Авторизация
 

Студзень для Міёрскага раёна багаты на падзеі

Январь для Миорского района богат на событияСтудзень—своеасаблівы месяц у чарадзе гістарычных падзей для нашай мясцовасці. У прыватнасці, у ім быў утвораны Міёрскі раён у 1940 годзе, узбуйнены ў 1960-ым, раённаму цэнтру прысвоены статус горада ў 1972-ім. 

 

Пярэйдзем умоўны мост да некаторых з названых важных для Міёршчыны і Міёр падзей. Прырода надзяліла Міёры цудоўным ланцужком азёр, гэтае ў нядаўнім мінулым тыповае беларускае мястэчка ў поўнай меры скарысталася сваім удалым геаграфічным становішчам на перасячэнні бойкіх дарог і гістарычным шанцам. Немалаважную ролю сыгралі яго жыхары, як і насельніцтва ўсяго раёна. Не выпадкова, відаць, калісь грымелі ўдала зарыфмаваныя вядомым паэтам радкі пра тое, што "горад будзе" … "калі такія людзі"… А яны ў дадзеным выпадку нямала папрацавалі над ажыццяўленнем "асноўных палажэнняў" саліднага дакумента на 143 аркушах паперы—"Схемы раённай планіроўкі Міёрскага раёна", якую распрацаваў дзяржаўны праектны інстытут "Белгіпрасельбуд" у 1962 годзе. Як бачыце, ён тычыцца не толькі непасрэдна райцэнтра, але гэта і дарэчы, бо ў студзені адзначаецца практычна адначасова гадавіна прысваення статуса горада Міёрам і чарговая гадавіна ўтварэння раёна.

Зазірнём у наша агульнае мінулае, ацэнім вынікі працы, надзеі і спадзяванні старэйшых пакаленняў землякоў.


За дзесяцігоддзе да…
Па ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 студзеня 1960-га Міёрскі раён быў узбуйнены за кошт часткі тэрыторыі Дзісенскага. Тады ў яго складзе знаходзіліся горад Дзісна, Міёрскі гарпассавет, які ўключаў 8 навакольных населеных пунктаў, Друйскі гарпассавет (25 н.п.), 12 сельсаветаў —Узмёнскі (9 вёсак), Новапагосцкі (12), Туркоўскі (24), Лявонпальскі (17), Дзедзінаўскі (9), Перабродскі (7), Наўгародскі (14), Мікалаёўскі (31), Павяцкі (11), Каменпольеўскі (22), Якубаўшчынскі (23) і Мальцаўскі (9). Усяго ў раёне налічваўся 221 сельскі населены пункт без уліку мноства хутароў.


Яго тэрыторыя—на 70% донна-марэнная раўніна Полацкай нізіны, на 34,8% забалочаная. Буйныя азёры займалі 3349 гектараў і знаходзіліся ў веданні Нарачанскага азрыбгаса, хаця лічыліся спрыяльнай базай для развядзення вадаплаўных птушак. Вады было нават залішне, затое падземныя выкарыстоўваліся недастаткова (артэзіянскіх свідравін усяго 10). Разведана 10 радовішчаў торфу плошчай 23050 га з запасамі ў 841919 тыс. кубаметраў (асноўная колькасць на Ельні), у прамысловых аб'ёмах ён не здабываўся. Значнымі па аб'ёмах былі 7 радовішчаў цэгла-чарапічнай сыравіны і 3—пясчана-гравійных матэрыялаў.


Раён адносіўся да тыпова сельскагаспадарчых. У прамысловасці ў 1960 годзе было занята 1119 чалавек—на льнозаводзе (разлічаны на перапрацоўку 6 тыс. тон трасты за год), маслазаводзе з філіяламі ў Міёрах і Дзісне (выпускаў масла, сыр, малако і марожанае), Міёрскім і Дзісенскім прамкамбінатах (цэгла, хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, бытавое абслугоўванне насельніцтва, дадаткова—у Міёрах выраб мэблі, будматэрыялаў, сокаў і саленняў, у Дзісне—піламатэрыялаў, размол зерня). Чатыры пякарні выраблялі да 10 тон хлеба ў суткі. Гадавая вытворчасць каўбасных вырабаў ацэньвалася ў 40 тон, агароднінных кансерваў, варэння і джэмаў—у 200 тыс. умоўных слоікаў, соку—у 100 тон, марынаваных грыбоў, соленых агуркоў, квашаных капусты і яблыкаў— 200 т, безалкагольных напояў—10 тыс. дкл, цэглы—3155 тыс. апалена ў Горках і Лявонпалі (1961 г.).


Мясакамбінат у Міёрах для перапрацоўкі 15 тон мяса за суткі толькі ўзводзіўся. Здача яго ў эксплуатацыю намячалася ў канцы 1962-га, аднак пасля пажару на халадзільніку гэта адбылося толькі ў першыя дні 1965-га.
Бачылася наступная перспектыва: на працягу бліжэйшых 10 год павялічыць аб'ём выпуску прамысловай прадукцыі прыкладна ў 2,5 раза за кошт росту прадукцыйнасці працы, карэннай рэканструкцыі, укаранення новага абсталявання і стварэння новых вытворчасцей—камбікормавага завода магутнасцю 250-350 тон у суткі, хлебазавода—20-25 т вырабаў за такі ж час. Гэта было рэалізавана. У паланах засталіся торфапрадпрыемства па выпуску паліўнага брыкету, завода па вырабе торфаізаляцыйных пліт, міжгаспадарчыя прадпрыемствы па пярвічнай перапрацоўцы сельгассыравіны, прадпрыемства па рамонце сельгастэхнікі.


