У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН навагодні настрой панаваў з пачатку тыдня. У панядзелак яго наведвальнікі распісвалі пернікі для навучэнцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, а ў сераду чакалі іх у госці.
– Адзначаць святы разам з выхаванцамі ЦКРНіР стала добрай традыцыяй для нашага аддзялення, – заўважае загадчыца Ала Федарэц. – Зімовую сустрэчу назвалі «Навагодні серпанцін». Для дзетак з карэкцыйнага цэнтра падрыхтавалі забавы і падарункі. Яны лю- бяць бываць у нас у гасцях, асабліва падабаецца ім у трэнажорнай зале.
Перш-наперш да трэнажораў скіраваліся юныя госці. Пасля размінкі дзецям прапанавалі конкурсы і забавы. Зацікавіў майстар-клас па роспісе керамічных дракончыкаў. З дапамогай сваіх педагогаў і спецыялістаў аддзялення ТЦСАН дзеці размалявалі фігуркі. Атрымалася навагодняе ўпрыгожванне.
– Сустрэлі нас цёпла і гасцінна, – заўважае педагог ЦКРНіР Лія Трызна. – Мерапрыемства вясёлае і цікавае. Нашы навучэнцы рады былі атрымаць у падарунак пернікі, забралі з сабой размаляваных дракончыкаў. З задавальненнем пазіравалі ў навагодняй фотазоне.
Кацярына Рынкевіч. Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.