“Дажынкі” ў Расонах

“Дажынкі” ў Расонах2 кастрычніка прадстаўнічая дэлегацыя работнікаў сельскай гаспадаркі Міёршчыны прыняла ўдзел у абласных “Дажынках”, якія праходзілі ў Расонах. Свята адчувалася ўжо на граніцы раёна: гаспадары гасцінна сустракалі хлебам-соллю гасцей з усёй Віцебшчыны. Расоны было не пазнаць. Самы маленькі раённы цэнтр вобласці набыў новы выгляд, расквеціўся святочнымі фарбамі. На ўсіх вуліцах і плошчах былі аформлены стэнды і прылаўкі, па якіх можна было меркаваць пра дасягненні працаўнікоў Віцебшчыны, набыць тавары і сувеніры на любы густ. Сярод іх пачэснае месца займалі народныя майстры з Міёр і Дзісны, сваё падвор’е аформіў мясакамбінат.

Да слова сказаць, на святочныя мерапрыемствы скіраваліся кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, якія найбольш паспяхова заканчваюць комплекс восеньскіх работ. Вось СВК “Папшулі” закончыў сяўбу азімых, убіраў кукурузу. Старшыня В. А. Кухцінскі падкрэсліў, што атрыманы добры ўраджай зялёнай масы—па 318 цэнтнераў з гектара. Гэта дазволіла значна папоўніць запасы кармоў. На кормавытворчасці старанна працаваў на КВК-800 Анатоль Фёдаравіч Морхат, на сяўбе—Іван Мікалаевіч Талапіла, на ворыве—Генадзь Мікалаевіч Нарэйка. У добрай арганізацыі работ заслуга галоўнага агранома Марыі Мікалаеўны Бічанінай і галоўнага інжынера Часлава Медардавіча Храла. А асноўная праблема цяпер—падтрыманне надояў.

У СВК “Мікалаёўскі” нядрэнна ўрадзіла бульба, дробных клубняў амаль няма. Кіраўнік гаспадаркі А. М. Кудрашоў задаволены попытам на іх. На бульбяных палетках добра папрацаваў Аляксандр Іванавіч Кучынскі. А яшчэ ён старанны камбайнер, вадзіцель на падвозцы насення. Шчыравалі сеяльшчыкі Пётр Мікалаевіч Станкевіч і Пётр Пятровіч Зубко: удваіх яны пасеялі ўсе 680 гектараў азіміны. Рыхтаваў для іх глебу Міхаіл Аляксандравіч Шкялёнак.

“Дажынкі” ў РасонахСВК “Цітова” на свяце прадстаўляў галоўны аграном Аляксей Леанідавіч Лаўрыновіч. Ён задаволены ўраджаем кукурузы і бульбы, своечасовым заканчэннем іншых работ. Адзначыў выдатную працу трактарыста Сцяпана Сцяпанавіча Станкевіча. Сеяў і ўбіраў збожжавыя Анатоль Паўлавіч Сачыўка, займаўся ўборкай кукурузы і араў глебу Уладзімір Сямёнавіч Нядзвецкі.

У святочных калонах па вуліцах Расон прайшлі вось такія выдатныя працаўнікі з усіх раёнаў вобласці. Да іх са словам прывітання звярнуўся старшыня аблвыканкама А. М. Косінец. Ён адзначыў як галоўнае дасягненне захаванне вёскі, стварэнне базы для далейшага развіцця Віцебшчыны. А гэта ўладкаванне аграгарадкоў, узвядзенне жывёлагадоўчых комплексаў, тэхнічнае пераўзбраенне, будаўніцтва жылля і стварэнне належных умоў для вяскоўцаў.

Сёлетняе жніво было не простым, надвор’е не дазволіла сабраць запланаваны ўраджай, але дзяржзаказ выкананы, дастаткова насення для будучага ўраджаю. Старанна папрацавалі льнаводы, створаны належныя запасы кармоў. А задача аграрыяў у будучай пяцігодцы—падвоіць вытворчасць сельгаспрадукцыі, забяспечыць яе рэнтабельнасць. Для гэтага многае ўжо зроблена: па тэхналогіі пасеяны азімыя.

Пасля ўшанавання пераможцаў абласнога спаборніцтва пачаўся вялікі святочны канцэрт. Дапазна над Расонамі гучала музыка.

Л. АЛЯКСАНДРАЎ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.