Неўзабаве пачне ўзводзіцца Міёрскі завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі. На стадыі дзяржэкспертызы — праектныя дакументы, палямі пад асноўныя будынкі займуцца ўжо ў жніўні-верасні. А цяпер дарожнікі на старце для пракладкі 970-метровага пад'езду да будучай будаўнічай пляцоўкі. Тэндар наша ДРБУ-203 ужо выйграла. Спецыялісты абяцаюць высакаякасную дарогу рэспубліканскага ўзроўню.
Па словах старшыні савета дырэктароў ТАА "ММПЗ-груп" Аляксея Кавалёнка, цяпер яшчэ толькі прадугледжваюцца сеткі часовага электразабеспячэння, у планах — жыллё для рабочых і спецыялістаў. Увогуле, няма сумненняў, што імпартазамяшчальная вытворчасць у нас з'явіцца. У гэтым запэўніў і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на рабочай нарадзе па пытаннях будаўніцтва 19 чэрвеня ў Міёрскім райвыканкаме:
"Заводу—быць. Нават нягледзячы на тое, што гэта вельмі дарагі праект не толькі для Віцебскай вобласці, але і для краіны ў цэлым. Павінны разумець, што выклічам сур'ёзную канкурэнцыю на рынку. Але калі ўзяліся за справу, то трэба давесці яе да канца ў тэрмін, можна нават з апярэджаннем".
Прадстаўнікі дарожнай, электра-, вода- і газазабяспечваючых арганізацый, сувязісты, чыгуначнікі, будаўнікі, фінансісты і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва з вобласці і рэспублікі, перш чым сабрацца ў адной зале, пабывалі на будаўнічай пляцоўцы. Ім спадабалася зручнае размяшчэнне будучага "гіганта". Кіраўнік вобласці пры тым у тэму заўважыў: "Гэта тое прадпрыемства, якое сфарміруе аснову бюджэту Міёршчыны, дасць штуршок да развіцця як сацыяльнай сферы, так і прамысловай". Высакаякасная бляха адсюль пойдзе на еўрапейскі рынак. З'яўленне завода дасць магчымасць забяспечыць уласны аўтапрам матэрыяламі для кабін і выйсці на сусветны рынак.