Верните, пожалуйста, поезд!

28 мая ў райвыканкаме вёў прыём грамадзян першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ Аляксандр Аляксандравіч Церахаў. Ён адзначыў неабходнасць фарміравання ў чалавека адказнасці не толькі за сваю кватэру, а за жыллёвы фонд увогуле. У асабістых дамах ніхто нікому не робіць бясплатна рамонт, а некаторыя жыхары кватэр толькі гэтага і чакаюць. Трэба выпрацоўваць у людзей правільнае меркаванне наконт дадзенай тэмы. Кожны сам нясе адказнасць за сваё жыллё.

 

Зваротаў да намесніка Міністра было няшмат. Значыць, мясцовая ўлада добра спраўляецца са сваімі абавязкамі і большасць пытанняў хутка вырашаецца. У асноўным людзей непакоіць адмена маршруту цягніка Друя-Мінск. Міярчане скардзіліся, што цяпер вельмі складана трапіць у сталіцу без перасадкі ў Круляўшчызне. Праблема і ў тым, што яшчэ раней перастаў хадзіць аўтобус на Мінск, таму дабірацца на вучобу студэнтам ды і іншым трапіць у сталіцу стала цяжэй. І кошт праезду на цягніку амаль у два разы меншы, чым на аўтобусе. Няма папярэдняга продажу білетаў. Было пытанне і наконт іх электроннага браніравання. Намеснік міністра паабяцаў ва ўсім разабрацца.

 

На пытанне, як будзе доўжыцца прыватызацыя Аляксандр Аляксандравіч адказаў, што ўвесь жыллёвы фонд, акрамя сацыяльнага, плануецца перавесці ў арэнднае жыллё. За яго адразу неабходна заплаціць 10% кошту, а астатні выплачваць 40 гадоў роўнымі долямі. Хаця дакумент аб тым яшчэ не прыняты.

 

Жанчыны пахвалілі работу УП "Міёрскае ЖКГ". Карыстаючыся выпадкам, паведамілі пра тое, што хацелася б мець гарачую ваду дома і летам, бо ў многіх узнікаюць праблемы з бойлерамі, даводзіцца шмат плаціць за электраэнергію. Аляксандр Аляксандравіч хутка падлічыў, колькі каштуе выкарыстанне бойлера і цану вады — атрымалася амаль аднолькава. Грунтоўны адказ даў начальнік УП ЖКГ Уладзімір Іванавіч Мяцеліца.

 

Да намесніка міністра звярнулася міярчанка, якая жыве ў доме, што 3 гады назад прызнаны аварыйным (65% зносу). Ёй прапаноўвалі крэдыт на рамонт — 30 мільёнаў пад 3%! Аднак яна ўпэўнена заявіла, што гэтага не хопіць, каб прывесці ў парадак жыллё. Параілі будаваць кватэру, якраз можна ўзяць крэдыт пад 1%. Заробак у жанчыны невялікі, таму адмовілася. Аднак бясплатнага жылля не будзе. А яшчэ можа здарыцца, што пасля рамонту праз некаторы час дом знясуць. Спецыялісты райвыканкама А. А. Колесава і В. А. Ярахновіч патлумачылі, што ў бліжэйшы час ніякай рэканструкцыі або зносу дамоў у цэнтры горада не плануецца. Жанчыне параілі шукаць для сябе прымальны варыянт з тых, што былі прапанаваны.

У правядзенні прыёму наведвальнікаў удзельнічаў начальнік упраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Адамавіч Дзядзёла.

 

Алена ВАРОНІНА.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.