Иностранный интерес на возводимом заводе возле Миор

У апошні дзень сакавіка наш раён наведала прадстаўнічая дэлегацыя нямецкіх бізнесменаў, якія прадстаўлялі кампанію SMS Group GmbH. Харальд Какель - член праўлення, Марк Хофман - віца-прэзідэнт дэпартамента ліній аддзелкі паласы і тэхналогіі для печаў, Рэйнхард Рэддаль - кіраўнік продажу ў краінах СНД і Украіны, Марына Келер - старшы камерцыйны кіраўнік праектаў мелі асноўнай мэтай непасрэдна на месцы вывучыць сітуацыю на рабочай пляцоўцы для будаўніцтва завода, сустрэцца з кіраўніцтвам рэгіёна і прадстаўнікамі ТАА "ММПЗ-груп".
 
Нямецкіх вытворцаў металаапрацоўчага абсталявання прынялі намеснік старшыні аблвыканкама А.С. Мацкевіч, старшыня Міёрскага райвыканкама І.В. Кузняцоў, у размове прымалі ўдзел адказныя работнікі абласнога і раённага ўзроўняў, прадстаўнікі кіраўніцтва ТАА "ММПЗ-груп". А затым прыезджыя пазнаёміліся з ходам будаўніцтва жылля для будучых спецыялістаў прадпрыемства, пабывалі ў кватэрах дома, які амаль гатовы прыняць жыхароў. Дарэчы, яшчэ тры такія ж васьмікватэрныя дамы ўжо пад дахам, закладваецца фундамент пятага з васьмі запраектаваных. Для работнікаў завода будзе ўзводзіцца і пяціпавярховы дом.

Цікавасць нямецкіх спецыялістаў выклікала непасрэдна будаўнічая пляцоўка будучага прадпрыемства. Аўтамабільная дарога да яе падведзена, зараз дарожнікі адсыпаюць пад'езд уздоўж асноўнага цэха. Вялікія аб'ёмы работ выкананы на водазаборы, высакавольтавай электралініі і газаправодзе, з дня на дзень пачнецца адсыпка пад'язных ветак чыгункі. Тлумачэнні па гэтых і іншых пытаннях нямецкім спецыялістам даваў член савета дырэктароў ТАА "ММПЗ-груп" А.А. Кавалёнак.

Леанід МАТЭЛЕНАК.
На здымках: удзельнікі сустрэчы з нямецкімі бізнесменамі ў час наведвання жылля для будучых спецыялістаў металапракатнага завода і непасрэдна будаўнічай пляцоўкі.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.