Миоры в интернет-пространстве

Миоры в интернет-пространстве
Інтэрнэтам ужо даўно нікога не здзівіш і не ўразіш.
Ён неад'емная частка жыцця людзей ледзь не ўсіх узростаў. Моладзь жа даўно амаль увесь вольны час траціць на "завісанне" ў сацыяльных сетках. Нельга ўявіць сабе сучаснага маладога чалавека, чыя б старонка не была знойдзена "Вконтакте".

 

Вялікай папулярнасцю на сайце карыстаюцца так званыя групы — своеасаблівыя суполкі аднадумцаў, што аб'ядналіся па агульнасці поглядоў ці яшчэ якой-небудзь тыповай прыкмеце. Мяне, у сваю чаргу, зацікавілі прысвечаныя гораду Міёры і яго жыхарам. Пошукавік выдаў больш за дзясятак розных назваў груп. Што і казаць, прапанова яўна перавышае попыт. Каб звузіць кола пошукаў, я выбрала тыя, якія маюць большую колькасць падпісчыкаў (няхай прабачаць мяне адміністратары іншых аб'яднанняў).

 

Больш за дзве тысячы ўдзельнікаў налічвае група "Миоры". Запісы на сцяне задаволяць самыя розныя густы: тут размешчаны аб'явы пра культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, навіны краіны, апытанні, галасаванне за землякоў у тым ці іншым конкурсе. Зразумела, што большасць інфармацыі датычыцца Міёр. Змешчаны і шэраг фотаальбомаў, прысвечаных пэўным мясцінам, у тым ліку самому гораду, асобна вылучаны конкурсны альбом на лепшае фота. Нельга не адзначыць вялікую колькасць абмеркаванняў: "Лепшая школа ў горадзе", "Падзеі горада", "Летні адпачынак", "Дапамажыце знайсці сябра" і г.д. На жаль, стваральнік суполкі ў прыватнай гутарцы прызнаўся, што перастаў займацца сваім праектам і пакуль што вяртацца да былой дзейнасці не збіраецца.

 

Наступнай па колькасці ўдзельнікаў стала група "Это Миоры, детка!" — больш за тысячу падпісчыкаў. Інфармацыя, змешчаная на сцяне суполкі, разнапланавая: прыватныя аб'явы, паведамленні пра спартыўныя мерапрыемствы, кінаафіша, віншаванні з Днём нараджэння (што, на маю думку, вельмі прыемна імяніннікам), жартоўныя відэа і фота. Такім чынам, інфармацыйнае напаўненне радуе разнастайнасцю. Ёсць у групе і альбомы: "Футбол", "Баскетбол", фота саміх міярчан. Асобна хочацца вылучыць альбом "Міёры ў коміксах". У ім змешчаны цікавыя і трапныя аўтарскія жарты пра родны горад. Падпісчыкі актыўна каментуюць запісы, рэагуюць на тыя ці іншыя навіны. Група для жыхароў горада сапраўды цікавая.

 

Адміністратары суполкі "Миоры рулят" заклікаюць жыхароў і прыхільнікаў горада "не забывацца, адкуль мы родам". На шчыры прызыў адгукнулася не так шмат людзей, як у папярэдніх групах, аднак колькасць удзельнікаў таксама значная: каля тысячы чалавек. Асноўнае напаўненне сцяны—прыватныя аб'явы (купля і продаж) і шэраг паведамленняў пра культурныя мерапрыемствы Міёршчыны і суседніх раёнаў. Цікавасць могуць выклікаць альбомы, змешчаныя тут жа і прысвечаныя выключна гораду. Здымкі, дарэчы, добрыя і могуць зацікавіць тых, хто незнаёмы са славутасцямі Міёр. У цэлым, аднесці групу да "міёрскіх" складана: гэта, можа, і аб'яднанне міярчан, але акрамя паходжання яе ўдзельнікаў адметнага тут мала.

 

Як бачна, гарадскія групы маюць пэўную пашыранасць у сеціве і карыстаюцца пэўнай папулярнасцю. Прыемна, што іх стваральнікі — моладзь,  нераўнадушная да свайго горада і яго жыхароў. Гэта прыводзіць да думкі, што Міёрам у інтэрнэт прасторы — быць!

 

Арына БАРКОЎСКАЯ

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.