Отвечать за землю — долг службы

Отвечать за землю — долг службы Першыя дакументальныя звесткі пра складанне дзяржаўных зямельных актаў у Беларусі датуюцца канцом трынаццатага стагоддзя, і ўжо тады праводзілі абмер зямлі, кантралявалі яе выкарыстанне, складалі карты. З тае пары адбылося нямала рэформ, пераўтварэнняў, рэарганізацый. Аднак зямля застаецца асноўным асяродкам існавання чалавецтва, крыніцай грамадскага багацця, а работа землеўпарадкавальнікаў садзейнічае сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. І ў нашым раёне ўсе дзеянні, звязаныя з зямельнымі рэсурсамі, праводзяцца з удзелам і пад пільнай увагай кампетэнтных спецыялістаў. Пра гэта гутарка з начальнікам раённай землеўпарадкавальнай службы А. Г. Шаўчонак.

 

— Пад кантролем нашай службы 178 664 гектараў зямлі, а гэта ўся тэрыторыя Міёрскага раёна, у тым ліку 77 907 га сельгасугоддзяў, 45 336 га — ворыва, — расказвае Алена Генадзьеўна. — Для правядзення шматлікіх мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні кожнага кавалачка кіруемся адпаведнай нарматыўнa-прававой базай. У кампетэнцыі нашай службы правядзенне і якасць землеўпарадкавальных, зямельна-кадастравых работ, устанаўленне і змена межаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, удзел у прыёмцы зямельных угоддзяў пасля рэкультывацыі, меліярацыі, акультурвання, разгляд матэрыялаў аб выдзяленні ці адабранні зямельных участкаў, падаўжэнні тэрмінаў карыстання імі, іншых зваротаў фізічных і юрыдычных асоб.  


Наша служба цесна супрацоўнічае з падатковымі органамі, якім прадастаўляем звесткі аб наяўнасці зямлі ў фізічных і юрыдычных асоб для спагнання падаткаў.
З мэтай прыцягнення дадатковых грашовых сродкаў у раённы бюджэт праводзім аўкцыёны на права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў і па продажы зямлі ў прыватную ўласнасць.
Нашы спецыялісты даюць тлумачэнні і кансультацыі па пытаннях зямельнага заканадаўства, вядуць шматлікую дакументацыю, складаюць справаздачы і г. д.


— Ці можна сцвярджаць, што менавіта ад прафесіяналізму мясцовых землеўпарадкавальнікаў залежыць не толькі эфектыўнасць выкарыстання зямлі на Міёршчыне цяпер, але і ў якім стане яна будзе перададзена нашчадкам?

— Роля спецыялістаў, несумненна, важная. Аднак навесці парадак на зямлі можна толькі пры сумеснай зладжанай рабоце з архітэктурнай і санітарнай службамі, інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельвыканкамамі і шэрагам іншых структур. Многае залежыць ад руплівасці саміх землекарыстальнікаў, і, трэба адзначыць, што многія з іх у гэтай справе вызначаюцца станоўча.


Аднак сустракаюцца людзі, якія нядобрасумленна абыходзяцца з зямлёй, што можа выліцца не толькі ў значныя штрафныя санкцыі. Існуе нават пагроза яе канфіскацыі. Мы заўсёды чуем адны і тыя ж адгаворкі: не ведаў пра дзеянне закона, недагледзеў. Раней падыход да парушальнікаў у нас быў больш лаяльным—выдавалі загады, устанаўлівалі тэрміны выпраўлення. Аднак нізкая эфектыўнасць такіх уздзеянняў даказала, штраф—самая дзейсная мера.
Летась праведзена 70 праверак па захаванні зямельнага заканадаўства грамадзянамі і 53 юрыдычнымі асобамі. Вынесена 20 пастаноў аб адміністрацыйных правапарушэннях і выдадзены 22 прадпісанні.


