Миорской СШ №3 присвоено имя Героя Советского Союза Егора Томко
gazeta 16-05-2016, 10:21 0 НавіныДоблесныя адміралы-падводнікі ў медалях, прадстаўнікі раённай і абласной улады, ваенкамата, царквы, педагогі-ветэраны, бацькі вучняў сабраліся 12 мая ў СШ №3, каб падзяліць вялікую радасць: прысваенне школе імя Героя Савецкага Саюза Ягора Андрэевіча Томкі.
Вывескі на фасадзе і ўваходзе, велічная ў хвалях мемарыяльная дошка, памятны куточак ў краязнаўчым музеі—усё гэта цяпер у самым вялікім храме навукі райцэнтра, якая папаўняе асацыяцыю "Юнэска" і ўваходзіць у ганаровы лік лепшых школ рэспублікі.
Мора то шэрае, то блакітнае. Сіні колер, бляск хваль і неверагодная сіла. У летапісе СШ №3 пачэснае месца фотаздымкам сустрэч з віцэ-адміралам Ягорам Томкам.
—Адзін з самых яркіх і запамінальных землякоў, ураджэнец Міёршчыны Перабродскага сельсавета , падводнік Ягор Томка. Дзякуй вялікі яго родным, што пагадзіліся на права хадайнічаць перад райвыканкамам, каб нашай школе несці гэтае ганаровае імя. Дзякуй выканаўчай уладзе раёна, што таксама прызнала нас дастойнымі. Вялікая пашана Беларускаму фонду міру. Больш за 14 мільёнаў рублёў менавіта раённая структура гэтай арганізацыі пад старшынствам Алы Смерцьевай унесла на набыццё вывесак і пано, афармляла якія полацкая кампанія "Мастак-сэрвіс". Шыльды з новай назвай навучальнай установы вырабілі Аляксандр і Баляслаў Чарняўскія. Заўсёды з намі "Белая Русь", апякунскі савет, шэфствуючыя прадпрыемствы, беларускі клуб міжнароднай асацыяцыі "Юнэска" і самыя шчырыя саслужыўцы і таварышы Ягора Томкі—маракі-падводнікі,—прыўзнята гаварыла ініцыятыўны дырэктар школы Валянціна Атрошка.
Завуч Вольга Федуковіч прадставіла ганаровых гасцей, якія ахвяруючы часам і важнымі справамі, завіталі ўшанаваць школу і паўдзельнічаць у прысваенні ёй ганаровага звання. У зале—старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, прадстаўнік сакратарыяту "Юнэска" Анастасія Мінкевіч, старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак, таксама кіраўнікі і прадстаўнікі адукацыйнай, ідэалагічнай і культурнай сфер, грамадскіх арганізацый, ваенкамата, царквы, шматлікай прэсы, у тым ліку Алег Шапель з агульнага нацыянальнага тэлебачання. Дзеці заглядаліся на ваенных маракоў у чорнай форме, з імі—сястра Героя Нона Саркісян.
—У 2012-м падчас акцыі "Марское братэрства непарушнае" разам з Нонай Андрэеўнай Саркісян атрымлівалі мемарыяльную дошку на аднайменную з Героем вуліцу. За гэтыя чатыры гады ў вобласці многае зроблена па ўвекавечанні памяці маракоў. Школа №8 у Віцебску таксама ўдастоена ганаровага звання падводніка. Ваша навучальная ўстановая—другая ў вобласці з такім статусам. Дзякуй за нераўнадушша, зладжанасць і граматнасць дырэктару Валянціне Атрошка, Саюзу маракоў. Хоць Беларусь і сухапутная краіна, выгадавала больш за 200 000 сяброў Ваенна-Марскога флоту, 80 адміралаў,—віншаваў паважаны госць Уладзімір Цярэнцьеў.
Анастасія Мінкевіч з асацыяцыі "Юнэска" адзначыла, што гэтая падзея для школы сапраўды важная. Прыемна, што тут створаны клуб "Адраджэнне" па міжнароднай лініі, кіруе ім настаўніца Надзея Грыгор'ева.
Марак—стан душы. З чаго пачынаецца дзіцячае мара пра мора, паказалі хлопцы-матросы з першага класа ў кранальным танцы. У гэтай прафесіі доўгія рэйсы, далёкія паходы. Старшыня Віцебскай арганізацыі саюза ваенных маракоў Анатоль Кавалёў два гады служыў з Ягорам Томкам на атамнай падводнай лодцы з ядзерным рэактарам. У 1978-м падчас пераходу пад ільдамі Арктыкі з Паўночнага на Ціхаакіянскі флот на борце здарылася аварыя, адсекі паглынула радыяцыя. Камандзір Ягор Томка ўмела кіраваў лодкай, выпраўляў непаладкі, аказваў медыцынскую дапамогу асабоваму саставу. Судна ўратаваў. За гэта ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, паслужыў вопытным прыкладам калегам. У знак павагі госць прывёз экспанаты для школьнага музея: фотавыявы крэйсера "Мінск", падводнай лодкі, якой камандаваў зямляк. І кнігу, выдадзеную галіновым саюзам, пра Ягора Томку, гісторыю падлёдавых паходаў на Далёкі Усход.
