Шикарный магазин

Шикарный магазин У 14 гадзін 18 лютага пасля працяглага рамонту адчыніў для пакупнікоў дзверы прадуктовы "кіраўскі" магазін у райцэнтры, які пасля абнаўлення атрымаў назву "Родны кут".

 

На знешнюю і ўнутраную рэканструкцыю будынка спатрэбілася 1,5 года, аднак і ў гэты час гандлёвая ўстанова працягвала абслугоўваць пакупнікоў. Спажыўтаварыства праводзіла ўсе работы ўласнымі сіламі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райпа па інвестыцыях і тэхнічных пытаннях Дзяніса Віктаравіча Бялова, у абавязкі якога ўваходзяць таксама пытанні будаўніцтва. На работы выкарыстана больш за 600 млн. рублёў, яшчэ 800 мільёнаў выдаткавана на абсталяванне. А яго ўстаноўка не закончана поўнасцю. У бліжэйшы час тут з'явіцца счытвальнік на абедзвюх касах, што істотна павялічыць хуткасць разлікаў за пакупкі, наладзіцца відэаназіранне і іншае. Аднак і цяпер першае ўражанне наведвальнікаў станоўчае — у нашым райцэнтры з'явіўся шыкоўны, сучасны магазін. На яго паліцах, у вітрынах выстаўлена тавараў больш за 3000 найменняў. Указальнікі пад столлю дапамагаюць знайсці патрэбнае.

 

Шикарный магазин Першых пакупнікоў "Роднага кута" гасцінна сустракалі спецыялісты райспажыўтаварыства, а прадаўцы падрыхтавалі для іх падарункі. Старшыня райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў і кіраўнік райпа Святлана Дзмітрыеўна Лясовіч перарэзалі традыцыйную чырвоную стужку. Пры гэтым завязалася нефармальная гутарка з наведвальнікамі. Вядома, пакупнікоў у першую чаргу цікавілі цэны — ці будуць яны ніжэйшымі? Але ці магчыма гэта, калі ў рэканструкцыю ўкладзена ледзь не 1,5 мільярда рублёў?! Сродкі павінны акупіцца павышаным тавараабаротам. У той жа час магазін будзе прадастаўляць ільготы пайшчыкам, а гэта зніжэнне цэн на прадуктовыя тавары на 9%, а на прамысловыя — 16,67%.

 

Зноў пытанне: а чаму б не разгарнуць у райцэнтры сістэму "Еўраопту", дзе тавары больш танныя? Аднак вопыт суседзяў сведчыць, што цэны ў гандлёвых установах "Еўраопту" ніжэйшыя толькі на час, які патрэбны, каб "расправіцца" з канкурэнтамі. Да таго ж, гэтая сістэма хоча захапіць адзін горад, а вёска яму не патрэбна.

Атрымліваецца, што такое суседства небяспечнае для іншых прадпрымальнікаў і для райпа, якое з'яўляецца самай магутнай на Міёршчыне гандлёвай арганізацыяй. Яно забяспечвае работай 424 чалавек, яго аўтамагазіны абслугоўваюць больш за 3600 сяльчан, падаткі ў раённы бюджэт перавышаюць 3 мільярды рублёў, бо райспажыўтаварыства адзін з самых значных падаткаплацельшчыкаў у раёне. Вось гэтую сістэму "Еўраопт" можа разбурыць.

 

А потым пачалося знаёмства з абноўленым магазінам, пакупнікі пачалі выбіраць тавары. Гандаль пайшоў.

Застаецца сказаць, што "Родны кут" працуе з 8 да 22 гадзін без перапынкаў. Пад кіраўніцтвам загадчыцы Ірыны Вітальеўны Шпакавай абяцаюць хутка і ветліва абслугоўваць пакупнікоў 6 прадаўцоў. Пераканайцеся ў гэтым!

 

Л. МАТЭЛЕНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.