Яшчэ ў ліпені будаўнікі ПМК-55 пад кіраўніцтвам майстра Я. П. Ходзькі пачалі падаўжаць вуліцу Лермантава ад Верхнядзвінскай да Камуністычнай, куды яна выйдзе побач з РЦГЭ. Ужо заканчваецца пясчаная падсыпка, якую потым перакрые слой шчэбеню. Па версе яго плануецца ўкласці не традыцыйны асфальт, а бетон шырынёй 7-10 метраў. Такім чынам, у Міёрах з'явіцца першая ў раёне бетаніраваная вуліца, на што ўзяты накірунак і ў рэспубліцы.
Ужо вядома, што першым аб'ектам на новым участку вуліцы стане 40-кватэрны жылы дом, яго адрас—Камуністычная, 76.
Нашы будаўнікі працягваюць работы на будынку новай бальніцы. На трэцім паверсе да 16 аддзелачнікаў майстра В. У. Міхайлавай прыкладна з 20 жніўня штодзень вядуць тынкоўку. А на харчаблоку муляры і бетоншчыкі паскоранымі тэмпамі займаюцца дахавымі работамі. Калі брыгада Я. В. Плехтана хутка справіцца з цаглянымі парапетамі па перыметры будынка і вернецца на "пункт харчавання", дзе цяпер ідзе ўкладка пліт перакрыцця, то ў бетоншчыкаў з брыгады М. А. Гагалінскага шмат спраў з керамзітава-бетоннай падрыхтоўкай пад мяккі дах. Справа гэтая марудная і патрабуе асаблівай акуратнасці.