30-летие отметила Миорская ветеранская организация
gazeta 28-03-2017, 11:21 0 НавіныУзрост не звужае кола чалавечых інтарэсаў, такое сцвярджэнне наглядна праілюстравала святкаванне 30-годдзя раённай ветэранскай арганізацыі. 21 сакавіка ў РДК на ўрачысты сход з усяго раёна сабраліся людзі, якія, здаецца, зусім нядаўна кіравалі калектывамі, былі заняты на вытворчасці, выхоўвалі дзяцей, арганізоўвалі культурную работу ці многае іншае. Ім сталася вельмі прыемным пабачыцца зноў.
Ад напружанай стваральнай працы яны нібыта крыху адышлі, і то не ўсе, а вось ад творчасці, ад імкнення самарэалізавацца—не! Аб тым сведчыла выстава ў фае.
Па-сапраўднаму здзівілі карціны, брошкі, валёнкі і валёначкі з воўны—плён таленавітых рук Галіны Паўлоўскай. Проста вачэй нельга было адвесці ад задаволенага выразу мордачкі ката ў гамаку, сапраўды "Поўны рэлакс". Цудоўнымі атрыма-ліся ружа і макі, "Усе краскі лета"… і ўсё з воўны!
Тут жа побач на сталах вышыўка ад Валянціны Кісель, цяпер вельмі модная вышыўка стужкай ад Ады Купчанка, Алы Сінкевіч, Зоі Родзінай, шкатулкі Рэгіны Аланцьевай і іншых актывістаў ветэранскага руху. Над імі на сценах сапраўдная галерэя карцін крыху маладзейшых Тамары Масленік і Вячаслава Стомы, але і ён—ветэран!
Сувеніры прапаноўвалі творчыя выхаванцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Некалькі экспазіцый дэманстравалі творцы Дзісенскага Дома рамёстваў—мастацкая разьба па дрэве, мініяцюрная кераміка, пляценне, вырабы з кавалачкаў тканіны, лялькі… Вась тут давялося выслухаць тлумачэнне былога старшыні Дзісенскага гарсавета Вольгі Мароз, што адна з такіх лялек асаблівая, яна дэманструе дзісенскі строй у жаночым адзенні, у якім цяпер сустракаюць гасцей гараджанкі пры ўрачыстых выпадках. А калісь выкарыстоўвалі і значна часцей.
Тут жа, у фае РДК, пісаў для жадаючых аўтографы на сваёй кнізе "У жыцці чаго толькі не бывае" творца з Новага Пагоста і былы старшыня сельскага Савета Мікалай Багданаў. Жадаючыя маглі выказаць, і выказвалі, прапановы па скульптурнай кампазіцыі "Дзецям вайны"…
Але фанфары паклікалі ў глядзельную залу. На крыху настальгічны лад настроілі кароткі відэафільм: важна не колькі пражыць, а як; і лірычная песня ў выкананні ветэрана сцэны Тамары Якімёнак. Памятаеце даўняе і нестарэючае—"Осенние листья шумят и шумят в саду…"?
На дзелавы лад аўдыторыю вярнулі вядучыя Ірына Гушча і Вольга Пашкоўская. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава сардэчна павітала людзей, у якіх запіс аб узросце ў пашпарце не адпавядае агню ў вачах і запалу ў сэрцах. Ганаровую грамату раённага Савета яна ўручыла аднаму з тых, у каго "жыццё адбылося" —былому старшыні Міёрскага сельскага Савета і зараз актывісту ветэранскага руху Уладзіміру Пальчэўскаму.
—Раён і цяпер ганарыцца дасягненнямі, якія забяспечаны людзьмі, што сабраліся ў зале,—гаварыла ў прывітанні намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Яна станоўча адзначыла ўклад у ветэранскі рух цяперашняга кіраўніка раённай арганізацыі Часлава Кашкура, яго памочніцы Зоі Родзінай, старшыні пярвічнай арганізацыі РАУС Рамана Фурса і ўручыла ім Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта.
Падзякі старшыні райвыканкама аб'яўлены актывістам Алене Кавалёнак, Раісе Парфёненка, Галіне Курыльчык.
Са словамі прывітання звярнуўся да ветэранскага актыву, сваіх добраахвотных памочнікаў Часлаў Кашкур. Ён нагадаў гісторыю раённай арганізацыі і людзей, якія яе пісалі канкрэтнымі справамі. Падзякаваў за пастаянную падтрымку раённаму Савету і райвыканкаму, выказаў словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва кіраўнікам іншых грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў, спонсарам. Першымі ў гэтым пераліку аказаліся рэдакцыя нашай раённай газеты, мясакамбінат, хлебазавод, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, клуб "Бажэна" і яе кіраўнік Ірына Гушча, непасрэдна старшыня Узмёнскага сельскага савета Таццяна Смулько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава, кіраўнік раённага аддзялення беларускага фонду міру Ала Смерцьева.
Двум з палавінай дзясяткам актывістаў уручаны сувеніры. Назваць іх няма магчымасці, а вось першым у гэтым вялікім спісе быў папярэднік Часлава Станіслававіча на кіраўнічай пасадзе Уладзімір Сяргеевіч Бяспальчанка. Уся зала далучылася да пажаданняў яму найперш здароўя.
Аб агульнай дзейнасці з ветэранскай арганізацыяй па захаванні гістарычнай памяці гаварыў старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Барэйка. Ён уручыў групе актывістаў свае ўзнагароды.
Сертыфікат на аплату транспартных паслуг прыпаднесла ветэранскай арганізацыі дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак. Гэта ў якасці фінансавання будучых паездак на экскурсіі.
Падзякаваў ветэранскай арганізацыі за падтрымку ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Жук і ўручыў карціну на памяць.
Творчае віншаванне з юбілеем агучылі члены клуба "Бажэна" пад кіраўніцтвам Ірыны Гушча—песню з пажаданнямі на ўласныя словы пад звонкі гармонік з прыпевам "Бабушки, бабушки, мы ведь не старушки!"
Пра баявое пакаленне, якое памятае па даўняй касамольскай рабоце, гаварыла ад імя фонду міру Ала Смерцьева. Яна ў чарговы раз запрасіла аўдыторыю падтрымаць узносамі стварэнне скульптурнай капазіцыі "Дзецям вайны", якая павінна стаць цудоўным падарункам гораду. І скарысталася магчымасцю публічна ўручыць узнагароду актывісту фонду Алене Кавалёнак —медаль ганаровага ветэрана. Для ветэранскай арганізацыі перадала фотаальбом для далейшага адлюстравання гісторыі грамадскага аб'яднання.
У сумеснай дзейнасці, раней і ў далейшым, запэўнілі ветэранскую арганізацыю першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Пяткевіч, кіраўнікі раённых арганізацый Чырвонага Крыжа і воінаў-афганцаў Ганна Ліскова і Вячаслаў Стома. А потым гаспадарамі сцэны сталі самадзейныя артысты—ансамбль камунальнікаў "Азярніцы" ў жаночым і мужчынскім складзе, Дар'я Шук і Святлана Атопкіна, Ігар Мятла, ветэраны дзісенскай сцэны Вера Дуброўская і Ядвіга Ганебная і іх маладая змена Аляксей Астукевіч з сынам Данілам.
Цудоўна танцавалі дзіцячыя калектывы, парадавала найгрышамі трыа выкладчыкаў музычнай школы.
Адзінадушнае меркаванне—свята ў ветэранаў атрымалася.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.