Развітанне з зімой у жыхароў райцэнтра 3 сакавіка адбылося халоднае: ішоў снег, потым узмацніўся вецер і прымаразіла. Аднак гэта не перашкодзіла бойкаму гандлю ў палатках індывідуальных прадпрымальнікаў, у павільёнах райпа і прамысловых прадпрыемстваў. Карысталіся попытам шашлык, гарачыя бліны і іншая смаката, якія падрыхтавалі спецыялісты спажыўтаварыства. Хлебазавод прапаноўваў гарачыя піражкі.
Мясакамбінат здзівіў пакупнікоў каўбасой неверагодных памераў. Вось толькі мала пакупнікоў было ля машыны з ААТ "Пад'ельцы", з якой прадавалі зерне пшаніцы, зусім не карысталіся попытам маладыя курачкі.
Роўна ў 10 гадзін забаўляльную праграму пачалі культработнікі на сцэне ля РДК. Па традыцыі было спалена пудзіла Зімы. Удзельнікаў прыцягвалі бяспройгрышныя латарэі. Юных спартсменаў прывабіла спаборніцтва на санках. Папулярнай сёлета аказалася падлёдная лоўля рыбы. У ёй прыняло ўдзел 17 аматараў з ААТ "Чэрасы", "Мерыца", ДРБУ-203, УП ЖКГ, РАНС, "Рамонтніка" і іншых калектываў. Пераможцаў вызначалі не толькі па ўлову, але і па конкурсе знаўцаў рыбалавецкай справы. Дарэчы, сама больш рыбы налавілі Аляксандр Рынкевіч, Валерый Федуковіч, Валянцін Адамовіч — 590-520 грамаў. А пры аб'яднанні ўсіх паказчыкаў прызавыя асабістыя месцы размеркаваліся наступным чынам: па велічыні ўлову вызначыўся Аляксандр Жабёнак з РАНСа, у яго ж аказалася і самая вялікая рыбіна, у Аляксандра Рынкевіча была самая маленькая, сама лепш на тэарэтычныя пытанні адказваў Валянцін Адамовіч з ААТ "Мерыца". У камандным заліку лепшых поспехаў дабіліся рыбаловы РАНС, за імі ідуць ДРБУ-203 і "Рамонтнік". Яны адзначаны граматамі і падарункамі ад раённай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў. А павары кафэ "Чайка" падрыхтавалі для іх гарачую юшку.
Свята працягвалася на сцэне РДК, дзе з поспехам выступілі самадзейныя артысты УП ЖКГ, гаргазу, санаторыя "Расінка", райбальніцы і іншыя.
Л. МАТЭЛЕНАК.