Авторизация
 

19 студзеня — Дзень выратавальніка святкуюць міярчане

19 января — День спасателя празднуют миорчанеПрыемна апусціцца ў глыбіню чыстай вады з аквалангам і паназіраць за жыццём у падводным "царстве". А вось калі ў мутнай вадзе даводзіцца шукаць тапельцаў, то пачуцці зусім іншыя. Між тым, для Віктара Радзюка, які ўжо больш за 10 гадоў працуе на Міёрскай выратавальнай станцыі, такая экстрэмальная работа—звыклая справа. 

 

Многія хлопцы са школьных гадоў мараць абраць якую-небудзь мужную прафесію і прыкладаюць пэўныя намаганні для яе ажыццяўлення. У Віктара Радзюка такіх высокіх імкненняў не было, і пасля заканчэння 11 класаў Міёрскай СШ №3 ён вырашыў асвоіць самую звыклую рабочую спецыяльнасць—аўтаслесара. Бачыў, як бацька рамантуе ўласную машыну, іншы раз і сам дапамагаў яму ў гэтым. Вырашыў, што аўтатранспарт ёсць і на прадпрыемствах, і ва ўласным карыстанні грамадзян, які трэба рамантаваць і абслугоўваць, а таму абавязкова знойдзецца праца адпаведна абранай прафесіі. Паступіў у Віцебскі прафліцэй №1 машынабудавання і праз 10 месяцаў стаў прафесіянальным майстрам.


—Але так сталася, што па спецыяльнасці не адпрацаваў ніводнага дня,—прыгадвае Віктар—Пасля заканчэння ліцэя мяне прызвалі на ваенную службу. Трапіў у паветрана-дэсантныя войскі, дзе прайшоў добрую школу фізпадрыхтоўкі і маральнай загартоўкі, што ў пэўнай ступені стала прадвызначальным пры працаўладкаванні пасля дэмабілізацыі. Калі пасля арміі вярнуўся дадому, даведаўся, што мясцовай выратавальнай станцыі патрэбны вадалазы. Прыняў рашэнне асвоіць экстрэмальную прафесію. Былы дэсантнік быў упэўнены, што справіцца і са шматлікімі фізічнымі цяжкасцямі, і са стрэсавымі сітуацыямі, якіх у вадалазаў нямала. Шэсць месяцаў вучыў тэорыю, займаўся на практычных занятках у Браславе, а затым паспяхова здаў экзамены і атрымаў пасведчанне вадалаза 3-га класа.


—Дэсантнікі "сілкуюцца" экстрымам, калі завісаюць у паднябессі на парашуце. Вадалазы атрымліваюць адрэналін ад працы пад вадой. Вам, Віктар, давялося спытаць і першае, і другое. Дзе страшней: у тумане воблакаў ці ў глыбіні вады, і ці не сумуеце па аўтаслясарнай справе?—пытаюся ў субяседніка, на рахунку якога ўжо не адна сотня гадзін падводнай работы.

 

Выратавальнік, усміхнуўшыся, адказаў, што навыкі, атрыманыя падчас вучобы ў ліцэі машынабудавання, паспяхова рэалізуе ў паўсядзённым жыцці: мае ўласную "Аўдзі-80", якую перыядычна даводзіцца абслугоўваць і рамантаваць. А што да работы пад вадой, то, сапраўды, без адвагі з ёй не справіцца. У некаторых пры пагружэнні з'яўляецца клаўстрафобія—боязь замкнутай прасторы. Вось і на Міёрскай выратавальнай станцыі былі выпадкі, калі менавіта гэтая акалічнасць станавілася перашкодай у вадалазнай справе. А Віктар нават на глыбіні больш за 10-15 метраў адчувае сябе "як рыба ў вадзе". Пры такім пагружэнні бываюць перапады ціску, таму трэба мець выдатнае здароўе, але і з гэтым у Радзюка таксама няма праблем.


—Ніколі пад вадой мне не было страшна ні ў перыяд вучобы, ні падчас работы,—канстатуе субяседнік.—А вось што да хвалявання пры скачках з парашутам з паднябесных вышынь, то я і разабрацца ў сваіх пачуццях не паспеў, бо давялося толькі аднойчы "завісаць" у пяднябессі на стропах пад белым купалам, бо большая частка маёй армейскай службы звязана не з небам, а з баявой машынай пяхоты—выконваў абавязкі аператара-наводчыка. Былы дэсантнік, прыгадваючы салдацкія будні, адзначыў, што ўсе члены экіпажа БМП для паспяховага выканання баявых задач павінны цесна ўзаемадзейнічаць паміж сабой. Гэтак жа зладжана даводзіцца працаваць і групе вадалазаў-выратавальнікаў, адны з якіх выконваюць пастаўленыя перад імі задачы пад вадой, а другія—на паверхні.


