Беларусбанк падвёў вынікі

Банкаўская пластыкавая картка — гэта ўніверсальны інструмент, з дапамогай якога можна атрымаць заработную плату, пенсію, ажыццяўляць штомесячныя плацяжы і нават атрымліваць дадатковы працэнтны даход. Пры гэтым не трэба насіць з сабой вялікія сумы наяўных грошай.

Цяпер у арганізацыях гандлю і сервісу раёна ўстаноўлены 42 тэрміналы. Нядаўна мы наведалі адзін з такіх магазінаў у Дзісне — прадмаг №1 па вуліцы Юбілейнай, каб пазнаёміцца з пераможцамі спаборніцтва, якое праводзіла ААТ “ААБ Беларусбанк” паміж прадпрыемствамі гандлю сёлета з мая па жнівень. У ім удзельнічалі 16 магазінаў ПГУП “Міёрскі прадгандаль”, АЗС №45 і перагаворны пункт РУП “Белтэлекам”. Мэта спаборніцтваў — павышэнне маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці ў паляпшэнні абслугоўвання трымальнікаў картак, а таксама павелічэнне колькасці і аб’ёму безнаяўных аперацый.

Вынікі спаборніцтва падводзіла камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі “Беларусбанка” і райвыканкама. Пераможца вызначаўся па прыросту долі безнаяўнага абароту ў агульнай суме тавараабароту за тры месяцы. А найлепшых вынікаў, дзякуючы пакупнікам, дасягнулі Святлана Мікалаеўна Карніцкая, Таццяна Леанідаўна Бабака і Святлана Анатольеўна Саковіч менавіта з прадмага №1 Дзісны. Яны ўзнагароджаны ганаровымі прызамі “Беларусбанка”. Блізкія да перамогі былі АЗС №45 у Осцевічах і магазін “Ветэран” райцэнтра, што занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.

Мы дзякуем актыўным удзельнікам за супрацоўніцтва, а іх пакупнікам — за выкарыстанне пластыкавых картак пры здзяйсненні пакупак і аплаце паслуг.
ААТ “ААБ Беларусбанк” і ў далейшым плануе праводзіць розныя акцыі і спаборніцтвы сярод арганізацый і сваіх кліентаў — фізічных асоб. Падрабязнасці на сайце www.belarusbank.by.

Г. РУБАНІК,
спецыяліст аддзела
рознічнага бізнесу.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.