Не толькі школа носіць імя Героя, але і 5 "Б" клас пад апекай Наталлі Будзько. Дзеці вельмі рады, што іх любімая ўстанова, можна сказаць, другі дом, займеў пачэснае званне. Чыталі вершы, спявалі. На капітанскіх фуражках маленькі якарок сведчыць, что, можа быць, і з гэтых юнакоў, якія абавязкова возьмуць прыклад з Ягора Томкі, вырастуць скаральнікі марскіх глыбінь. "Буря мне нипочём, гордо одену фуражку с маленьким якорьком"—у тым выхаванцы цяпер пад крылом Ягора Томкі ўпэўнены. "Мора, вазьмі мяне ў далёкія далі пунсовым ветразем разам з сабой". Нібыта, пошум прыбою, голас у вядучых: мяккія гукі Ані Кураш і левітанаўскі тэмбр Юры Сіповіча.
Марак, падводнік, Герой, але найперш сын, муж, брат, бацька… Сястра Нона Саркісян на сцэне не стрымала слёз. Яна шчаслівая, што паважаюць і любяць брата саслужыўцы, міярчане, жыллёва-камунальная гаспадарка даглядае мемарыял.
Наступны ўрачысты этап—агульнашкольная лінейка. Саслужывец Уладзімір Варашнін наказаў з гонарам несці імя, беражліва і ўважліва да яго ставіцца. Вялікай працай і стараннем Ягор Томка ўвайшоў у строй вялікіх флатаводцаў. Яго паважаюць дзяржслужачыя, ваенныя. Уладзімір Варашнін падарыў музею барэльеф земляка з выстаўкі ў абласным цэнтры.
Капітан ІІ ранга, старшыня шумілінскай арганізацыі Саюза ваенных маракоў Анатоль Бычкоў засведчыў, што Ягор Томка ў людской памяці пакінуў глыбокія сляды. Дасканала і свядома ішоў да мэты. Яшчэ школьнікам маляваў чарніламі палосы на шчоках і гаварыў: "Я марак!". Затым адвучыўся ў Архангельскім вышэйшым вулішчы падводнага плавання, Ленінградскай ваенна-марской акадэміі. Адслужыў больш за 30 год. Ратаваў экіпаж і лодку. Ад шумілінскай структуры ў падарунак Андрэеўскі сцяг і адміральская форменка.
Марыя Баніфатава ўручыла дакумент, што школе прысвоена званне імені Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Гэта ганарова і адказна. Таму і вучні тут павінны быць лепшымі, гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Павіншаваў з падзеяй начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Жук, ваенны камісар Сяргей Жабёнак. Пачэснае права адкрыць таблічкі атрымалі лепшыя настаўнікі і вучні, якія толькі сёлета заваявалі 31 дыплом на раённых алімпіядах, 19 узнагарод у спорце, 22—у творчых конкурсах. Цяпер на фасадзе і ўваходзе красуюцца новыя шыльды—сярэдняя школа №3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Святочныя імгненні захаваюцца ў памяці надоўга.
Трэці этап—адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Герою. Адмірал, дырэктар школы, старшыня абласнога фонду міру, намеснік старшыні райвыканкама знялі завесу. Вялікае пано даўжынёй на ўсю сцяну ў марскіх хвалях, з падводнай лодкай, фотаздымкам у цэнтры віноўніка ўрачыстасці і звесткамі пра яго. 560 вучняў прайшлі ўрачыстым маршам ля мемарыяльнай сцяны. Выступалі кіраўнікі раённага і абласнога аддзяленняў спонсарскай арганізацыі—Беларускага фонду міру. Таццяна Тумакова пахваліла, што ў раёне цудоўна працуе рэспубліканскае адгалінаванне. Ала Смерцьева рада, што структура здолела паспрыяць вялікай справе.
Краязнавец Вітольд Ермалёнак запрасіў гасцей у музей, дзе асобныя раздзелы прысвечаны памяці Ягора Томкі. Яго форма, фуражка, гадзіннік, узнагароды, фотаздымкі радаслоўнай, сустрэч з вучнямі раёна, мемарыяльнага знака, вуліцы, пахавання на смаленскіх могілках у Пецярбурзе. Захоўваецца і школьная ганаровая грамата, у 1953-м Ягор Томка скончыў Міёрскую школу, якая тады размяшчалася ў старым, яшчэ польскім будынку.
Цяпер у СШ №3 новае імя віцэ-адмірала і Героя Савецкага Саюза. Панясуць гэтае званне ганарова і адказна, дзецям у тым дапамогуць настаўнікі, якіх у сваю чаргу падтрымае адміністрацыя. Адзіная каманда—моцная і дружная—скорыць усе вяршыні, дасягне любых глыбінь. Пакуль на чарзе—марскія.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.