Дачные проблемы
gazeta 25-10-2013, 15:17 0 Навіны
Садоўніцкае таварыства "Вяснянка" паступова развіваецца. Апошнім часам дачнікі актывізаваліся ў будаўніцтве садовых домікаў, добраўпарадкаванні тэрыторыі, фарміраванні месц адпачынку. У выкананні многіх работ дапамагаюць раённыя арганізацыі. Так, Міёрскае ПМС абкошвала дарогі і месцы агульнага карыстання, УП ЖКГ выдзяляла тэхніку для грэйдзіравання.
Можна сцвярджаць, што "Вяснянка" становіцца салідным аб'яднаннем дачнікаў, бо налічвае 330 членаў, якія карыстаюцца 152 пабудовамі, 110 з іх падключаны да электраліній. Але і нявырашаных пытанняў тут хапае. Аб гэтым ішла размова на сходзе, што прайшоў у кінатэатры "Колас" 17 кастрычніка. Так, адзін з членаў таварыства на ўсе прэтэнзіі сцвярджаў: "Мой участак, што хачу, тое на ім і раблю!" Але нельга грэбаваць статутам садоўніцкага таварыства, ды і патрабаванням заканадаўства аб ахове прыроды, зямель, водных аб'ектаў і іншых прыродных багаццяў адпавядаць давядзецца. Дык навошта ствараць канфліктную сітуацыю?
Кіраўніцтву таварыства са значнымі намаганнямі давялося арганізаваць уборку агароджы ля "персанальнага" пляжа. Здараецца, іншы раз не своечасова плацяць членскія ўзносы. А вось імя злоснай неплацельшчыцы на сходзе папрасілі абнародаваць у раённай газеце. Паважаная Святлана Анатольеўна, у вас ёсць выбар: заплаціць узносы ці адмовіцца ад членства ў садоўніцкім таварыстве — рэалізаваць свой зямельны ўчастак. Скарыстайцеся ім!
Іншы раз праблемай для некаторых дачнікаў становіцца своечасовая аплата за электраэнергію.
І зварот да ўсіх членаў таварыства: вялікагрузнымі машынамі завозіць гной, гравій, будаўнічыя матэрыялы трэба ў сухую пару года. А вясной і восенню такая тэхніка разбурае дарогі, для іх аднаўлення патрабуюцца значныя сродкі і сілы.
Кіраўнік таварыства А. А. Кукуць звярнуўся да ўсіх дачнікаў з просьбай прадумана размяшчаць усе аб'екты, каб яны не псавалі агульны выгляд, не парушалі прыродаахоўнае заканадаўства. Ён прапанаваў членам таварыства скарыстацца магчымасцю для апрацоўкі зямельных надзелаў. Ворыва можна правесці трактарам за 15 тысяч рублёў за сотку.
Дачныя ўчасткі ў таварыстве "Вяснянка" запатрабаваны. На сходзе прынята 14 новых членаў і 10 выключана. Рэзерв угоддзяў ужо абмежаваны.
На сходзе справаздачу аб фінансавай дзейнасці таварыства зрабіла рэвізійная камісія.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.