Первые шаги в будущее

2 жніўня ў райвыканкаме адбылася рабочая нарада па пытаннях пачатку будаўніцтва ў Міёрах металаперапрацоўчага завода. Раён на ёй прадстаўлялі старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў і яго намеснікі  Л. І. Лясовіч і А. І. Баданін, будучае прадпрыемства — дырэктар ТАА «ММПЗ-груп» С. Я. Чабуранаў, тэхнічны дырэктар У. І. Цішчанка, галоўны інжынер праекта і іншыя спецыялісты, праектанты. Пра саліднасць мерапрыемства і сур`ёзныя намеры дзяржаўных улад сведчылі ўдзел у мерапрыемстве намесніка начальніка камітэта эканомікі аблвыканкама, начальніка ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў К. Э. Чорнага, адказных работнікаў упраўлення капітальнага будаўніцтва аблвыканкама.

 

Мэтай пасяджэння было распрацаваць схему ўзаемадзеяння па рэалізацыі праекта будаўніцтва новага буйнога прадпрыемства ў Міёрах. Мяркуецца, што знешняя інфраструктура — гэта клопат дзяржавы, замежныя інвестары будуць укладваць свае сродкі непасрэдна ў завод. Каардынатарам праектавання дарог, электраліній, трубаправодаў, вадаводаў, сістэм сувязі і іншага выступае абласное УКБ. Яго прадстаўнікі запатрабавалі тэхнічныя ўмовы, каб даць заданні праектантам, зрабіць ацэнку кошту работ. Прадстаўнікі адміністрацыі будучага ММПЗ былі гатовы да такой размовы. Яна пачалася з патрэбы вытворчасці ў вадзе, газе, электраэнергіі, перайшла на кошт работ і іншае.

 

Просьба губернатара — пусціць завод у 2015 годзе. Ужо ў сярэдзіне жніўня ўсе пытанні будаўніцтва будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні. Вось таму так важна як мага хутчэй вызначыцца з цаной пытання.

Спецыялісты ўключыліся ў справу. Які магчымы вынік? З гэтым пытаннем звяртаюся да тэхнічнага дырэктара ММПЗ Уладзіміра Андрэевіча Цішчанкі. Гэта вопытны спецыяліст-металаперапрацоўшчык, бо прайшоў шлях ад зваршчыка да дырэктара металургічнай  вытворчасці на БМЗ, а яшчэ будаўнік, бо займаўся ўзвядзеннем магутнага пракатнага стана.

 

—Дзяржаве неабходна такая вытворчасць?

 

—У Міёрах плануецца выпускаць белую бляху электралітычнага луджэння для кансервавай прамысловасці, тары для фарбы і на іншыя мэты. Пакуль усю яе, а гадавая патрэба рэспублікі — 30 тысяч тон, Беларусь вымушана купляць у Казахстане і Расіі. Але там устарэлыя заводы і тэхналогіі, яны здольны забяспечваць таўшчыню металічнага ліста не менш за  0,16мм, а нам патрэбны ў 0,1. Ды яшчэ лепшая якасць металу і яго пакрыцця.

Тут плануецца вырабляць у год 150 тыс. т белай бляхі, што значна больш патрэб рэспублікі, аднак навокал рынак вялікі, ёсць попыт. Той жа Расіі штогод патрэбна 270 тыс. тон белай бляхі, 70% яе экспартуецца. Падобная сітуацыя ва Украіне.

Вось таму наш праект мае падтрымку ў Віцебску і Мінску.

 

Наколькі новая вытворчасць шкодная для навакольнага асяроддзя і людзей?

 

— У ёй выкарыстоўваюцца толькі жалеза, волава і электраліт. Ад салянай кіслаты мы адмовіліся, будзем працаваць з эмульсіямі, прыкладна такімі, якія выкарыстоўваюцца ў такарных станках.

Нагадаю, што наша прыродаахоўчае заканадаўства больш жорсткае, чым у ЕС, яго і прытрымліваемся. Тым больш, што разліву вадкага металу тут не будзе, а выкіды ў атмасферу—як ад звычайнай кацельні. Плануюцца магутныя ачысныя збудаванні, скіды якіх прыгодны для рыбагаспадарчага выкарыстання. Але вада ў навакольнае асяроддзе трапляць амаль не будзе, бо намячаецца яе выкарыстанне па замкнутаму і паўзамкнутаму контурах.

Вада — да 70 тон у гадзіну — неабходна для атрымання пары, разагрэў яе і металу будзе рабіцца прыродным газам. Існуючага гарадскога водазабору для нас малавата, таму шукаем дадатковыя крыніцы, імі могуць быць новыя артэзіянскія свідравіны і адкрытыя вадаёмы.

Для прыроднага газу пракладзем трубу да Чэрасаў. Чыгунку мяркуецца весці ад станцыі. Існуючую аўтамабільную дарогу абновім і прадоўжым. Значны аб”ём работ у энергетыкаў, бо давядзецца весці электралінію з Полацка, каб закальцаваць выкарыстоўваемую цяпер сетку.

 

Нібы ўсё прадугледжана, што непакоіць?

 

— Гэта кадры. Новая вытворчасць высокатэхналагічная. Для яе патрэбны інжынерна-тэхнічныя работнікі, якіх на месцы няма — металургі-пракатчыкі, спецыялісты па апрацоўцы ціскам тонкага ліста, інжынеры-хімікі, гальванікі, электрыкі, электроншчыкі, гідраўлікі...

З рабочых — вальцоўшчыкі, гальванікі, слесары розных напрамкаў, зваршчыкі, шліфоўшчыкі, аператары, токары, машыністы маставых кранаў і кацельняў, спецыялісты па вытворчасці сціснутага паветра і кіслароду.

Непасрэдна на заводзе і ў абслугоўваючых яго і дапаможных вытворчасцях будзе працаваць каля 500 чалавек. Іх будзем набіраць, падбіраць, запрашаць з іншых прадпрыемстваў, вучыць.

А пакуль  ідзе падрыхтоўчы этап збору тэхнічных умоў для інфраструктуры, ацэнкі планаў і магчымасцяў, праектавання непасрэдна завода, узгаднення ўсіх пытанняў з інвестарамі, праекціроўшчыкамі, будаўнікамі, гаспадарчымі суб`ектамі розных галін, уладнымі структурамі. Нарада ў Міёрах — адзін з такіх момантаў.

І разлічваем на поспех.

 

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.