Мамочки Миор, объединяйтесь!

 Мамочки Миор, объединяйтесь!
Групы ў сацыяльных сетках не абавязкова дарэмная трата часу, як думаюць многія. Гэта добрая магчымасць знайсці нешта карыснае для сябе, сустрэць аднадумцаў і абмяняцца меркаваннямі. Прычым тэматыка згаданых аб'яднанняў самая разнапланавая. Не мае значэння, хочаце вы спячы пірог ці скокнуць з парашутам.

 

Адметнай для Міёршчыны ў гэтым плане з'яўляецца група "Мамочки города Миоры", размешчаная на сайце "Аднакласнікі". Узрост суполкі даволі паважаны — яна існуе з кастрычніка 2011. Аднак маладых маці, што ўваходзяць у яе склад, не так шмат — каля 150. Варта адзначыць, што ў аб'яднанне ўступілі і некалькі прадстаўнікоў моцнай палавіны чалавецтва, што, на нашу думку, павышае цікавасць да аб'яднання.

 

Наўскідку прагледзеўшы сцяну групы, можна з упэўненасцю сказаць, што арганізатары не падманулі — напаўненне поўнасцю адпавядае назве і мэтавай накіраванасці. Змешчаная тут інфармацыя сапраўды для мам і пра мам.

Пра тое, што такое быць маці, адміністратар групы Алена Конах ведае на ўласным вопыце — у яе двое дзяцей. У прыватнай тэлефоннай размове жанчына расказала, што задумка стварэння суполкі такога тыпу з'явілася ў яе, калі быў яшчэ маленькім сын.

— Я падумала, што маладым маці, асабліва калі дзіця першае, карысна было б больш узаемадзейнічаць паміж сабой, абменьвацца вопытам.

 

Добрая задума хутка была ўвасоблена ў жыццё.

— Напачатку ўдзельніцы былі больш актыўнымі, ішлі на кантакт у абмеркаваннях, абменьваліся фота, — расказвае Алена. — Але пазней іх энтузіязм пайшоў на спад. Зараз, на жаль, большасць матуль заходзіць толькі дзеля прагляду прапанавых на продаж рэчаў. А хацелася б, каб яны не трымаліся паасобку, а актыўней кантактавалі.

І сапраўды, праглядаючы сцяну, бачна, што на цікавыя прапановы падзяліцца вопытам — "Чым корміце сваё дзіця? Прапануйце цікавыя і смачныя рэцэпты", "Падкажыце спосабы барацьбы з дзіцячымі капрызамі", "Што рабіць, калі дзіця — алергік?", "Розніца ва ўзросце — адносіны паміж дзецьмі" — адклікаюцца адзінкі, а большасць з іх увогуле застаюцца незаўважанымі.

 

У адрозненні ад пасіўнасці пры абмеркаванні, значная актыўнасць праяўляецца ў вядзенні фотаальбомаў суполкі. Тут маладыя маці могуць сябе паказаць — "Матулі са сваімі крохамі", пахваліцца малышамі — "Нашы дзеткі", "Любыя дачушкі", "Мае самыя-самыя любімыя", і выкласці фота шчаслівага бацькі — "Нашы таты". Цікавы альбом "Захапленні нашых матуль": у ім кожная з удзельніц можа прадэманстраваць свае хобі — няхай гэта гатаванне ежы, вырошчванне кветак ці нават невялікі балконны агародчык.

Канешне, самы папулярны і запатрабаваны сярод усіх — альбом "Барахолка (куплю-прадам)". Тут прапаноўваецца амаль усё з арсеналу рэчаў, патрэбных для дзіцяці: пачынаючы ад вопраткі і заканчваючы каляскай. Шмат аб'яў падобнага роду змяшчаюць удзельніцы групы і на сцяне, асабліва калі неабходна тэрмінова прыдбаць пэўную рэч.

 

Такім чынам, суполка вельмі карысная і цікавая для ўсіх матуль горада. Шкада толькі, што не ўсе прапановы яе стваральніцы актыўна выкарыстоўваюць. Хочацца думаць, што ў хуткім часе ўдзельніцы групы пераключацца з абмену рэчамі на больш цеснае наладжванне кантакту адна з адной, што прынясе карысць не толькі маці, але і іх дзецям.

 

Падрыхтавала Арына БАРКОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.