— Як выконваецца адна з прыярытэтных задач — уцягненне ў гаспадарчы зварот пустуючых земляў?
— Пашырэнне пасяўных плошчаў — асноўная мэта дзяржаўнай зямельнай палітыкі. Вядзецца работа па рэалізацыі абласной праграмы "Чыстыя палеткі" , а таксама ў рамках Дзяржаўнай праграмы захавання і выкарыстання меліярацыйных зямель.
Вельмі вострая праблема — нерацыянальнае выкарыстанне зямлі. Каб выявіць такія факты, праводзяцца абследаванні сельгасугоддзяў гаспадарак раёна. 
Напрыклад , ва ўладальніка ўчастка ў распараджэнні цэлы гектар. Аднак у яго гаспадарчым карыстанні толькі 10 сотак, а астатняя плошча-не выкарыстоўваецца. У такім разе яе можна і трэба забіраць і пераразмяркоўваць. Альбо ёсць закінуты ўчастак у цэнтры населенага пункта. Уцягнуць яго ў севазварот немагчыма. У такім выпадку размяшчаем інфармацыю на сайце з прапановай будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў на ім.  


За мінулы год выяўлена каля 800 гектараў нерацыянальна выкарыстоўваемай зямлі ў населенных пунктах, і яна перададзена мясцовым сельгасарганізацыям.
Галаўным болем для землеўпарадкавальнікаў з'яўляюцца безнаглядныя дамы ў сельскай мясцовасці. Участкі зарастаюць пустазеллем, хмызняком. Часта сельгасарганізацыі не могуць уцягнуць іх у севазварот з-за немагчымасці выкарыстання на іх тэхнікі. Праблема вырашаецца шляхам абмену і пераразмеркавання ўчасткаў паміж грамадзянамі, згрупоўкай і перамяшчэннем на край, што дае магчымасць уключыць іх у севазварот.


—Над пытаннямі рацыянальнага выкарыстання зямлі ў сельскай мясцовасці працуюць сельскія Саветы?
—Менавіта работнікі сельскіх Саветаў, сельвыканкамаў павінны выяўляць пакінутыя без нагляду вясковыя дамы, весці ўлік невыкарыстоўваемых участкаў, знаходзіць і рэалізоўваць шляхі ўключэння іх у севазварот. Пад іх кантролем і навядзенне парадку на прысядзібных участках ля жылых дамоў, а таксама на агародах вяскоўцаў. Абкошванне тэрыторый, высечка дрэў і хмызняку, знос старых будынкаў… — усе гэтыя і многія іншыя пытанні ў полі зроку сельскіх Саветаў.
—Клопатаў у спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы раёна нямала. Які калектыў працуе над іх выкананнем? 
—У складзе зямслужбы, акрамя мяне, толькі 5 работнікаў: намеснік начальніка Георгій Львовіч Глебка і галоўныя спецыялісты Валерый Анатольевіч Дуброўскі і Святлана Уладзіміраўна Ляшкевіч, якія вырашаюць пытанні землеўпарадкавання ў Завуццеўскім, Язненскім, Мікалаёўскім сельсаветах і ў Дзісне, Таццяна Раманаўна Грэцкая і Павел Аляксандравіч Сушко—у райцэнтры, а таксама ў Міёрскім, Павяцкім, Перабродскім, Туркоўскім і Узмёнскім сельсаветах.
Праца землеўпарадкавальнікаў патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і талерантнасці ў адносінах з людзьмі, уважлівасці, цярпення. З цеплынёй ўзгадваю і тых, хто ў былыя гады ўнёс значны ўклад у развіццё землеўпарадкавальнай службы раёна—Уладзіміра Якутава, Пятра Багалея, Мечыслава Качана, Івана Сафронава, Аляксандра Рамановіча. Некаторых з іх, на жаль, ужо няма сярод нас.
З нагоды свята, усім, хто меў дачыненне да навядзення парадку на зямлі і забяспечвае гэтыя задачы цяпер, дзякую за старанне і адказнасць. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і шчаслівага жыцця ўсім землекарыстальнікам. Са святам!
—Дзякую за гутарку.


Гутарыла Эліза БЛАЖЭВІЧ.


На здымку: работнікі землеўпарадкавальнай службы А. Шаўчонак (на пярэднім плане), В. Дуброўскі, Т. Грэцкая, Г. Глебка, П. Сушко.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.