—У глыбіні вады яскрава разумееш, што выніковасць пошуку, а нярэдка і асабістае жыццё, залежаць ад таварышаў, якія засталіся ў лодцы на паверхні і суправаджаюць тваю работу,—падкрэслівае вопытны вадалаз.—Складана працаваць, калі праз тоўшчу вады ўвогуле не прабіваецца святло. Не лягчэй і на дне хуткаплынных рэк, бо даводзіцца істотна "абцяжарваць" вадалазныя касцюмы. А ў ілістых мясцінах вада пры перамяшчэнні становіцца настолькі мутнай, што на паўметра нічога не бачна. Увогуле, мне давялося за шматгадовы перыяд выконваць шматлікія падводныя работы ў розных умовах. На шчасце, ніякіх ускладненняў ніколі не ўзнікала.


—А не баіцеся тапельцаў? Вам жа іх трэба не толькі шукаць у вадзе, але і ўздымаць на паверхню?—дапытваюся ў асводаўца.
—Ужо многіх выцягваў на паверхню. Не паверыце, але пры гэтым адчуваеш не страх, а…нейкае своеасаблівае пачуццё задавальнення ад таго, што нарэшце справіўся з заданнем, што шматгадзінная, а бывае і шматдзённая цяжкая пошукавая праца завершана, што родныя тапельца змогуць пахаваць яго ў адпаведнасці са звычаямі. Негатыў застаецца, калі загінуўшага ў вадзе чалавека так і не ўдаецца знайсці.
Мясцовым вадалазам летам даводзіцца выконваць немалы аб'ём работы і па ачыстцы месц водазабору на прамысловых прадпрыемствах, водных акваторый ля пляжаў. Выратавальнікаў уражвае, што адпачывальнікі нярэдка ў месцах для купання кідаюць у ваду бляшанкі з пад кансерваў, шкляныя слоікі і бутэлькі, усялякія металічныя прадметы. Калі такога смецця ўдаецца дастаць са дна шмат, то пачуццё ў работнікаў выратавальнай станцыі дваякае: радасна, што ачысцілі вадаём ад калюча-рэжучых прадметаў і ніхто пры купанні аб іх не траўмуецца; разам з тым прыкра, што ўзровень культуры некаторых адпачывальнікаў на берагах вадаёмаў невысокі.


Вопытны вадалаз адзначыў, што асводаўцам даводзіцца падымаць са дна не толькі людзей, але і машыны. Напрыклад, аднойчы зімой прыехалі на ўласным аўто рыбакі з вудамі і "прыпаркаваліся" не на беразе, а на замерзлай воднай роўнядзі, якая не вытрымала такой вагі. У выніку аўто правалілася пад лёд. На месца здарэння давялося выехаць выратавальнай групе. Вадалазы ў гідракасцюмах апусціліся на дно, замацавалі трос, і ўжо затым "тапельца" з дапамогай механічнай цяглавай сілы выцягнулі на бераг.


—Інакш як бяздумнасцю такія ўчынкі рыбаловаў не назавеш,—кажа Віктар.—Увогуле, менавіта аматары рыбнай лоўлі найчасцей парушаюць правілы паводзін на вадаёмах і трапляюць у палон вады, з якой не ўсім ўдаецца выратавацца.


За шматгадовую сумленную працу вопытнаму вадалазу выказвае падзяку начальнік выратавальнай станцыі Віктар Рубанік. Ён падкрэслівае, што за кароткі прамежак часу Радзюк першым з мясцовых вадалазаў атрымаў другі кваліфікацыйны клас: для гэтага яму трэба было напружана рыхтавацца, пашыраючы веды і навыкі, напрацоўваючы стаж падводных рабочых пагружэнняў да 500 гадзін. З задачай справіўся. Цяпер у планах стаць вадалазам першага класа, але яшчэ трэба адпрацаваць пад вадой 1000 гадзін.


—Свой прафесіяналізм Віктар Радзюк штогод пацвярджае не толькі падчас работы, але і пры здачы прафесійных нарматываў перад прадстаўнічай абласной камісіяй. У складзе каманды ад Міёрскай выратавальнай станцыі ўдзельнічае ў абласных спаборніцтвах. Старанны, адказны, таварыскі. У забеспячэнні эфектыўнай работы яму дапамагае ўменне прымаць узважаныя і правільныя рашэнні ў розных сітуацыях, стрэсаўстойлівасць, ураўнаважаны характар, уменне выконваць заданне, не парушаючы тэхніку бяспекі. Не выпадкова менавіта ён замяняе мяне падчас водпуску,—расказвае начальнік выратавальнай станцыі.


Графік работы ў вадалазаў станцыі пазменны, а таму ў Віктара ёсць час і для сям'і. Асаблівую радасць дастаўляюць дачушкі—дзевяцігадовая Палінка і чатырохгадовая Арынка. Яны пакуль маленькія і татаў вадалазны рыштунак яшчэ не прымяралі, але ведаюць, што работа ў яго няпростая і адважная, і з гонарам кажуць: "Наш тата—вадалаз!"


Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымку: вадалаз другога класа Міёрскай выратавальнай станцыі Віктар Радзюк.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 613
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 422
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 562
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 580
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 713
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 745
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 910
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 ноября 2020
Александр, Алексей, Аристарх, Василий, Виктор, Гавриил, Георгий, Григорий, Дмитрий, Константин, Михаил, Николай, Петр, Порфирий, Сергей, Федор, Анна, Филипп

Именины 26 ноября 2020
Герман, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта