В Миорах отпраздновали День учителя
gazeta 9-10-2015, 08:59 0 НавіныКалі нарадзіўся першы настаўнік, да яго калыскі спусціліся тры феі. Першая сказала: "Ты будзеш вечна малады, бо побач з табой заўсёды будуць дзеці". Другая адзначыла: "Ты будзеш прыгожы думкамі і душой, бо няма высакародней прызвання, чым дарыць сваё сэрца дзецям". Трэцяя дадала: "Ты будзеш бессмяротны, бо працягнеш жыццё ў вучнях". Але затым да калыскі падышла чацвёртая фея і злым голасам прамовіла: "Ты вечна будзеш правяраць сшыткі, твой працоўны дзень будзе цягнуцца 8 гадзін да абеду і 8 пасля, усе твае думкі будуць пра школу, і толькі пра школу, і ніколі ты не супакоішся". Злая фея палічыла, што настаўнікі спалохаюцца цяжкасцяў, але яна памылілася… Такую прытчу з вялікай доляй праўды расказалі падчас урачыстасці, прысвечанай Дню настаўніка, маладыя педагогі-вядучыя Яўген Клішкоў і Надзея Радзькова.
У зале РДК 2 кастрычніка сабраліся тыя, хто не пабаяўся стосаў з сшыткамі і 16-гадзіннага працоўнага дня, і з гарачым сэрцам і адкрытай душой павёў за сабой дзяцей у цікавую і таямнічую краіну ведаў.
—Вы самыя лепшыя і мы вамі ганарымся,—звярталася да педагогаў раёна намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак.—Настаўнік—асоба творчая і захопленая. З маленькага чалавек ён выхоўвае асобу, якой можна даверыць любую справу.
Дзень настаўніка Таццяна Алегаўна назвала самым цудоўным, добрым і інтэлігентным святам, пажадала цёплых сонечных дзён і моцнага здароўя прадстаўнікам гэтай прафесіі. Для некаторых педагогаў—асаблівы падарунак. Ганаровымі граматамі райвыканкама ўзнагароджаны дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Святлана Бакевіч, намеснік дырэктара Язненскай СШ Людміла Жойдзік, настаўнік фізікі Дзісенскай СШ Алена Бандарэнка. Удзячнасць аб'яўлена настаўнікам пачатковых класаў Завуццеўскай ДС-БШ Валянціне Шульга і працоўнага навучання Дварнасельскай ДС-СШ Жанне Пушкель.
Кажуць, ад лёгкай працы слабее перш за ўсё душа. Настаўнікам Міёршчыны гэта не пагражае. Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава, у многіх нашых педагогаў адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Марыя Мікалаеўна падзякавала настаўнікам за любоў і вернасць сваёй справе і ўручыла Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў дырэктарам Дварнасельскай ДС-СШ Антаніне Кляшчонак і Цвецінскай ДС-СШ Віктару Вялю, вадзіцелю Чапукоўскай ДС-СШ Мікалаю Драба.
—Усё жыццё настаўніка прысвечана навучанню і выхаванню самага дарагога, што ў нас ёсць—нашых дзяцей. Ва ўсе часы настаўнік застаецца апорай грамадства, бо ў яго руках—будучыня. Ад асобы і таленту педагога ў многім залежыць, якімі стануць нашы дзеці,—адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Жук.
Да слоў удзячнасці і віншаванняў дадаліся дыпломы і граматы. Дыпломам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў узнагароджана настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №3 Ларыса Лапкоўская. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі—дырэктар Дзісенскай СШ Таццяна Ромель. Міністэрскімі ўзнагародамі адзначаны настаўнікі абслугоўваючай працы Наталля Анецька і беларускай мовы і літаратуры Святлана Яцкоўская з СШ №3, настаўнікі рускай мовы і літаратуры Дзісенскай СШ Галіна Вяль і англійскай мовы СШ№2 Наталля Кавалёнак.
Граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама ўручаны настаўнікам пачатковых класаў Вользе Масальскай з СШ №2 і Святлане Ляшкевіч з Дзісенскай СШ, настаўніку рускай мовы і літаратуры Язненскай СШ Кацярыне Альхімовіч. Узнагароды раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму атрымалі настаўнік матэматыкі Павяцкай ДС-СШ Валянціна Малец, прыёмная маці Раіса Кулянок, педагог сацыяльны Міёрскага СПЦ Вольга Арсоба, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Марына Зюзелева, выхавальнікі ДС №2 Ніна Лагун і ДС №1 Аксана Гурчонак, намеснік дырэктара ЦКРНіР Жанна Кураш і настаўнік-дэфектолаг установы Марыя Мяніцкая.
Святочны настрой з педагогамі падзялілі кіраўнікі прадпрыемстваў раёна, якія аказваюць спонсарскую дапамогу ўстановам адукацыі. Словы ўдзячнасці за пастаянную падтрымку Аляксандр Жук выказаў Уладзіміру Мяцеліцу (УП ЖКГ), Віктару Бандарэнку (ААТ "Міёрскі мясакамбінат"), Станіславу Лабуньку (УП "Міёрскі рамонтнік"), Васілю Міхалківу (ВУПКУ "Міёрскі"), Льву Круку (СУП "Павяцце") і старшыні папячыцельскага савета СШ №3 Дзмітрыю Сінкевічу.
Ісці ў нагу з часам, лёгка пераадольваючы цяжкасці, быць запатрабаванымі і высока ацэненымі жадала педагогам старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў. Хтосьці з іх і цяпер нясе вахту ля школьнай дошкі, хтосьці зусім нядаўна развітаўся з вучнямі і класным кабінетам. Памятныя падарукі ўручылі настаўнікам, якія адправіліся на заслужаны адпачынак сёлета. За актыўны ўдзел у жыцці прафсаюзнай арганізацыі шэраг работнікаў атрымалі ўзнагароды абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі
—Дзень настаўніка—добрая нагода выказаць удзячнасць за нялёгкую працу, мудрасць, прафесіяналізм, цярплівасць і адданасць справе,—звярталася да калег намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Гур'ева.
Яна працягнула прыемную місію ўзнагароджвання. Віталі пераможцаў у намінацыях. Для дырэктараў школ—"Майстэрства кіравання", ад якога ў першую чаргу залежыць поспех калектыву. Перамагла "капітан карабля" Туркоўскай ДС-СШ Святлана Максіменка. Намінацыя "Разгорнутая кніга", на якую прэтэндавалі педагогі, заўсёды гатовыя падзяліцца з калегамі сваімі адкрыццямі і вопытам, прысудажана настаўніку пачатковых класаў Туркоўскай ДС-СШ Наталлі Протас і педагогу дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Алене Немянёнак. Лепшымі "Класічнымі настаўнікамі", што сумяшчаюць у сабе і педагога, і акцёра, і выхавальніка, і рыжысёра, сталі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дварнасельскай ДС-СШ Ніна Закрэўская і настаўнік працоўнага навучання Дзісенскай СШ Мікалай Пацеенак. У намінацыі "Педагог дзяцінства" перамагла выхавальнік ДС №3 Людміла Качан. Намеснікам дырэктара, педагогам-арга-нізатарам і сацыяльным, якія ў многім вызначаюць імідж школы, прысуджаліся "Пунсовыя ветразі". На п'едэстале—намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзісенскай СШ Алена Красоўская, педагог сацыяльны Чапукоўскай ДС-СШ Алена Летахіцкая, педагог-арганізатар Туркоўскай ДС-СШ Алена Лапіцкая. "Актыўную жыццёвую пазіцыю" занялі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Новапагосцкай ДС-СШ Таццяна Янушонак і загадчыца дзісенскага філіяла ЦДМ Вольга Смаршчок.
Прыемным падарункам для ўсіх работнікаў педагагічнай нівы стала творчая сустрэча з сучасным беларускім паэтам Андрэем Скарынкіным, якая распачалася адразу пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.