Славаміра Даргеля нашы чытачы ведаюць па публікацыях у раёнцы. Аўтара прыцягвае ваенная тэматыка, сельскае жыццё, тэма роднай прыроды. Удала атрымліваюцца і гумарыстычныя апавяданні. А напрыканцы 2012 года выйшаў яго новы зборнік "Зямное шчасце". Гэта дэбют аўтара ў прозе. Атрымалася выдатна. З вялікай цікавасцю даведваешся пра родную вёсачку пісьменніка, гістарычныя вехі. Закрануў аўтар тут і ваенную тэматыку, яго аповеды насычаны фактамі і ўспамінамі, яны шчырыя і ідуць ад душы, надоўга застаюцца ў памяці.
Славамір Рыгоравіч Даргель нарадзіўся ў вёсцы Белеўцы Міёрскага раёна ў сялянскай сям'і. Усё жыццё яго бацькі працавалі на зямлі, чаму навучылі і сына, а яшчэ-любіць яе, паважаць працу чалавека.
Працоўны шлях Славаміра Даргеля пачаўся ў 11 гадоў. Хлопчык дапамагаў бацьку акучваць кукурузу, як казалі тады, «каралеву палёў».
— Да гэтай пары памятаю свой першы заробак — 45 працадзён. Шчасцю майму не было межаў.
Закончыўшы школу, паўгода працаваў у роднай школе настаўнікам фізкультуры. Потым служыў у арміі, стаў танкістам. Як успамінае мужчына, гэта была сапраўдная школа жыцця, якую ён раіць прайсці кожнаму. Пасля трапіў у міліцыю, вучыўся ў БДУ імя У. І. Леніна на юрыдычным факультэце. Працаваў юрысконсультам у арганізацыях Мінска.
Зараз Славамір Рыгоравіч на пенсіі, але работу не кідае.
Займацца літаратурнай дзейнасцю С. Р. Даргель пачаў яшчэ ў школе, у арміі працягваў гэтым захапляцца. Друкаваўся ў раёнцы і армейскай газеце.
Дарэчы, набыць зборнікі Славаміра Даргеля "Зямное шчасце" і "Проза жыцця"можна ў кнігарні райцэнтра.
Алена ВАРОНІНА.