С праздником!
gazeta 12-09-2014, 14:29 0 НавіныПрыміце шчырыя віншаванні з нагоды святкавання значнай юбілейнай даты — 500-годдзя з дня першага ўпамінання пра Міёры ў гістарычных дакументах!
Для кожнага з нас, хто шчыра любіць свой горад, людзей, гэта свята з'яўляецца вельмі значным.
Дзень за днём, год за годам ствараўся гістарычны летапіс нашых Міёр. Кожнае пакаленне сваімі вялікімі і малымі справамі паступова ператварала невялічкае паселішча на беразе маляўнічага возера ва ўтульны гарадок сінявокай Віцебшчыны.
Безумоўна, на працягу пяці стагоддзяў адбывалася шмат падзей, якія пакінулі глыбокі след у развіцці нашага горада і жыцця людзей.
Многае аб'ядноўвае нас з суседнімі дзяржавамі, у склад якіх Міёры ўваходзілі ў розныя перыяды свайго станаўлення. І цяпер мы падтрымліваем цесныя эканамічныя, культурныя і сваяцкія сувязі з латвійскім, літоўскім, польскім народамі, расіянамі.
Вялізным выпрабаваннем для нашых людзей стала Вялікая Айчынная вайна. Тысячы нашых землякоў удзельнічалі ў баях з фашысцкімі захопнікамі на франтах і ў тыле, у атрадах Супраціўлення многіх краін Еўропы. Не шкадуючы сіл і здароўя, яны падымалі з руін параненую зямлю, узнаўлялі народную гаспадарку, дамы, школы, храмы.
Міёрская зямля была роднай калыскай для многіх таленавітых людзей, якія сталі вядомымі за яе межамі пісьменнікамі, мастакамі, архітэктарамі, грамадскімі дзеячамі. Мы ганарымся ўраджэнцам нашага краю Героем Савецкага Саюза Ягорам Андрэевічам Томкам.
Цяпер, нягледзячы на значны юбілей, наш малады духам раённы цэнтр з кожным годам становіцца ўтульней і прыгажэй. Добраўпарадкаваная набярэжная, адноўленыя будынкі, прыгожыя новабудоўлі, утульныя скверы і паркі—гэта родныя Міёры. І ўсё, чым мы ганарымся, створана таленавітымі, працавітымі, мэтанакіраванымі, адданымі роднаму краю людзьмі.
Вы, паважаныя міярчане,—наш галоўны здабытак!
Захоўваючы лепшыя традыцыі папярэднікаў, мы разам шчыруем для будучых пакаленняў. Сардэчная прыязнасць Вам, ветэраны вайны і працы, за каштоўны вопыт і вялізны ўклад у развіццё Міёрскага краю.
Шчырая ўдзячнасць усім, хто цяпер сваёй працай і інтэлектам стварае надзейны фундамент для будучага развіцця горада. Дзякуй вам за няспынную працу, за разуменне і актыўнасць. Наперадзе ў нас шмат пачынанняў і планаў. Упэўнены, што дзякуючы аптымізму, стараннасці і ўзаемападтрымцы мы зможам вырашыць любыя задачы і пераадолець цяжкасці.
Няхай яшчэ шмат стагоддзяў Міёры застаюцца такім жа маладым, утульным, спакойным горадам, а жыццё яго жыхароў і гасцей заўсёды будзе напоўнена душэўным цяплом, радасцю і надзеяй на лепшае.
Няхай слаўная гісторыя малой радзімы натхняе кожнага з нас на стварэнне!
Дарагія міярчане! Моцнага вам здароўя, поспехаў, дабрабыту, міру і дабрыні.
З юбілеем! Квітней, наш слаўны горад!
І. В. КУЗНЯЦОЎ,
старшыня Міёрскага раённага
выканаўчага камітэта.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.