Миорская организация ОО "Белорусский фонд мира" подвела итоги

Праўленне раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міру" на пасяджэнні 19 лютага падвяло вынікі сваёй дзейнасці ў мінулым годзе і вызначыла задачы на сёлета.  
 
Яго старшыня А.П. Смерцьева прывяла наступныя лічбы: у зборы добраахвотных ахвяраванняў прынялі ўдзел 64 калектывы, якія ахопліваюць каля трох тысяч працаўнікоў раёна, акрамя таго, больш за 90 жыхароў Міёршчыны зрабілі асабістыя ўзносы, самы вялікі з якіх ў мільён рублёў належыць ветэрану працы А.А. Кавалёнак. Увогуле на высакародныя мэты, якія дэкларыруе Фонд, сабрана 28.392 тысячы рублёў.
 
У зборы сродкаў актыўна праявілі сябе работнікі адукацыі, асабліва педагогі. Самыя вялікія сумы ў разліку на чалавека ўнеслі супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, рэдакцыі райгазеты, райваенкамата, цэнтральнай раённай аптэкі, РЦГЭ, райсельгасхарчу, райфа, падатковай інспекцыі, ТЦСАН.

Найбольшая сума збораў атрымалася ў калектыва раённага вузла паштовай сувязі. Больш таго, пяць аддзяленняў сувязі арганізавалі збор ахвяраванняў сярод наведвальнікаў, а гэта дадаткова 1,3 мільёна рублёў.

Словы ўдзячнасці за падтрымку на пасяджэнні выказаны работнікам УП ЖКГ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ПМК-55, Дзісенскага лясгаса, РАУС, разліковага цэнтра "Беларусбанка". Зрабілі свае ўзносы прадстаўнікі ўсіх сельвыканкамаў, ЛВДС "Дзісна", райгазу, ільнозавода, сельгаспрадпрыемстваў "Мерыца", "Узмёнскі край" і "Язна". Не засталіся ў баку члены грамадскіх фарміраванняў, напрыклад, клуба "Бажэна". У выніку раён заняў па гэтым паказчыку шостае месца ў вобласці. Гэта далекавата ад лідзіруючых пазіцый, аднак значна больш, чым ў папярэднія гады.

Пры тым адзначана, што рэзервы далёка не вычарпаны. Належнай работай яшчэ не ахоплены работнікі РЭС, мясакамбіната, меліярацыйных арганізацый, сельгаспрадпрыемстваў.

Значная частка сабраных сродкаў вярнулася ў раён. Яна выкарыстана на пакупку артапедычнага матраца для работніцы РВПС, якая пацярпела ў аўтамабільнай аварыі, на набыццё шліфавальнай машыны для ТЦСАН, ёй карыстаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Праведзены мерапрыемствы для былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, ушанавана "дзіця міру"— дзяўчынка, якая нарадзілася 29 верасня, на Дзень міру, упершыню арганізаваны флэш-моб…

Не менш багатым на падзеі і мерапрыемствы чакаецца 2016 год. Цяпер настаў час актыўнага збору ахвяраванняў на іх правядзенне. Вось зараз праходзіць акцыя "Тут жыве ветэран". На чарзе конкурсы сачыненняў і малюнкаў. Потым—малітвы за мір і ўрокі міру. Рыхтуюцца праграмы да Года культуры і Дня сям'і. Дзісенскай бальніцы сястрынскага догляду патрэбны пыласос… Гэтыя і іншыя пункты ўключаны ў зацверджаны план работы праўлення на бягучы год. Вызначаны меры па прапагандзе дзейнасці, тым больш, што Фонд неўзабаве будзе адзначаць сваё 55-годдзе.

Пасяджэнне праўлення закончылася заахвочваннем актывістаў. Пісьмы-падзякі і маляўнічыя календары за падтрымку ў зборы сродкаў уручаны прадстаўнікам калектываў раённага вузла паштовай сувязі, райваенкамата, цэнтральнай раённай бібліятэкі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыялнага абслугоўвання насельніцтва, УП ЖКГ, аддзела адукацыі, спорту і турызму.

У пасяджэнні праўлення Фонду міру прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Т.А. Стальмачонак. Яна падзякавала актыву за плён працы, пажадала новых поспехаў і прапанавала не мінуць увагай добраўпарадкаванне могілкаў "Паўночныя"—ахвяр фашысцкага генацыду.

Леанід МАТЭЛЕНАК.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.