Свята горада атрымалася мнагалюдным, яркім, запамінальным. На паўвостраве ў райцэнтры 30 чэрвеня сабраліся не толькі гараджане, сюды былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў і Дзісны. І для кожнага знайшоўся занятак.
Дзяцей чакаў сапраўдны гарадок забаў. Для дарослых спецыялісты Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў прапаноўвалі бяспройгрышную латарэю і безліч сувеніраў, цацак, розных вырабаў. Не міналі наведвальнікі прылаўкі народнага клуба майстроў "Святліца". Свае падзелкі прапаноўваў аддзел адукацыі, сувеніры — тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут жа побач размясціліся рамеснікі з Полацка. Так, Ніна Іванаўна Стадольская прапаноўвала рэчы са скуры. У Васіля Рыгоравіча Аляксеева можна было набыць прадукцыю пчалярства: мёд, пяргу, кветкавую пыльцу, пропаліс, усё прыгожа расфасаванае. А яшчэ-фігуры з воску.
Не першы раз прывозіць у Міёры мэблю з лазы браслаўчанін Сяргей Уладзіміравіч Лук`янец, майстар саюза мастакоў з 1992 года.
Нельга было не спыніцца ля карцін, створаных мастакамі Фаінай Канстанцінаўнай Шугальскай, Аленай Сяргееўнай Стаўскай і асабліва-Тамарай Міхайлаўнай Масленік.
Пастаянна былі чэргі ля павільёнаў райпа, хлебазавода, мясакамбіната, прадпрымальнікаў. Яны прапаноўвалі вырабы на розны густ і смак. І як не сказаць пра "Гасцёўню", што традыцыйна рыхтуюць бібліятэчныя работнікі. Аб многім гавораць самі назвы смакаты: "Забалоцкі пачастунак", пачастункі Дварнасельскі, Даўгінаўскі, ад Таццяны, запяканка ад Надзеі, пірог "Сонейка", торт "Фантазія", "Дзісенскія каштаны", закуска "Сыты бацька", "Заморскія прысмакі па-туркоўску", цвецінскі "Каўбасны фрэгат"… Ды яшчэ нешта спакуслівае ў графінчыках і бутэлечках. Адным словам, утрымацца немагчыма.
Між тым, гледачы паступова займалі лаўкі ў "глядзельнай зале" пад адкрытым небам. Праграму свята горада пачаў танцавальны гурт. І вось на сцэну запрашаюць пераможцаў раённага спаборніцтва на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторый, аб'ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння жылога сектара. Граматы ім уручае старшыня раённага выканаўчага камітэта І. В. Кузняцоў. Прыемным дапаўненнем да гэтых узнагарод сталі каштоўныя прызы — дываны розных колераў і памераў. У заключэнне Ігар Валер'евіч сардэчна дзякуе жыхарам райцэнтра, Дзісны і сельскіх населеных пунктаў за клопаты пра сваё жыллё, сядзібы, двары, грамадскія ўстановы. Зроблена многае, але Міёршчына павінна стаць яшчэ больш прыгожай і ўтульнай, асабліва ў час падрыхтоўкі да 500-годдзя першага пісьмовага ўпамінання ў гістарычных крыніцах назвы нашага райцэнтра.
Намеснік старшыні райвыканкама Марыя Мікалаеўна Баніфатава працягвае цырымонію ўручэннем узнагарод пераможцам раённага агляду мастацкай самадзейнасці «Звіняць ручайком песні нашай зямлі» — калектывам, установам і выканаўцам. Менавіта яны і становяцца гаспадарамі сцэны. Справаздачны канцэрт стаў яркай падзеяй свята горада.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.