В числе награжденных с Миорщины Владимир Мисник

В числе награжденных с Миорщины Владимир МисникНапярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу аб'яднанне "Віцебскабллён" ушаноўвала перадавікоў сельгасвытворчасці. На ўрачыстасць запрашаліся прадстаўнікі 13 льнозаводаў вобласці, у тым ліку Міёрскага. Прыемна адзначыць, што ў ліку ўзнагароджаных ёсць і наш зямляк Уладзімір Міснік, які атрымаў дыплом за першае месца на церабленні лёну на камбайне ЛК-4.
 
Самая гарачая пара ў ільнаводаў—уборка ўраджаю. Стартуюць самаходныя камбайны, якія рвуць і сцелюць на палетках даўгунец без ачосвання галовак-зелянцоў. Крыху пазней, калі выспявае насенне, бяруцца за справу механізатары на "МТЗ-80" у счэпцы з ЛК-4. Адметна, што прычапныя агрэгаты эфектыўна выкарыстоўваюцца ў ільнаводстве ўжо шмат дзясяткаў гадоў. Са слоў Уладзіміра Місніка, яны нескладаныя ў абслугоўванні, але патрабуюць беражлівасці і ўмелай эксплуатацыі.

—Ведаеце, колькі гадоў майму льнокамбайну? Каля 30-ці! Яго зношанасць ускладняе работу. Аднак і зусім новая тэхніка ламаецца, калі вопыту недастаткова,—сцвярджае перадавы льнавод.—Я прыйшоў на завод у 2004 годзе і зусім не ўмеў церабіць даўгунец. Вучыўся ў вопытных трактарыстаў і на ўласных памылках. Шчыра кажучы, для работы на  льнокамбайне абавязкова патрэбны навыкі, якія атрымліваеш на практыцы.
 
На працягу года Уладзіміру даводзіцца выконваць самыя розныя работы за рулём "Беларуса": араць, сеяць, працаваць з прэс-падборшчыкам, транспарціраваць. Церабіць лён—самая цяжкая справа. Асабліва на ўчастках, дзе ён палеглы і скручаны. Навічком шмат часу аддаваў, каб пачысціць  церабільны механізм і адраматаваць яго. З гадамі напрактыкаваўся, як найлепш пры дапамозе рэгуліроўкі апускання і ўздыму дзяліцеляў урэзацца ў "палегліцу" і пры гэтым не дапусціць засмечвання транспарцёраў. І ўсё ж  на палегліцы прадукцыйнасць працы змяншаецца ў 3-4 разы.

Побач з Уладзімірам Міснікам сёлета на льняных палетках працавалі на "Беларусах" з прычапнымі камбайнамі Анатоль Мацур, Сяргей Цвіценка, Уладзімір Савуць, Руслан Найдзёнак. Са слоў дырэктара прадпрыемства, кожны з іх варты пахвалы.
У аповядзе пра Уладзіміра механізатары льнозавода падкрэслілі, што ён станоўча праяўляе сябе і на работах, звязаных з вырошчваннем і ўборкай лёну. Напрыклад, зімой працуе ў вытворчым цэху. Вясной разам з іншымі механізатарамі актыўна рамантуе тэхніку. Восенню ставіць яе на захоўванне. У гэтыя дні ў складзе групы трактарыстаў дапамагае давесці да ладу каробку перадач у разабраным "МТЗ-80".  
Працоўная біяграфія маладога трактарыста пачыналася ў родных мясцінах—у ААТ "Дрыгучы", дзе пэўны час працаваў на трактары пасля Боркавіцкага сельгасліцэя. Служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому і сеў за руль "МТЗ-80". Аднак пацягнула ў горад. Працаўладкаваўся на льнозавод, тая ж сельгасвытворчасць. Толькі спецыфіка работы цяпер вузкапрофільная, што дае магчымасць удасканальваць майстэрства і дасягаць высокіх перамог. 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.