Сустрэча, прысвечаная праблеме гандлю людзьмі ва ўсім свеце, прайшла на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўваўння насельніцтва 24 лютага. На мерапрыемства завіталі старшакласнікі школ горада. Гутарку з вучнямі вялі псіхолаг ТЦСАН А. Г. Федарэц і старшыня РА "Беларускі Чырвоны Крыж" Г. В. Ліскова.
Напачатку Ганна Віктараўна крыху расказала прысутным пра ўзнікненне, афіцыйную сімволіку і асноўныя прынцыпы дзейнасці арганізацыі. Заўважыла, што сёлета "Чырвоны Крыж" адзначыць 150-годдзе са дня ўтварэння.
— На жаль, тэма гандлю людзьмі актуальная і для Міёршчыны, — падкрэсліла старшыня. — Вельмі часта маладыя людзі з'язджаюць у пошуках лепшага заробку і не заўсёды вяртаюцца дадому.
Больш падрабязна аб праблеме рабства распавяла Ала Генадзьеўна, якая падрыхтавала адпаведную тэматычную прэзентацыю. Аказваецца, у дваццатым стагоддзі ахвярамі гандлю людзьмі сталі дзвесце мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Псіхолаг назвала спосабы прымусу, групы рызыкі, у якія ў першую чаргу трапляюць жанчыны і дзеці, раскрыла асноўныя спосабы прыцягнення людзей.
У канцы выступлення Ала Генадзьеўна прапанавала вучням прагледзець некалькі ўрыўкаў з мультфільма пра Нязнайку і вызначыць, як былі падмануты іх героі. З гэтым заданнем госці справіліся без праблем. Таксама цікавым стаў тэст, на выкананне якога давалася адна хвіліна. Аказалася, што самая важная ўмова — уважліва прачытаць напісанае і нічога не рабіць. "Такая няўважлівасць часта становіцца прычынай пападання ў рабства, — падагуліла псіхолаг. — Заўсёды ўважліва чытайце тое, што падпісваеце".
На развітанне арганізатары сустрэчы падкрэслілі, што гэта не апошняе мерапрыемства ў рамках асвятлення дадзенай праблемы.