Миорщина получила новый мобильный медпункт
gazeta 29-12-2025, 16:16 5 200 Навіны
Першы перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт «МАЗ», абсталяваны ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі, з’явіўся ў цэнтральнай раённай бальніцы. Таксама аўтапарк папоўнілі два легкавыя аўтамабілі «Лада-Ларгус». Гэта стала падарункам да Новага года і яшчэ адным крокам да павышэння даступнасці медыцынскай дапамогі для сельскіх жыхароў.
Ключы і сертыфікаты на новую тэхніку напярэдадні Новага года ўручыў намесніку галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы Марыі Северыной кіраўнік раёна Аляксандр Ярахновіч. Выказаў упэўненасць, што перасоўны ФАП павысіць даступнасць медыцынскай дапамогі для жыхароў сельскай мясцовасці і падкрэсліў, што раённая бальніца забяспечана ўсім неабходным. Самае галоўнае ў гэтай сферы – калектыў, які прафесійна выконвае свае абавязкі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба адзначыў, што атрыманне новай тэхнікі з’яўляецца прамым выкананнем даручэнняў Прэзідэнта. У цэнтры сацыяльнай палітыкі дзяржавы стаіць клопат пра людзей. За апошнія сорак гадоў сетка стацыянарных фельчарска-акушэрскіх пунктаў у раёне захавалася амаль на ранейшым узроўні, хаця колькасць насельніцтва значна зменшылася, падкрэсліў Валерый Анатольевіч.
Пра значэнне новай тэхнікі для раённай бальніцы і пра вынікі года пагутарылі з намеснікам галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай частцы Марыяй Северыной.
– Мабільны медпункт на колах будзем дастаўляць у населеныя пункты, дзе побач няма ФАПаў і амбулаторый, жыхарам якіх далёка дабірацца да паліклінікі. Працаваць на ім будуць вадзіцель Вадзім Лакотка, фельчар Фаіна Савейка і медсястра Алеся Вішнеўская. Вяскоўцаў змо- гуць агледзець на гінекалагічным крэсле, узяць мазкі і аналізы, зрабіць ЭКГ, вымераць ціск і вочнае дно, прызначыць лячэнне і пры неабходнасці адправіць да вузкага спецыяліста, – тлума- чыць Марыя Валер’еўна. – Калі параўноўваць з бліжэйшымі краінамі, то ў Беларусі вельмі высокая даступнасць медыцынскай дапамогі. Кожны жыхар можа выканаць любыя працэдуру ці аналіз бясплатна. Чэргі невялікія, што кантралюецца дзяржавай. І з кожным годам даступнасць медыцынскай дапамогі расце.
Колькі ўстаноў аховы здароўя і медыцынскіх работнікаў прадастаўляюць паслугі жыхарам Міёршчыны.
– Ахова здароўя прадстаўлена раённай бальніцай, Дзісненскай бальніцай сястрынскага догляду, чатырма амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі і 23 ФАПамі. Аказва- юць медыцынскую дапамогу ад 89 чалавек Камянполлеўскі да 579 – Чэраскі.
У штаце ЦРБ 485 чалавек, з якіх 49 – урачы, 215 – сярэдні медыцынскі персанал. Сёлета калектыў папоўнілі восем маладых спецыялістаў, у тым ліку два ўрачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі, тэрапеўт і пяць сярэдніх медработнікаў. Укамплектаванасць па занятых пасадах урачоў дасягае 95,6 %, па фізічных асобах – 70 %. У наступным годзе да работы плануюць прыступіць яшчэ тры маладыя спецыялісты – урачы агульнай практыкі і хірург.
Здаровая нацыя – залог устойлівага і паспяховага развіцця краіны. А яе будучыня – моладзь. Што прадпрымаецца ў гэтым накірунку.
– Здароўю непаўналетніх надаецца асаблівая ўвага. За адзінаццаць месяцаў 2025 года дыспансерызацыяй ахоплена 97,8 % дзіцячага насельніцтва. Усяго на Міёршчыне пражывае 2 735 малых. Дарэчы, напярэдадні каталіцкіх Каляд у акушэрскім аддзяленні прынялі 90-я роды з пачатку года, гэта цудоўны паказчык. З’явіўся на свет здаровы хлопчык.
Якім чынам сёлета ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя.
– Набыты ўльтрагукавы датчык для гінекалагічных ультрагукавых даследаванняў, абноўлены апараты ЭКГ на ўсіх 23 ФАПах, уведзены ў эксплуатацыю аўтаматызаванае рабочае месца ўрача-афтальмолага і аналізатар аўдыялагічны. Атрымалі апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа, плануецца пакупка двух аўтамабіляў насілачных. Праведзены бягучыя рамонты: 11 ФАПаў абсталяваны сістэмай водаадвядзення, на пяці пячное ацяпленне заменена на аўтаномнае. Завершаны бягучы рамонт у паліклініцы. Са сродкаў раённага бюджэту закуплены апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, два апараты для фізіятэрапіі, 26 апаратаў для вымярэння ўнутрывочнага ціску, два ЭКГ-апараты. Аўтапарк папоўніўся легкавым аўтамабілем Джылі-Эмгранд.
Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя паляпшаецца, што станоўча адбіваецца на ўзроўні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У наступным годзе гэтая работа прадоўжыцца.
Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.





