Открытие выставки "Духовное наследие Миорщины"

Адкрыццё выставы "Духоўная спадчына Міёршчыны" ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі гасцей сабрала нямала. Завіталі на мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін. Прынялі запрашэнне раздзяліць радасць урачыстай сустрэчы святары Віктар Вабішчэвіч, Крыштаф Міянкіна і Пётр Дзяменцьеў.
 
Дырэктар установы Аксана Лагунёнак падзякавала ўсім, хто знайшоў час прыйсці ў музей і адзначыла, што ў падрыхтаванай супрацоўнікамі выставы ёсць свая мэта—паказаць наведвальнікам наколькі багатая духоўная спадчына роднай Міёршчыны. Бліжэй з ёй пазнаёміцца важна як дзецям і моладзі, так і дарослым і пажылым. Экскурсіі распрацавалі для розных узростаў. 

Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі культавыя прадметы стараверства, каталіцызму і праваслаўя—асноўных рэлігійных канфесій на тэрыторыі раёна. Прычым некаторыя экспанаты выстаўляліся ўпершыню. Сярод іх метрычныя кнігі Новапагосцкага касцёла і Лявонпальскай царквы 18-19 стагоддзяў, малітваслоў "Чэцці Мінеі" 1885 года.

Азнаямляльную экскурсію навуковы супрацоўнік Вольга Пупіна пачала з культавых рэчаў старавераў. Іх большая частка прадастаўлена Браслаўскім раённым аб'яднаннем музеяў. Крыжы, ручнікі, іконы, рукапісныя кнігі. Карыстаюцца прадстаўнікі гэтага веравызнання лестаўкай—скураной плеценай стужкай для пераліку прачытаных малітваў і зямных паклонаў. Лестаўка перакладаецца як "лесвіца" і мае сімвалічнае значэнне духоўнага ўзыходжання з зямлі на неба. Для ўчынення зямных паклонаў неабходныя падручнікі—малітоўныя дыванкі з лапікаў тканіны. У фондах раённага музея захоўваецца драўляная іконніца, знойдзеная падчас этнаграфічнай экспедыцыі. Гэта своеасаблівая шафа для іконы, дзверцы якой расчыняюцца толькі ў святочныя дні. 

Выклікалі цікавасць праваслаўныя іконы, напісаныя на драўляных дошчачках у 18-19 стагоддзях. Сярод іх—Успенне Прасвятой Багародзіцы, Прасвятая Троіца, Маці Божая Казанская і іншыя. Яны таксама з Браслава. У раённым музеі маецца самаробны драўляны крыж 1887 года з Новага Пагоста. Людзі, якія перадалі яго на захаванне, расказвалі, што крыж зрабіў вучань школы, каб Бог дапамагаў яму ў вучобе. Гаворачы аб праваслаўнай веры, экскурсавод нагадала гісторыю іконы Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай, якая знаходзіцца ў дзісенскай царкве. Святыня прыплыла ў горад па рацэ і ўратавала яго ад страшнага пажару. Прыгадалі імя святара Мікалая Рунды, які зрабіў значны ўнёсак у духоўнае жыццё Міёршчыны. Разам з праваслаўнымі іконамі занялі сваё месца на выставе творчыя работы міёрскіх умеліц: карціна Тамары Масленік з выявай царквы святога Мікалая Цудатворцы ў Чэрасах, вышываныя іконы Любові Сяргееўны Юршэвіч.

Натхняе мастакоў-аматараў і галоўная славутасць Міёр—касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Яго адлюстравалі Тамара Масленік і Міраслава Плотнікава. Каталіцкія іконы малявала Яніна Ігнатаўна Пушкель з Новага Пагоста. Жанчыны ўжо няма сярод нас, а творчасць жыве. Да таго ж, яна шыла адзенне для ксяндзоў. На выставе можна ўбачыць фотаздымак Уладзіслава Пятрайціса ў адзенні, пашытым Янінай Ігнатаўнай. Зацікавіла рыза ксяндза 1861 года з фондаў раённага музея. З ліку каталіцкіх культавых прадметаў—скульптурныя кампазіцыі, малітоўнік 1871 года, крыжы, ружанец. Як заўважылі, у каталіцтве ружанцам можа карыстацца кожны вернік, а ў праваслаўі такое права маюць толькі манахі і некаторыя прыхаджане з бласлаўлення святара.

Асобна на выставе прадстаўлены фотаздымкі культавых пабудоў Міёршчыны. На тэрыторыі раёна 22 святыні, сярод якіх 3 касцёлы і 10 цэркваў унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Адна з самых даўніх—царква Святой Жыватворнай Троіцы ў Лявонпалі,  пабудаваная ў 1774 годзе без адзінага цвіка. Яе былы выгляд адлюстроўвае копія здымка пачатку 20 стагоддзя, чый аўтар святар з Узмён Павел Валынцэвіч. Захоўваюцца копіі здымкаў касцёла Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Дзісне, узведзенага ў 1773-м.
Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі музея выказалі ўдзячнасць сваім сябрам, якія прадаставілі ўласныя іконы і творчыя работы. Акрамя вышэйназваных аўтараў у стварэнні выставы прынялі ўдзел Ядвіга Станіславаўна Томка, Фаіна Пятроўна Грэцкая, Людміла Уладзіміраўна Заяц з Міёр, Ганна Ігнатаўна Лагунёнак і Вяслава Чаславаўна Кісель з Новага Пагоста.

Падводзячы вынікі сустрэчы, усе трое святароў адзначылі, што створаная выстава—справа важная і патрэбная, асабліва для маладога пакалення. Кожны павінен ведаць гісторыю свайго народа і малой радзімы, каб быць свядомым чалавекам і спадзявацца на светлую будучыню.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.