Дел много

Дел много Работнікі Міёрскага ПМС цяпер вядуць рэканструкцыю меліярацыйных сістэм "Кацілава-Трубінец" у ААТ "Пад'ельцы", "Кутузава" і "Мічурына" ў ААТ "Чаромушкі-Агра ", выконваюць рамонтныя работы на меліярацыйных сістэмах "Белеўцы" ў ААТ "Наўгароды", "Новіцкая" ў ВУПКУ "Міёрскі". А яшчэ пастаянна дапамаюць гаспадаркам раёна на пасяўной і жніве, вывозяць ад ферм на палеткі арганіку, будуюць дарогі, добраўпарадкоўваюць населеныя пункты, зносяць непатрэбныя будынкі, пракладваюць сеткі водазабеспячэння і каналізацыі. Будаўнічае падраздзяленне займаецца ўзвядзеннем аб'ектаў прамыслова-грамадзянскага прызначэння.

 

У адпаведнасці з праграмай "Захаванне і выкарыстанне меліяраваных земляў на 2011-2015 гады"  прадпрыемства павінна палепшыць угоддзі на 3457 гектарах, новае асушванне правесці на 225 га.

На выкананне заданняў гэтага года выдзелена 18,7 млрд. руб., у тым ліку рэспубліканскім бюджэтам — 8,4 мільярда, абласным — 10,3 млрд. На гэтыя сродкі правядзём рэканструкцыю меліярацыйных сістэм на 1056 га. Сітуацыя ўскладняецца кароткімі тэрмінамі. А неабходна прамыць дрэнаж, выкарчаваць хмызняк, пакласці новы дрэнаж, вычысціць каналы і своечасова аддаць зямлю пад сяўбу аграрыям.

 

Летась мы набылі два новыя экскаватары ЭО-3223 і столькі ж бульдозераў на базе трактароў МТЗ-1502 і Б-10. І сёлета плануем папоўніць  машынна-трактарны парк новай тэхнікай. Найбольш востра стаіць пытанне з абнаўленнем экскаватараў ЭТЦ-202, якія ў свой час выпускаліся ў Эстонскай ССР. Гэтая тэхніка ў нас практычна цалкам зношаная. Горш за ўсё тое, што аналагаў такой тэхнікі на прасторах СНД пакуль не вырабляецца. У 2013 годзе плануецца выпуск эксперыментальных мадэляў на Коханаўскім экскаватарным заводзе. Аднак, шчыра кажучы, айчынная тэхніка па сваёй якасці далёкая ад ідэалу. Частыя прастоі з-за паломак новых машын выбіваюць нас з графікаў работы. "Кульгае" і сэрвіснае гарантыйнае абслугоўванне тэхнікі, з-за дробных паломак прастойваем па 2 тыдні.

 

 Сярэдняспісавая колькасць работнікаў цяпер складае 100 чалавек. З пачаткам будаўнічага сезона гэтага нам не хапае, адчуваецца востры кадравы дэфіцыт. Таму сустракаемся з выпускнікамі школ, выдаём ім накіраванні на навучанне, размяшчаем аб'явы ў СМІ, прапануем курсы павышэння кваліфікацыі і г.д. Аднак, адток кадраў—гэта бяда не толькі нашага прадпрыемства. Праблема ўзнікае з-за невысокай заработнай платы. Тым не менш, наша ПМС жыве і развіваецца. За 2012 год атрымалі прыбытку 410 млн. руб., рэнтабельнасць склала 2,3%, рэальны рост заработнай платы за мінулы год склаў 195,7%. Радуе і тое, што захоўваецца касцяк высокапрафесіянальных спецыялістаў, якія могуць і хочуць працаваць. У гэтым ліку Валерый Валенцік, Леанід Мурзіч, Сяргей Шокель, Мікалай Лаўрыновіч, Аляксандр Качан, Міледзій Мацюк, Сяргей Шук, Тадэвуш Рудзь, Аляксей Шынкевіч, Аляксандр Шук, Васіль Ольшаўскіс і многія іншыя.

 

Найбольш добрасумленныя работнікі штогод заахвочваюцца граматамі і каштоўнымі падарункамі. Званне "Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь" прысвоена Уладзіміру Нікалаёнку, Уладзіміру Паўлаву, Мікалаю Епіфанаву.

Віншую ўсіх калег з прафесійным святам, жадаю плённай працы на роднай зямлі, здароўя, шчасця на доўгія гады ўсім, хто справай свайго жыцця лічыць меліярацыю.

 

А. ЖУРАЎСКІ,

 галоўны інжынер.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.