2 лютага ў Брэсце і Мурманску стартавала міжнародная эстафета "Перамога-70", прысвечаная гераічнай абароне рубяжоў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя пройдзе па тэрыторыі дзевяці дзяржаў па двух сустрэчных маршрутах, агульная працягласць якіх складзе больш за 60 тысяч кіламетраў. Эстафетная група органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь наведала заставы і пасты Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Смаргонскай пагранічных груп, Пінскага, Мозырскага, Лідскага і Полацкага пагранічных атрадаў.
18 лютага ля мемарыяла "Воінам-вызваліцелям" у Полацку прайшоў урачысты мітынг, пасля якога эстафета перамогі накіравалася для перадачы калегам з Пагранічнай службы ФСБ Расійскай Федэрацыі. Сустрэча адбылася ў Верхнядзвінскім раёне на "Кургане дружбы" — стык граніц Беларусі, Расіі і Латвіі. Сімвал акцыі—кубак з надпісам "Перамога-70" — з рук намесніка Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Уладзіміра Маісеенкі прыняў начальнік Пагранічнага ўпраўлення ФСБ Расіі па Пскоўскай вобласці генерал-маёр Аляксандр Мурзін. Будуць арганізаваны ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы з шырокім далучэннем ваеннаслужачых, ветэранаў органаў пагранічнай службы, моладзі, вучняў кадэцкіх класаў, творчых калектываў воінскіх часцей.
Завяршыцца эстафета ў Маскве 28 мая ля помніка "Пагранічнікам Айчыны" і на Паклоннай гары. Сімвалы, створаныя з нагоды акцыі, застануцца на захоўванні ў Цэнтральным музеі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. і Цэнтральным пагранічным музеі ФСБ Расіі.