецца ў развіцці.
Асвойваюць новыя навыкі. Разам з сяброўкамі Валянціна Васільеўна на працягу года ездзіла ў Міёры на курсы камп’ютарнай граматнасці, што дзейнічалі ў аддзяленні для пажылых людзей падчас рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Кафэ «Сярэбраны ўзрост». Практыкуецца ў рукадзеллі. Навучылася вязаць дыванкі без спіц і кручка. Цяпер вывучае майстэрства плесці з газетных трубачак.
– Прыедзе летам на канікулы ўнучка-шасцікласніца Леначка, і яе навучу. За такім заняткам сумна не будзе, – кажа бабуля.
Унукаў у Валянціны Васільеўны чацвёра. Старэйшы Мікіта – студэнт-чацвёртакурснік, Ягор і Андрэй – адзінаццацікласнікі. Дзеці Святлана і Сяргей жывуць са сваімі сем’ямі ў Наваполацку. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі справу па душы. Бацькі рады іх дабрабыту, заўжды чакаюць дадому.
Блізкімі сталі для Валянціны Васільеўны ўдзельніцы «Залатога ўзросту». З імі прыемна бавіць час, абмяркоў-
ваць актуальныя тэмы, абменьвацца парадамі. Падзяліцца ёсць чым. Гаспадыня ведае толк у вырошчванні лекавых раслін. У яе на градках штолета растуць размарын, меліса, шалфей, дзівасіл, акопнік і іншыя прыродныя лекі. Эксперыментуе з зелянінай і гароднінай. Сёлета ўрадзіла брусэльская капуста, а вось савойская падвяла. Прапісаліся на гародчыку салера (рус. сельдерей), шпінат, цыбуля-парэй. Апошняя і зімой пачастуе зялёнымі сцяблінамі, калі захоўваць яе ў кладоўцы з камфортнай тэмпературай, расклаўшы па скрынях і прысыпаўшы карані пяском.
Любімыя кветкі – ружы. Доўга красуюць ля дома кусты, усыпаныя белымі і ружовымі краскамі. Зімой прыемна пераглядаць кветкавыя фота ў тэлефоне. Застаюцца здымкі і пасля сустрэч у клубе, які для Валянціны Васільеўны стаў пастаянным складнікам пенсіённых дзён.
Цікава ведаць
Вучыцца ніколі не позна. І нават у сталым узросце можна ажыццяўляць мары. Вось некалькі прыкладаў.
v У 2010 годзе за парту адной са школ кітайскай правінцыі Шаньдунь села вучаніца Ма Сюсіань ва ўзросце 102 гадоў. Да гэтага магчымасці вучыцца ў яе не было. З 13 гадоў працавала, у 18 выйшла замуж і выхавала дзевяць дзяцей. Пра яе жаданне атрымаць адукацыю кіраўніцтва школы даведалася з інтэрв’ю ў газеце. Бабулю запрасілі на заняткі. Вучаніцай яна стала толькі на адзін дзень, і ўсё ж часткова мара збылася. На ўроках Ма спатрэбіліся лупа і слыхавы апарат.
v У верасні 2011 года жыхарка амерыканскага штата Юта Мэры Хардзісан здзейсніла першы ў сваім жыцці палёт на параплане. Менавіта ў той дзень, калі ёй споўніўся 101 год. Натхніў яе 75-гадовы сын, які захапляўся палётамі на параплане. «Усё, што можа рабіць маё дзіця, магу рабіць і я!» – заўважала доўгажыхарка. Пасля палёту яе родныя аформілі заяўку на рэгістрацыю ў Кнізе рэкордаў Гінеса. 20 сакавіка 2012 года дасягненне Мэры Хардзісан атрымала афіцыйны статус.
v У 2014 годзе жыхар Якуцка Пётр Навумаў – інвалід першай групы па зроку – здзейсніў забег працягласцю ў 3 850 км ад возера Ільмень у Наўгародскай вобласці да Севастопаля. На той час марафонцу было 65 гадоў. На маршрут, што праходзіў праз Вялікі Ноўгарад, Ржэў, Маскву, Тулу, Наварасійск, Керч адправіўся адзін. Адолеў адлегласць за 78 дзён. Гэта не адзіны прыклад яго экстрэмальных забегаў. Дарэчы, сур’ёзна займацца бегам пачаў у 40 гадоў.
Бліны гарбузовыя з цыбуляй-парэй
Інгрэдыенты:
1 яйка;
1 сталовая лыжка цукру;
дробка солі;
100 г пюрэ з гарбуза (нацерці гарбуз на дробную тарку і пюрыраваць блэндарам);
1 шклянка малака;
2 няпоўныя шклянкі мукі;
100 мл кіпеню;
2 сталовыя лыжкі расліннага алею.
Для начынкі:
пучок цыбулі-парэю;
3 вараныя яйкі.
Для цеста змяшаць усе інгрэдыенты, спячы бліны.
Для начыння цыбулю дробна парэзаць, абсмажыць на сметанковым масле. Яйкі здрабніць, перамяшаць з цыбуляй, падсаліць і пюрыраваць блэндарам. Начыніць бліны.
Тварожны дэсерт з ягадамі
На адну порцыю:
200 г тварагу;
100 г смятаны;
70 – 100 г цукру;
1 чайная лыжка жэлаціну;
замарожаныя ягады.
Размачыць жэлацін, давесці да кіпення, але не кіпяціць.
Тварог і смятану перамяшаць да аднароднасці. Дабавіць жэлацін, перамяшаць.
Ягады дабавіць у масу і ўпрыгожыць імі дэсерт зверху. Пакінуць у халадзільніку для застывання.
Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіча.