Заўтра—Дзень аўтамабіліста і дарожніка

Галоўны рэсурс

Заўтра—Дзень аўтамабіліста і дарожнікаЛетась ААТ “Аўтапарк №15” адзначыў 40-годдзе. За гэты перыяд калектыў унёс значны ўклад у рэалізацыю розных раённых праграм. Прадпрыемства з’яўляецца юрыдычнай асобай, кантрольны пакет акцый належыць дзяржаве. Статутны фонд падзелены на 88367 імянных акцый намінальным коштам 340 рублёў кожная.


З моманту стварэння прадпрыемства ажыццяўляе сваю дзейнасць на прынцыпах самафінансавання і самаакупнасці. У першую чаргу забяспечвае грузавыя і пасажырскія перавозкі. Дзейнічае станцыя тэхнічнага абслугоўвання, паслугі якой карыстаюцца попытам, бо тут працуюць добрыя спецыялісты. У аўтапарку правераць тэхнічны стан транспарту, праводзяць дзяржтэхагляд, дзейнічае шынамантаж, мыйка аўтамабіляў. Прадпрыемства мае ліцэнзіі на гэтую дзейнасць. Цяпер тут працуе 88 чалавек. Асноўная колькасць—вадзіцелі аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў. Аўтапарк выконвае транспартныя заказы прыватных асоб.

Прадпрыемства абслугоўвае пасажырскіх 25 маршрутаў, сумарная працягласць якіх 1606 км.

Вадзіцель Уладзіслаў Іванавіч Сівіцкі 30 гадоў працуе на аўтобусах розных мадэфікацый. Цяпер за рулём “Радзіміча”. Многія жыхары Міёршчыны ведаюць гэтага чалавека, бо яго аўтобус заязджае ў розныя куточкі раёна. У свой час закончыў Міёрскую СШ №2, у школе атрымаў навыкі ваджэння аўтамабіля. Прыйшоў працаваць у транспартную арганізацыю, дзе паступова павышаў кваліфікацыю. Цяпер гэта вопытны вадзіцель першага класа.

А вось Таццяна Паўлаўна Леановіч у калектыў улілася параўнаўча нядаўна, тры гады працуе дыспетчарам аўтавакзала ў райцэнтры. Яна адзначае пуцявыя лісты, кантралюе пасадку пасажыраў у аўтобусы.

Па словах дырэктара Леаніда Яўгенавіча Хахеля, у аўтапарку шмат працавітых і добра падрыхтаваных прафесійна работнікаў. Сярод іх вадзіцелі грузавых аўтамабіляў Уладзімір Іосіфавіч Рынкевіч, Мікалай Фёдаравіч Кукуць, Віктар Арнольдавіч Гродзь. Лепшымі вадзіцелямі аўтобусаў лічацца Аляксандр Раймундавіч Закрэўскі, Іван Часлававіч Курловіч, Віктар Станіслававіч Мароз. Рамантаваць тэхніку дапамагае токар Вячаслаў Тадэвушавіч Шэнда. Да прафесійнага свята граматай прадпрыемства “Віцебскаблаўтатранс” адзначаны вадзіцель Станіслаў Іосіфавіч Бобіч. Гэта сумленны і шчыры чалавек, які шмат гадоў аддаў высокапрадукцыйнай працы на прадпрыемстве. Можна прыводзіць іншыя прыклады. Менавіта кадры забяспечваюць станоўчы вынік. Сёлета за 9 месяцаў ад усіх відаў дзейнасці атрымана 2728169 тысяч рублёў даходаў—115,1% да леташняга паказчыка. Выраслі даходы ад перавозкі грузаў (121,1%) і пасажыраў (107,7%). Хаця платныя транспартныя паслугі павялічыліся, але заданне не выканана. У гэтым напрамку яшчэ трэба працаваць. Забяспечаны паказчыкі энергазберажэння, па экспарту транспартных паслуг.

Паспяхова развіваецца неасноўная дзейнасць, план выкананы на 121,4%. На станцыю тэхнічнага абслугоўвання набыты новы пад’ёмнік, што спрыяе больш якаснаму рамонту аўтамабіляў.

Сёлета адміністрацыя, калектыў у цэлым удзялялі ўвагу добраўпарадкаванню. Жыхароў Дзісны парадуе рэканструяваная аўтакаса. На рамонт гэтага аб’екта выдзелена 120 мільёнаў рублёў. У Міёрах заасфальтаваны пад’езд да пасадачнай пляцоўкі аўтавакзала. Перавялі катлы ацяплення на мясцовае паліва.
Перад калектывам пастаўлена задача павялічыць мэтавыя паказчыкі да ўзроўню мінулага года. Вынікі 9 месяцаў сведчаць, што яна будзе выканана. Для гэтага распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па ўсіх накірунках дзейнасці.

Вядома, крызісныя з’явы адбіліся і на калектыве. Збівае з рытму нераўнамернае атрыманне даходаў ад паслуг, узрасла канкурэнцыя з боку прыватных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на грузавых і пасажырскіх перавозках. Неабходна забяспечваць апярэджваючы рост прадукцыйнасці працы над ростам заробку. Пакуль гэта вытрымліваецца. За мінулы перыяд выпрацоўка на аднаго працуючага склала 37236 тысяч рублёў. Дырэкцыя, прафкамітэт аўтапарка жадаюць кожнаму працаўніку плённых здабыткаў, сямейнага ладу, моцнага здароўя. А каб яно не падводзіла, тут не забываюць пра фізкультуру. Кожны год каманда транспартнага прадпрыемства ўдзельнічае ў абласной спартакіядзе. Прыемна, што работнікі аўтапарка займаюць прызавыя месцы па лёгкай атлетыцы, настольнаму тэнісу, гіравому спорту.

На здымку: вадзіцель аўтобуса У. І. Сівіцкі і дыспетчар аўтавакзала Т. П. Леановіч.

Людвіг КАСАТЫ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.