Устраивали соревнования, вручали подарки
gazeta 23-05-2015, 11:08 0 Навіны
Сваё прафесійнае свята работнікі фізічнай культуры і спорту раёна адзначылі на любімай рабоце — на пляцоўках і спартыўных аб'ектах. Нягледзячы на тое, што надвор'е ў гэты дзень не спрыяла аматарам здаровага ладу жыцця, на стадыёне ФСК "Атлант" было шматлюдна. Трэнеры і педагогі, прадстаўнікі фізічных калектываў, вучні школ раёна, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў — свята паяднала ўсіх, для каго слова "спорт" заўсёды ў прыярытэце.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў падкрэсліў, што дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту заўсёды адзначаецца на ўзроўні рэспублікі. Гэта чарговае пацверджанне таму, што людзі, якія прысвяцілі жыццё такой сферы дзейнасці, займаюцца патрэбнай і важнай справай.
Спартыўная ўрачыстасць — цудоўная нагода ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за высокія вынікі ў арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам адзначаны інструктары-метадысты ФСК "Атлант" У.М. Замковіч і К.А. Курдутава, за актыўны ўдзел у арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурнай работы — калектыў Узмёнскай ДС-БШ, за добрасумленную працу ў выхаванні спартыўнага рэзерву — трэнер-выкладчык Міёрскай ДЮСШ Г.Я. Хахель. Каштоўныя падарункі прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта па Віцебскай вобласці з адпаведнай сімволікай уручылі старшыні райвыканкама І.В. Кузняцову і намесніку старшыні ФСК "Атлант" М.С. Платонаву.
Па традыцыі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму А.І. Жук агучыў вынікі раённай круглагадовай спартакіяды сярод КФК. Першымі з ліку сельгасарганізацый сталі спартсмены СУП "Павяцце", на другім месцы — ААТ "Узмёнскі край", на трэцім — ААТ "Туркова". Самыя спартыўныя і фізічна падрыхтаваныя работнікі з ліку арганізацый працуюць у РАНС — 1-ае месца, на 2-ім — аддзел адукацыі, спорту і турызму, на 3-ім — УП ЖКГ. Пераможцы адзначаны дыпломамі адпаведных ступеней і кубкамі.
Галоўны суддзя спаборніцтваў С.І. Урублеўскі абвясціў праграму спартыўнага свята і акрэсліў, на якіх пляцоўках пройдзе барацьба па тым ці іншым відзе спорту. Валейбалісты накіраваліся ў спартыўную залу, футбалісты — на міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём, лёгкаатлеты засталіся на стадыёне і прыступілі да размінкі.
З прыемнай узнагародай рэдакцыя павіншавала намесніка начальніка РАНС Міхаіла Казіміравіча Курашэвіча. Ён і падзяліўся сакрэтамі спартыўных поспехаў міёр-скіх выратавальнікаў:
— Нашы работнікі заўсёды ўдзельнічаюць ва ўсіх спаборніцтвах, якія праводзяцца ў межах спартакіяды. Сёлета сталі першымі ў валейболе, крыху адставалі па міні-футболе, аднак нагналі па іншых відах спорту. Ужо некалькі год не пакідаем прызавую тройку, таму стараемся трымаць паднятую планку, — расказаў Міхаіл Казіміравіч. — Самае важнае — сабраць калектыў, які жадае займацца спортам. І ў гэтым рэчышчы галоўны мой памочнік — камандзір аддзялення Дзяніс Гіржда, які на працягу пяці год арганізоўвае каманду. Толькі наладжаная работа можа прыносіць высокія вынікі. Да таго ж спецыфіка нашай прафесіі вымагае бліскучай фізічнай падрыхтоўкі.
У той час у спартыўнай зале ФСК "Атлант" праходзілі гульні першынства па паркавым валейболе. Паміж сабой змагаліся чатыры жаночыя каманды. Саперніцы падабраліся годныя, бо ў майстэрстве адбіваць мяч з міярчанкамі мала хто можа зраўнавацца. На гэты раз яны выступалі супраць сваіх жа паплечніц. Першай стала каманда ў складзе Юліі Грэцкай, Ірыны Грыгор'евай, Валерыі Кліпацкай, Дар'і Кавалёвай, Таццяны Тычко. Саступілі ім і апынуліся на другім месцы Ксенія Алісеенка, Маргарыта Граковіч, Анастасія Адамёнак, Крысціна Кузьміна, Ульяна Кавалёнак. На трэцім — сямейнае трыа Вольгі, Ксеніі і Паліны Жук, Анастасія Грыгор'ева і Ксенія Сушко.
На міні-футбольным полі спаборніцтвы па футболе "Скураны мяч" праходзілі ў дзвюх узроставых групах. Сярод юнакоў 2001-2002 г.н. месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-ае—Міёрская БШ, 2-ое—СШ №3, 3-яе — СШ №2. Пераможна за сваю ўстанову адукацыі выступілі Сяргей Лакотка, Данііл Дарашкевіч, Арцём Малец, Мікіта Маляўка, Дзяніс Пальчэўскі, Ігар Мікуцкі. Футбалісты 2003-2004 г.н. паказалі аналагічныя вынікі: першымі сталі хлопцы з Міёрскай БШ, другімі — прадстаўнікі СШ №3, трэцімі—СШ №2. Першае месца сваёй школе прынеслі Ягор Рачыцкі, Арцём Лясовіч, Павел Шук, Макар Каранеўскі, Ілья Блажэвіч.
Лёгкаатлеты, не зважаючы на метэаралагічныя перашкоды, спаборнічалі ў бегу на 60, 300, 600 і 1000 метраў і штурханні ядра. Сярод гарадскіх школ першае месца пакінулі за сабой спартсмены СШ №2, на другім — Дзісенскай, на трэцім — СШ №3. Сярод сельскіх школ месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-ае — Дварнасельская, 2-ое — Язненская, 3-яе — Павяцкая. З ліку базавых першай стала Узмёнская школа, другой — Слабадская, трэцяй — Перабродская.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота К. Блажэвіча.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.