Асноўнай тэмай Дня інфармавання у Перабродскім сельсавеце стала сацыяльная бяспека
gazeta 23-10-2023, 16:29 1 463 На Міёршчыне
Асноўнай тэмай Дня інфармавання, што на мінулым тыдні ахапіў Перабродскі сельсавет, стала сацыяльная бяспека, яе асноўныя прынцыпы і прыярытэты. Разгледзелі ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства і іншыя важныя пытанні.
Дзяржава падтрымлівае і абараняе
Выступоўцы з інфармацыйна-прапагандысцкіх груп заўважалі, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя выклікі часу, беларуская дзяржава забяспечвае кожнаму грамадзяніну сацыяльныя гарантыі і магчымасці для самарэалізацыі. Усебакова падтрымлівае чалавека на працягу яго жыцця. Асаблівая ўвага – уразлівым катэгорыям насельніцтва і тым, хто трапіў у цяжкую сітуацыю.
У праекце новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь асаблівая ўвага надаецца сацыяльнай бяспецы. Гэта стан абароненасці асобы, грамадства і дзяржавы ад уздзеяння сацыяльных пагроз, які забяспечвае захаванне жыцця, здароўя і дабрабыту грамадзян, духоўна-маральных каштоўнасцей народа.
У Беларусі сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка, якая даказала сваю эфектыўнасць. На фінансаванне галін сацыяльнай сферы штогод накіроўваецца каля 12 % ВУП.
Асноўная задача дзяржавы – забяспечыць чалавеку годны ўзровень сацыяльнай абароны і падтрымкі. Перш-наперш яна заключаецца ў росце заработнай платы. З 1 студзеня ўстаноўлены дадатковыя стымулюючыя выплаты асобным катэгорыям работнікаў адукацыі, фізічнай культуры і спорту, аховы здароўя. З 1 верасня павялічаны заробак для педагогаў. За студзень – ліпень намінальная налічаная заработная плата дасягнула 115 % да аналагічнага ўзроўню летась. У маі і верасні былі пераразлічаны працоўныя пенсіі. Сёлета іх сярэдні памер па ўзросце склаў 118 % да мінулагодняга. Для падтрымання малазабяспечаных сем’яў і грамадзян рэалізуецца дзяржпраграма адраснай сацыяльнай дапамогі. За першае паўгоддзе яе атрымалі 142,3 тысячы чалавек на суму 72,5 мільёна рублёў.
У краіне эфектыўна дзейнічае сістэма сацыяльнага абслугоўвання. Найбольш запатрабаваныя паслугі на даму, а таксама ва ўмовах дзённага знаходжання ва ўстановах. Адзін з ключавых напрамкаў сацыяльнай палітыкі – клопат пра інвалідаў.
Атрымліваючы даброты ад дзяржавы, і мы павінны клапаціцца пра яе дабрабыт. Сёння рынак працы стабільны, зніжаны ўзровень беспрацоўя, назіраецца ўстойлівы рост попыту на рабочую сілу, пра што сведчыць Агульнарэспубліканскі банк вакансій. Асабліва маюць патрэбу наймальнікі ў спецыялістах рабочых прафесій, звыш 80 % беспрацоўных навучаюцца пад іх заказ з гарантыяй наступнага працаўладкавання.
Спакон вякоў надзейнай асновай для развіцця грамадства былі і застаюцца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Менавіта ў сям’і закладваюцца паняцці любові да Радзімы, вернасці доўгу, гонару і годнасці. Дзяржава падтрымлівае бацькоў, пачынаючы ад выплат у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей да дапамогі шматдзетным пры будаўніцтве жылля, а таксама гарантый і льгот у розных сферах.
Яшчэ адна з галоўных умоў захавання нацыі – умацаванне грамадскага здароўя. У нашай краіне добраахвотнае медыцынскае страхаванне з захаваннем бюджэтнага фінансавання. Першаснай хуткай меддапамогай ахоплена ўсё насельніцтва, накіравана на выяўленне фактараў рызыкі для здароўя дыспансерызацыя.
