Паспорта: молодому поколению и 100-летнему юбиляру
gazeta 18-03-2015, 10:48 0 НавіныНапярэдадні Дня Канстытуцыі ў рамках акцыі БРСМ "Мы — грамадзяне Беларусі" трынаццаць вучняў Дзісенскай, Язненскай і Цвецінскай школ атрымалі першы ў жыцці дакумент — пашпарт.
На сцэны Язненскага СДК вядучыя першы сакратар РК ГА "БРСМ" М.П. Кашкур і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.В. Пяткевіч пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення пашпартоў. Пра значэнне дакумента ў жыцці кожнага грамадзяніна, правы і абавязкі, які ён накладае на свайго ўладальніка, расказала старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС А. Ю. Ракшня. Запаветную сінюю "кніжачку" і памятныя падарункі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў М. М. Баніфатавай. Марыя Мікалаеўна прызналася, што ў такія моманты адчувае гонар за рэспубліку, бо тут падрастаюць цудоўныя дзеці. Яна нагадала юным грамадзянам, што дзяржава абараняе, любіць і бароніць іх, каб і яны аддзячвалі тым жа.
Разам з Марынай Паўлаўнай школьнікі паўтарылі клятву вернасці краіне. Са словам у адказ выступіў вучань Дзісенскай СШ Сяргей Барташэвіч. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Язненскай школы І.З. Кухцінская выказала спадзяванне, што юныя грамадзяне стануць трывалай апорай для дарослых і ўмелымі будаўнікамі шчаслівай будучыні краіны.
У гэты дзень новы пашпарт атрымала і стогадовая юбілярка — Вера Ільінічна Сямчонак. Яна прайшла нялёгкі жыццёвы шлях, з годнасцю вытрымала ўсе выпрабаванні лёсу. Працавала ў калгасе, выхавала і паставіла на ногі чацвярых дзяцей — трох дачок і сына. Прымаючы віншаванні і падарункі, яна пажадала ўсім дажыць да такіх жа гадоў здаровымі і поўнымі сіл.
— Калі зараз усё робіцца з дапамогай машын, то складана падлічыць, колькі ўсяго перарабіла ўласнымі рукамі я, — гаварыла Вера Ільінічна. — Дзяцей нарадзіла, вельмі іх любіла, а іншага ў жыцці і не трэба.
Такімі простымі, але значнымі жыццёвымі мудрасцямі падзялілася з прысутнымі жанчына, якая мае шэсць унукаў і пяць праўнукаў. Старшыня Язненскага сельвыканкама В.М. Фядзьковіч, якая знаёма з Верай Ільінічнай шмат год, дакладна ведае, што сакрэт даўгалецця юбіляркі ў тым, што яна заўсёды любіла дзяцей, працу, сваю радзіму.
Святочную сустрэчу завяршыла канцэртная праграма, якую падрыхтавалі артысты Язненскага СДК.
Арына БАРКОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.