Сельская гаспадарка была прадстаўлена 24 калгасамі, 2 саўгасамі і 9 падсобнымі вытворчасцямі. Намячалася пакінуць 26 вытворчых адзінак у складзе 9 гаспадарак, перадаць усе лясы ў дзяржаўны фонд, прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў паменшыць да 15 сотак на сям'ю.
У раслінаводстве планавалася пашырыць пасяўныя плошчы пад зерневымі культурамі і павялічыць іх ураджайнасць да 28 ц/га ў 1980 годзе, бульбы—да 250 цэнтнераў з гектара, лёну—да 6, кукурузы на сілас—да 600, шматгадовых траў на сена—да 50, на зялёны корм і сілас— да 250 ц/га.
Раён імкліва нарошчваў пагалоўе статка. На 1.01.1961г. калгасы і саўгасы мелі 13,7 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 5,2 тысячы кароў, 11,8 тыс. свіней, 4,6 тыс. авечак і 12,76 тыс. птушак. У дадатак насельніцтва ў асабістых падсобных гаспадарках утрымлівала 8,5 тыс. кароў, 9,3 тыс. свіней.


У раёне намячалася мяса-малочнае развіццё грамадскай жывёлагадоўлі з павышэннем надою на карову з 1630 кг у 1960 годзе да 3000 —у 1980-ым, ростам пагалоўя свіней у 3 разы, канцэнтрацыяй авечкагадоўлі, развядзеннем вадаплаўных птушак. Такім планам павінна была адпавядаць і кормавытворчасць.


У 1960 годзе ў гаспадарках раёна было 213 трактараў, з іх 53% гусенічных, і 58 зернеўборачных камбайнаў С-4, С-4М і СК-3. Кожны абмалочваў у сярэднім 100 га пасеваў. Аўтапарк утрымліваў 166 грузавых і 14 легкавых машын. Такая колькасць тэхнікі дазваляла механізаваць толькі самыя працаёмкія работы ў паляводстве, жывёлаводы яшчэ чакалі аблягчэння сваёй працы.


На канец 1961 года ў раёне было асушана 1073 гектары зямель—2% забалочаных. Вяліся работы на меліярацыйных аб'ектах "Кацілава-Трубянец" у 1600 га і "Вярхоўе Бярэжы-Волта" ў 1800 гектараў. На бліжэйшыя гады планаваліся вялікія аб'ёмы асушэння, ачысткі ўгоддзяў ад хмызнякоў і камення. Лясы займалі 19,6% тэрыторыі, намячалася павялічыць пасадкі да 27-30%.


Унутрыраённыя зносіны забяспечвалі 352 кіламетры аўтагужавых дарог, з іх 94 км рэспубліканскага, 47 км—абласнога і 211 км—мясцовага значэння. Усе—вузкія, з малым радыусам закругленняў, нізкім палатном над зямлёй. І ні метра асфальтаваных.
У 1960 годзе 14 калгасных, 3 саўгасныя і электрастанцыі прадпрыемстваў выпрацавалі 1922 тыс. квт/гадз электраэнергіі. Яна падавалася на вытворчасць і ў 75 населеных пунктаў. Будаўніцтва высокавольтавай лініі ЛЭП-110 Полацк-Міёры-Браслаў планавалася на 1965 год. Яна дазваляла закончыць электрыфікацыю сельскіх населеных пунктаў, павялічыць выкарыстанне электраэнергіі ў вытворчасці.
Размовы вяліся пра трубаправод прыроднага газу ад Дзісны праз Міёры да Друі з адводамі да навакольных вёсак і ўзвядзеннем у райцэнтры станцыі звадкаванага газу, забеспячэннем іншых населеных пунктаў звадкаваным газам ў балонах. На жаль, гэтыя планы ажыццяўляліся па-іншаму і значна пазней.


У раёне на 1.01.1961 года налічваліся 40852 чалавекі насельніцтва, гараджан было 7320 ці 17,9%. Яшчэ адчуваўся подых мінулай вайны: жанчын налічвалася 55,6%. У сельгасработах удзельнічалі 16254 чалавекі, з іх 14871 працаздольны. У сярэднім на населены пункт прыходзілася 25 гаспадарак і 80 жыхароў. Гэта без уліку 4722 хутароў, якія намячалася ліквідаваць.


Вось яшчэ крыху статыстыкі. У той час ў раёне налічвалася 39 Дамоў культуры і клубаў, 18 бібліятэк, 3 дзіцячыя сады, 56 магазінаў, 78 школ (10 адзінаццацігадовых, 26 васьмігадовых і 42 пачатковыя), 1 школа-інтэрнат, 7 сталовых і столькі ж бальніц, 5 грамадскіх лазняў, 16 амбулаторый і медпунктаў, 1 дзіцячы дом—Александроўскі, 4 КБА. Нямногія з іх размяшчаліся ў тыпавых будынках.


На перспектыву намячалася не толькі захаваць, але і развіваць усе населеныя пункты з найбольш развітай інфраструктурай (хаця такі тэрмін яшчэ не выкарыстоўваўся). Была распрацавана праграма ўзвя-дзення вытворчых памяшканняў у сельгаспрадпрыемствах, сацыяльных аб'ектаў у населеных пунктах. Пра тое, што з намечанага стала рэальнасцю праз 10 гадоў,—чытайце на сайце ў суботу.


Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 609
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 355
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 546
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 569
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 709
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 744
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 901
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 ноября 2020
Герман, Иван

Именины 25 ноября 2020
Александр, Борис, Владимир, Даниил, Дмитрий, Иван, Константин, Лев, Матвей, Николай, Степан, Федор, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта