День первый
gazeta 3-12-2013, 16:52 0 Навіны
У мінулы панядзелак, 25 лістапада, пасля абеду на полі побач з фермай "Пячонкі" падсобнай гаспадаркі райаграсэрвісу меліяратары Міёрскага ПМС згрузілі першы бульдозер Т-130, які адразу пачаў насыпаць грунт для эстакады, на якой будзе разгружацца іншая тэхніка. Такім чынам распачаліся падрыхтоўчыя работы паблізу будаўнічай пляцоўкі будучага завода па выпуску белай бляхі і металічнага ліста. Першым у работу ўключыўся малады механізатар Віктар Томас. Нягледзячы на "прыбалтыйскае" прозвішча, ён з Верхнядзвінскага раёна, вучыўся ў Боркавіцкім СПТВ, а нядаўна прыпыніўся з сям'ёй у Міёрах.
Са спасылкай на дырэктара ТАА "МПЗ-груп" Сяргея Чабуранава нагадаю, што пад будучае прадпрыемства выдзелена крыху больш за 40 гектараў зямлі за аб'язной дарогай насупраць Міёркаў-2. Будаўніцтва плануецца весці паэтапна, адначасова з праектаваннем. Генпадрадчыкам праектавання выбрана літоўская інжынірынгавая кампанія. Абсталяванне паставіць адзін з вядучых вытворцаў машын для металургіі і трубапракатнай справы — нямецкая кампанія "SMS Grup".
Наш райцэнтр атрымае яшчэ адно горадаўтвараючае прадпрыемства, якое забяспечыць работай паўтысячы міярчан. І да гэтай светлай будучыні 25 лістапада зроблены чарговы рэальны крок.
***
У аўторак, 26 лістапада, на будучую будаўнічую пляцоўку дастаўлены зялёны вагончык-бытоўка і другі бульдозер Б-10м механізатара Валерыя Валенціка. Усімі работамі курыруе галоўны інжынер ПМС Аляксандр Анатольевіч Жураўскі. Плануецца, што ў пачатку снежня будзе прызначаны прараб, найбольш верагодна, што ім стане Мікалай Аляксандравіч Лаўрыновіч.
На здымках: механізатары Міёрскага ПМС Валерый Валенцік і Віктар Томас на новым аб'екце.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.