У ліку прынцыпаў сацыяльнай бяспекі таксама развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства. Адукацыя – прыярытэтны накірунак дзяржаўнай палітыкі. Узровень граматнасці дарослага насельніцтва складае
99,7 %, базавай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй ахоплена 98 %. Дзейнічаюць спецфонды Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.
Забеспячэнне правапарадку – важная ўмова грамадскай стабільнасці. За 2021-ы – першае паўгоддзе 2023-га назіраецца станоўчая дынаміка злачыннасці і крыміналізацыі грамадства. Пагражае сацыяльнай, палітычнай, дэмаграфічнай, эканамічнай, унутранай бяспецы любой дзяржавы наркаманія і незаконны абарот наркотыкаў. З асобамі, якія пакутуюць ад алкагалізму і іншых залежнасцей, вядуць індывідуальную работу, садзейнічаюць у іх працаўладкаванні.
З яшчэ адной пагрозай – карупцыяй – у Беларусі змагаюцца праз сістэму, якая адпавядае базавым міжнародным антыкарупцыйным стандартам.
Усе даброты, якія прадастаўляе нам сацыяльна арыентаваная палітыка, – эталон рэальнага клопату пра сваіх грамадзян для многіх дзяржаў. Пры гэтым арыенцір у рабоце – мадэль, калі яна не проста бярэ на сябе вырашэнне ўсіх праблем чалавека, а стварае такія ўмовы, каб ён мог вырашаць іх самастойна.
За сваю бяспеку адказвае чалавек
Рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам» праходзіць з 16 кастрычніка па 1 лістапада. Пра гэта нагадалі супрацоўнікі РАНС. З пачатку года ў раёне здарылася 14 пажараў, загінулі два чалавекі. Згодна са статыстыкай, загаранні ад няспраўных або няправільна эксплуатуемых печак у асенне-зімовы перыяд узнікаюць амаль штодзень, таму не лішнім будзе нагадаць правілы. Дымавую трубу неабходна ачышчаць ад сажы не радзей за раз на год. Нельга распальваць печ лёгкаўспламяняльнымі і гаручымі вадкасцямі; прапальваць з адчыненымі дзверцамі; перакальваць; размяшчаць гаручыя рэчывы і матэрыялы на ёй або на адлегласці, здольным прывесці да іх загарання; паліць вугаль, кокс і газ у печах, не прызначаных для іх; пакідаць іх без нагляду. Печ, паверхні дымавой трубы і сцен, дзе праходзяць каналы, павінны быць спраўнымі, без трэшчын. На гарышчы іх неабходна атынкаваць і пабяліць. Штогод праводзіць праверку перад ацяпляльным сезонам.
З кастрычніка пачалася вакцынацыя супраць грыпу. Зрабіць прышчэпку можна да снежня, каб паспеў сфарміравацца імунітэт. Ёй належыць 6 035 чалавек па раёне, прайшлі працэдуру звыш
1 150. Чакаюць усіх жадаючых у медыцынскіх установах. Нагадвалі члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп пра бяспеку дзяцей. Апошнім часам нярэдка ім тэлефануюць ад імя газавай службы і просяць учыняць небяспечныя дзеянні, якія могуць прывесці да трагедый. Напрыклад, уключыць газ, а праз некаторы час паднесці туды запалку. Паведаміце малым, каб не адказвалі на званкі з незнаёмых нумароў.
Махляры не дрэмлюць, штодня па ўсёй рэспубліцы ўчыняюць розныя правапарушэнні. Тэлефануюць ад імя супрацоўнікаў банка і праваахоўных органаў. Нагоды розныя – нібыта ад вашага імя бяруць крэдыт; ваш блізкі трапіў у бяду і сітуацыю можна вырашыць з дапамогай грошай. Працягваць такія размовы не варта – лепш пакласці трубку, каб не трапіць пад уздзеянне злачынцаў.
Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.